Адвакат Віталь Брагінец не выйшаў на свабоду пасля 15 содняў арышту


Адваката Віталя Брагінца сілавікі затрымалі раніцай 23 траўня на выхадзе з дому.

Пасля затрымання яго даставілі ў Партызанскае РУУС «для праверкі на датычнасць да пратэставай дзейнасці». Адтуль ён, як сцвярджалася ў судзе, «паспрабаваў сысці». У гэтым і выявілася непадпарадкаванне. На яго склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП і арыштавалі на 15 содняў. На волю ён мусіў выйсці ўвечары 7 чэрвеня, але гэтага не адбылося, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Віталь Брагінец – абаронца адваката Андрэя Мачалава, супраць якога была распачатая крымінальная справа. Праз арышт Брагінца Мачалаў застаўся ў судзе без абаронцы.

У супольным лісце «Lawyers for Lawyers» ды Рады адвакатураў і юрыдычных таварыстваў Еўропы (CCBE) ад 8 чэрвеня арганізацыі адзначаюць, што ў выніку адміністратыўнага арышту Брагінец будзе пазбаўлены ліцэнзіі адваката і права на выкананне сваіх прафесійных абавязкаў. Аўтары ліста таксама падкрэсліваюць, што выстаўленыя Мачалаву абвінавачанні – неабгрунтаваныя.

«Lawyers for Lawyers» і CCBE заклікаюць улады Беларусі вызваліць Віталя Брагінца і зняць усе абвінавачванні з яго і з Андрэя Мачалова. Таксама яны заклікаюць гарантаваць, што ўсе адвакаты ў Беларусі маюць магчымасць займацца юрыдычнай практыкай без пагрозаў, запалохвання, перашкодаў, прыгнёту, неправамернага ўмяшання або рэпрэсіяў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў