У расейскіх калоніях набіраюць зняволеных для ўдзелу ў вайне супраць Украіны


Расейскія ўлады збіраюцца накіроўваць на вайну супраць Украіны вязняў. Пра гэта паведамляюць праект для абароны правоў вязняў Gulagu.net і выданне «Важные истории».

Gulagu.net атрымаў інфармацыю пра тое, што ў расейскае войска набіраюць зняволеных Ніжагародскай вобласці, Краснадарскага краю і Мардовіі. Напрыклад, з папраўчай калоніі (ПК) № 5 Ніжагародскай вобласці 6 ліпеня забралі 10 чалавек.

«Ва ўстановы Федэральнай службы выканання пакаранняў Мардовіі таксама прыязджалі нейкія людзі «ў цывільным», выклікалі тых, хто мае баявы досвед, прапаноўвалі ехаць ваяваць. З ПК-7 дакладна пакуль нікога не забралі, з іншых установаў вывезлі па 3–5 экс-вайскоўцаў. У ПК-1 УФСВП Краснадарскага краю вярбуюць для вайны зняволеных у любым веку», – паведамляе Gulagu.net.

Раней незалежнае выданне «Важные истории» паведаміла, што зняволеным ПК-7 «Ябланеўка» і ПК-6 «Абухава» ў Санкт-Пецярбурзе прапанавалі ехаць ваяваць у Данбас у складзе ПВК Вагнэра. За паўгода службы вязням абяцаюць выплаціць 200 тыс. расейскіх рублёў і амніставаць (калі яны выжывуць).

Аналітыка
Новыя лічбы вайны: якія страты зазналі Украіна і Расея
2022.06.06 19:22

Пра гэта журналістам расказалі сваякі вязняў. Паводле іх, у калонію «Ябланеўка» прыехалі «правяральнікі», яны выступалі перад зняволенымі і заклікалі «абараняць Радзіму». Потым з асуджанымі праводзілі працу на ўзроўні старшынаў атрадаў.

«Майму сваяку казалі так: «Там нацыстаў вельмі складана выяўляць і яны вельмі добра падрыхтаваныя. Вы будзеце ісці ў авангардзе, дапамагаць выяўляць нацыстаў, таму вернуцца далёка не ўсе». Спачатку казалі, што вернуцца каля 20 %. Потым – што «амаль ніхто не вернецца». Тым, хто выжыве, абяцаюць узнагароду 200 тысяч рублёў і амністыю. А калі загіне, абяцаюць выплаціць сямʼі 5 мільёнаў рублёў. Гэта ўсё толькі на словах, на паперы нідзе зафіксавана не будзе», – распавёў адзін з суразмоўцаў выдання.

Паводле інфармацыі выдання, 40 зняволеных ПК «Ябланёўка» былі вывезеныя ў Растоўскую вобласць, а з ПК «Абухава» вывезлі 11 асобаў.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра бітву за Данбас: ці перамагае Расея і чаго чакаць далей?
2022.07.08 17:10

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў