Амбасадарка ЗША апублікавала адкрыты ліст да народу Беларусі


Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр заявіла, што «з нецярпеннем чакае магчымасці ўбачыць свабодную, квітнеючую і дэмакратычную Беларусь, якая жыве ў міры са сваімі суседзямі».

Адкрыты ліст Джулі Фішэр напісала з нагоды таго, што ў гэтым месяцы ў рамках запланаванай дыпламатычнай ратацыі заканчваецца яе знаходжанне на пасадзе Спецыяльнага пасланніка ЗША па Беларусі.

Дыпламатка выказала «нязменнае захапленне» сілай і рашучасцю беларусаў адстойваць свае правы. Падтрымка грамадзянаў Беларусі на гэтым шляху «адлюстроўвае непахісны кансэнсус Злучаных Штатаў».

«Я прыняла ролю Спецыяльнага пасланніка па Беларусі і працавала з Вільні з галоўнай мэтай – умацаваць амерыканскую падтрымку народа Беларусі і вашай барацьбы.

Мы стварылі Аддзел па справах Беларусі, каб працаваць рука аб руку з амбасадай ЗША ў Менску адной камандай творчых і глыбока адданых справе дыпламатаў і спецыялістаў у галіне развіцця, якія падтрымліваюць шырокае кола дэмакратычных сіл, грамадзянскую супольнасць, прадпрымальнікаў і незалежныя СМІ, дзе б яны ні знаходзіліся. Мы ўзмацнілі каардынацыю з еўрапейскімі саюзнікамі і партнёрамі ў прыцягненні рэжыму да адказнасці за парушэнні правоў чалавека і саўдзел ва ўварванні Расеі ва Украіну», – адзначыла яна.

Джулі Фішэр падкрэслівае, што ЗША працягваюць заклікаць рэжым «безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць рэпрэсіі і неправамернае абыходжанне з грамадзянамі і арганізацыямі, а таксама заклікаем да змястоўнага нацыянальнага дыялогу з усімі элементамі беларускага грамадства, у тым ліку тымі, хто знаходзіцца ў выгнанні». Такі дыялог прывядзе да новых выбараў пад міжнародным назіраннем, адзначае яна.

«Наша каманда працуе па пытаннях Беларусі ад Вільні да Вены, ад Вашынгтона да Варшавы. Мы надалей канцэнтруем працу на падтрымцы вас і вашых памкненняў да лепшай будучыні для Беларусі», – падкрэсліла дыпламатка.

Фішэра адзначыла, што з нецярпеннем чакае «магчымасці ўбачыць свабодную, квітнеючую і дэмакратычную Беларусь, якая жыве ў міры са сваімі суседзямі».

Артыкулы
Амбасадарка Джулі Фішэр: «Санкцыйны ціск з боку ЗША толькі ўзмацніцца»
2021.12.05 22:38

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў