Заснавальнік «BYPOL» Андрэй Астаповіч пра канфлікт у арганізацыі: «Ні на чыім баку выступаць не буду»


Канфлікт у арганізацыі беларускіх экс-сілавікоў «BYPOL» набірае абароты. Абвінавачванні ў фінансавых махінацыях і адмаўленне ад праходжання паліграфу чальцоў аб’яднання выклікаюць бурныя абмеркаванні ў сацыяльных сетках. Хто вінаваты ў гэтым канфлікце і да чаго ён прывядзе, у жывым эфіры «Белсат» нам распавёў былы следчы, адзін з заснавальнікаў «BYPOL» Андрэй Астаповіч.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

Асацыяцыя «BYPOL» была створаная ў час пратэстаў 2020 года сілавікамі, якія адмовіліся падтрымліваць рэжым Лукашэнкі і рэпрэсіі супраць свайго народу. Яны ўзялі на сябе абавязак расследаваць злачынствы дзейнай улады і публікаваць вынікі гэтых расследаванняў мовай, зразумелай кожнаму. Каардынатарам ініцыятывы тады назвалі Андрэя Астаповіча. А ўжо ў жніўні 2022 года, пасля ягонага сыходу, калі было аб’яўлена пра стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету, прадстаўніка «BYPOL» Аляксандра Азарава Святлана Ціханоўская прызначыла адказным у пытаннях аднаўлення правапарадку, так званым «міністрам унутраных справаў».

«Мы першапачаткова стваралі не вертыкальную сістэму, а гарызантальную. Таму што аказваючы ціск на аднаго супрацоўніка, яго можна было завербаваць – і ўсё гэта разваліць. Гэта рабілася з такімі мэтамі бяспекі, з другімі – гэта асабістыя амбіцыі кожнага чалавека. Самі разумееце, супрацоўнікі органаў унутраных справаў у грошах не купаліся ў Беларусі ніколі. Вялізарная ўлада і грошы могуць знесці дах любому», – распавядае Андрэй Астаповіч, падкрэсліваючы, што ніякай іерархіі і пасадаў тыпу «кіраўнік» у арганізацыі не было ніколі. Таму ён здзіўлены гэтай дыктатуры, якую разгарнулі з часам.

Былыя следчыя Андрэй Астаповіч і Ігар Лобан, былы супрацоўнік наркакантролю Мацвей Купрэйчык, былы аператыўнік крымінальнага вышуку Уладзімір Жыгар (усе – справа) на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай. Варшава, Польшча. 20 кастрычніка 2020 года.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Што ж байполаўцы не падзялілі? Днём 8 чэрвеня Аляксандр Азараў запісаў відэазварот, у якім заявіў, што Мацвей Купрэйчык, яшчэ адна публічная асоба арганізацыі, а таксама «група асобаў» адмовіліся праходзіць паліграф, праз што іх звольнілі. У сваю чаргу Купрэйчык забраў доступ да акаўнтаў арганізацыі на Youtube і ў сацсетках. Пазней у Telegram-канале «BYPOL» з’явіўся пост, у якім сцвярджаецца, што Азараў і сузаснавальнік фонду Лупаносаў адмовіліся прадставіць фінансавую справаздачу, і за гэта былі выключаныя з аб’яднання.

«Ні на чыім баку я выступаць тут не буду. Магу сказаць адно, што ў гэтай сітуацыі я дакладна супраць Азарава. Але ці гатовы я падтрымаць супрацьлеглы бок, ці мірнае… Хаця мірна тут ужо ніяк не атрымаецца. Асноўны аргумент гэтага – тое, што такі чалавек не павінен мець хоць нейкі шанец на рэалізацыю сваіх палітычных амбіцыяў. Таму што ён – Лукашэнка нумар два. Па ўсім, што я ведаю. Так, шмат хто можа сказаць, што ў мяне вопыт невялікі працы ў следстве, але, у прынцыпе, за 6 год працы там, за выкананую работу тут, я лічу, што ў мяне вопыту хопіць, каб зразумець, хто ёсць чалавек. І па ўсіх паказніках ён такі ж чалавек: ён так жа пасунуў усіх канкурэнтаў па адным схаванымі маніпуляцыямі, нічога не кажучы ў твар, не кажучы праўды, а размаўляючы з кожным у баку, па тэлефоне, як ён любіць, і робячы ўсё тайна», – дзеліцца сваім меркаваннем Андрэй Астаповіч.

Былы следчы Андрэй Астаповіч.
Фота: Белсат

Дадзеную сітуацыю ён называе камічнаю з усімі галасаваннямі на Telegram-канале, якія абвесціў Аляксандр Азараў, тыпу гэта прагаласавалі ўсе беларусы, што таксама, на думку эксперта, даказвае падабенства да Лукашэнкі. Як і тое, што былы сілавік пераварочвае свае ж словы:

«Тут яны [“BYPOL”] меры бяспекі сабе выбудоўвалі і яны гэты паліграф праходзілі. Але наколькі мне вядома і як сказаў Алег Талерчык, гэтая неабходнасць праходжання чарговай праверкі ўзнікла толькі пасля таго, як няўгодныя супрацоўнікі задалі пытанне пра фінансавую справаздачу. І зараз ёю прыкрываюцца. Я ўсіх падрабязнасцяў не ведаю, але гэта выглядае відавочным. Пры гэтым я асабіста ведаю, што Азараў сам неаднаразова выказваўся, што паліграф – гэта так, ён нічога не пацвярджае».

Што датычна ўзаемных заяваў канфліктных бакоў аб звальненні адно аднаго, на думку Андрэя Астаповіча, гэта лагічна, калі людзей звальняюць незаконна і з несправядлівымі абвінавачваннямі, яны спрабуюць сябе абараніць. Тым больш, што Азараў не з’яўляецца заснавальнікам арганізацыі.

«Асноўны момант у тым, што ўсе сацыяльныя сеткі заводзіліся на маю сім-карту, якая зарэгістраваная на мой пашпарт, на маё імя і на мой тэлефон, які набываўся акурат з гэтымі мэтамі. І ён [доступ] не быў перададзены дабравольна ў рукі Азараву. Таму зараз заяўляць, што ён будзе звяртацца ў нейкія органы пракуратуры, паліцыі мясцовай з тым, што ў яго скралі інтэлектуальную маёмасць… Па факту, калі глядзець так глабальна, то гэта мая інтэлектуальная маёмасць».

Аб’яднаны пераходны кабінет пакуль не прымаў нічый бок і праводзіць праверку. Таксама абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што Азарава пакуль не адхіляюць ад працы ў Кабінеце, бо пакуль яна не бачыла ніводнага доказу нейкіх злачынстваў.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў