Як забіваюць расейскіх прапагандыстаў і хто за гэтым можа стаяць


Апошнім часам пачасціліся замахі на расейскіх прапагандыстаў, у выніку якіх тыя гінуць. Улады РФ абвінавачваюць ва ўсім украінскія спецслужбы, аднак украінскі бок не прызнаў датычнасці ні ў адным з выпадкаў. Згадваем пра такія выбухі і рэакцыю на іх, а таксама абмяркоўваем з экспертам, ці ёсць паміж імі сувязь і якія сілы могуць стаяць за гэтымі замахамі.

Падрыў аўтамабіля Дар’і Дугінай

Першым падобным забойствам на тэррыторыі РФ з пачатку поўнамаштабнай вайны стаў падрыў аўтамабіля дачкі прарасейскага філосафа і ультраправага палітолага Аляксандра Дугіна, які выбухнуў падчас руху на шашы ў Падмаскоўі. 30-гадовая Дар’я Дугіна загінула на месцы. Яна займалася журналістыкай, філасофіяй і паліталогіяй і ў ліпені 2022 года была ўключаная ў санкцыйныя спісы Вялікай Брытаніі.

Забойства Дар’і Дугінай. Крыніцы: mk.ru, investigator.org.ua

Неўзабаве пасля забойства Дугінай ФСБ абвесціла, што злачынства раскрытае: расейская спецслужба лічыць, што да яго датычныя ўлады Украіны.

Адразу пасля выбуху Украіна адмаўляла датычнасць да смерці Дугінай. Дарадца кіраўніка офісу ўкраінскага прэзідэнта Міхайла Падаляк заяўляў, што гэтае здарэнне сведчыць аб барацьбе за ўладу і ўплыў розных груповак унутры Расеі. «Падкрэсліваю, што Украіна, безумоўна, да гэтага не мае дачынення, бо мы не крымінальная дзяржава, якой ёсць Расейская Федэрацыя, і тым больш не тэрарыстычная дзяржава», – сказаў Падаляк.

Пазней расейскі апазіцыянер і былы дэпутат Ілля Панамароў паведаміў, што адказнасць за выбух узяла на сябе «Нацыянальная рэспубліканская армія», аб існаванні якой заяўляюць выключна ён сам і ягоныя супрацоўнікі. Нібыта гэта была акцыя супраціву крамлёўскаму рэжыму. Паводле яго, удзельнікі руху – расейскія актывісты, вайскоўцы, палітыкі, «цяпер байцы і партызаны», якія абвесцілі Уладзіміра Пуціна «ўзурпатарам улады і ваенным злачынцам, які зламаў Канстытуцыю, развязаў братазабойчую вайну паміж славянскімі народамі і выправіў расейскіх жаўнераў на бессэнсоўную смерць».

Таксама была інфармацыя пра тое, што ў гэтым аўтамабілі мусіў ехаць сам Аляксандр Дугін, якога яшчэ называюць настаўнікам Пуціна, але ён сеў у іншую машыну. Дугін разам з дачкою вяртаўся з літаратурна-музычнага фестывалю «Традыцыя», у якім браў удзел.

Забойства Уладлена Татарскага ў кавярні

На пачатку красавіка гэтага года ў цэнтры Санкт-Пецярбургу адбыўся выбух у кафэ, якое раней належала Яўгену Прыгожыну, заснавальніку ПВК Вагнэра. У выніку выбуху быў забіты прапагандыст Максім Фамін, які называў сябе ваенкарам Уладленам Татарскім. Яшчэ 30 чалавек атрымалі раненні.

Забойства Уладлена Татарскага. Крыніцы: kommersant.ru, rbc.ru

На наступны дзень пасля выбуху расейскія сілавікі затрымалі жыхарку Санкт-Пецярбургу Дар’ю Трэпаву, якая пранесла ў кавярню статуэтку з выбухоўкаю і падарыла яе Татарскаму, і на кадрах пасля затрымання яна прызнаецца ў гэтым. Цяпер Дарʼя ў СІЗА пад следствам, ёй выстаўленае абвінавачанне паводле артыкулаў аб здзяйсненні тэракту, які пацягнуў смерць чалавека, а таксама яе вінавацяць у незаконным нашэнні выбуховых рэчываў.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што забойства Татарскага «ёсць тэрактам», а да яго планавання могуць мець дачыненне ўкраінскія спецслужбы. Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі абвінаваціў у забойстве ўкраінскія спецслужбы і прыхільнікаў Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага.

Пры гэтым украінскі бок датычнасць да гэтага не пацвердзіў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што тэма забойства Татарскага не ўваходзіць у кола ягоных інтарэсаў. Паводле словаў кіраўніка дзяржавы, пра тое, што адбываецца ў Санкт-Пецярбургу або Маскве, «павінна думаць Расея».

«У РФ пачынаецца… Павукі ядуць адзін аднаго ў слоіку», – напісаў у дзень забойства Татарскага Міхайла Падаляк.

Адказнасць за выбух зноў узяло на сябе расейскае фармаванне «Нацыянальнае рэспубліканскае войска», тое ж, якое нібыта было датычнае да забойства Дар’і Дугінай. У арганізацыі падкрэслілі, што яны падрыхтавалі забойства «супраць вядомага падпальніка і прапагандыста вайны» аўтаномна, без удзелу замежных структураў, «тым больш спецслужбаў».

Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны выказалі здагадку, што да ліквідацыі Татарскага могуць мець дачыненне сілы ўнутры РФ і гэта можа быць «папярэджаннем» Прыгожыну.

Разбор
Што вядома і невядома аб забойстве расейскага прапагандыста Уладлена Татарскага
2023.04.03 20:41

Замах на Захара Прылепіна

У мінулыя выходныя, 6 траўня, пад Ніжнім Ноўгарадам узарваўся аўтамабіль, за стырном якога быў пісьменнік і прапагандыст Захар Прылепін, які браў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны.

Замах на Захара Прылепіна. Крыніца: kp.ru, fontanka.ru

Прылепін у выніку выбуху выжыў, у яго пераломы і страсенне мозгу, 7 траўня яго вывелі з медыкаментознага сну. У той жа дзень Прылепін напісаў пост, дзе распавёў пра выбух і свой стан: «Я страціў прытомнасць хвіліны на тры, ачуўся і падпоўз да выбітага лабавога шкла. Падбеглі сяляне, дапамаглі мне выбрацца. У мяне зламаныя абедзве нагі (адзін пералом адкрыты) і яшчэ там нешта».

Аднак кіроўца, які ехаў разам з ім, – 27-гадовы нарадзінец Луганску Аляксандр Шубін з пазыўным «Злой», які апошнія гады ваяваў на баку «ЛНР», памёр ад атрыманых траўмаў. Таксама расейскія СМІ паведамлялі, што бомба, якая выбухнула, была ззаду пад пасажырскім сядзеннем, а перад паездкаю Прылепін вырашыў сам сесці за стырно.

Паводле словаў Прылепіна, мінаў было дзве, але другую не ўзарвалі. «Гэты тып спалохаўся і адразу ўцёк пасля выбуху першай. Каб падарваў другую, загінулі б усе. Яго злавілі», – напісаў ён.

Падазраванага затрымалі праз некалькі гадзінаў. Гэта 29-гадовы нарадзінец Данецкай вобласці Аляксандр Пярмякоў, які да 2015 года ваяваў за «ДНР». На відэа, запісаным расейскімі сілавікамі, ён сцвярджае, што дзейнічаў на заданне спецслужбаў Украіны.

Палітык Ілля Панамароў заявіў, што выбух, які адбыўся 6 траўня, арганізавала «Нацыянальнае рэспубліканскае войска» – пра гэта ён сказаў выданню SOTA. Пры тым ваенны рух украінцаў і крымскіх татараў «Атэш» таксама сцвярджае, што мае дачыненне да выбуху. З іхных словаў, паляванне на расейскага прапагандысты вялося з пачатку года.

Хто за гэтым стаіць?

Адказнасць за гэтыя замахі, здзейсненыя на расейскай тэрыторыі, ускладаюць выключна на ўкраінскія спецслужбы. Аднак раней сам заснавальнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын заяўляў, што не стаў бы абвінавачваць «кіеўскі рэжым» у смерці Уладлена Татарскага і дачкі Аляксандра Дугіна Дар’і. «Я б не стаў вінаваціць кіеўскі рэжым у гэтых дзеяннях. Я думаю, што дзейнічае група радыкалаў, якая наўрад ці мае дачыненне да ўраду. Я б так гэта назваў», – казаў тады Прыгожын.

Ваенны эксперт з Літвы Дарус Антанайціс (Darius Antanaitis) лічыць, што за выбухамі стаяць канкурэнтныя расейскія сілы, паміж якімі ідуць унутраныя разборкі.

«Украінскі бок ужо шмат разоў казаў, што не атакуе не ваенныя мэты. Як мы бачым, прапагандысты, якія былі ўзарваныя, бралі ўдзел у баявых дзеяннях. Там адбываецца такое варварства, чыняцца рабаванні і злачынствы, таму цалкам верагодна, што там могуць быць замяшаныя грошы, хтосьці не падзяліўся», – сказаў Дарус Антанайціс у каментары «Белсату».

З іншага боку, лічыць эксперт, тое, што за мэту абраныя прапагандысты, не сведчыць пра штосьці важнае – нашмат важней, калі пачнуць выбухаць дзяржаўныя картэжы. «Гэта будзе дакладным знакам таго, што ў Расеі пачалася барацьба паміж групамі сілаў і краіна пачынае абрынацца ў хаос.  Прапагандысты – першыя ластаўкі гэтай барацьбы», – кажа Антанайціс.

Паводле эксперта, той факт, што расейскія сілавікі так хутка знаходзяць «вінаватых», таксама сведчыць пра тое, што афіцыйныя версіі непраўдзівыя:

«Калі мы зірнем на храналогію падзеяў, то расейцы вельмі хутка знаходзілі, хто вінаваты. Хто адказны за выбух дачкі Дугіна ці за выбух Керчанскага маста. Але ў нармальным жыцці так не бывае. Спачатку вядзецца следства, збіраюцца доказы,  немагчыма ўсё гэта зрабіць за пару гадзінаў, за адзін дзень. Таму гэтая хуткасць, з якой яны знаходзяць падазраванага, ужо сама па сабе выглядае як фэйк».

Дарус Антанайціс лічыць, што паміж замахамі на Татарскага і Прылепіна адназначна ёсць сувязь, бо ў гэтых дзвюх гісторыях зашмат агульнага: абодва прапагандысты, якія актыўна ваявалі супраць Украіны і абодва мелі сувязі з Прыгожыным.

Таксама ў сацыяльных сетках выказваецца меркаванне, што апошнія выбухі – своеасаблівы сігнал Яўгену Прыгожыну, які апошнім часам дапускае вельмі рэзкія выказванні на адрас вышэйшых службовых асобаў і Міністэрства абароны праз тое, што яны не пастаўляюць дастаткова боепрыпасаў для ПВК Вагнэра ва Украіне.

Дарус Антанайціс мяркуе, што гэта была б зручная версія, але сам ён так не лічыць. На ягоную думку, калі б над Прыгожыным пачалі працаваць расейскія спецслужбы, то ён бы выглядаў ахвярай і ў яго павысіўся б рэйтынг.

«У Расеі ўсё ж ёсць тыя, хто падтрымлівае Прыгожына і не падтрымлівае Пуціна. Да таго ж у яго ёсць тры прычыны замясціць Пуціна: уласнае войска, ён мае сваіх прыхільнікаў, і ён мае грошы», – сцвярджае ваенны эксперт і дадае, што Прыгожын можа выкарыстоўваць тэзіс, што толькі найміты ПВК Вагнэра змогуць абараніць Расею, а не расейскія войскі.

Дзе яшчэ чыняць забойствы?

Замахі на прарасейскіх дзеячаў адбываюцца і на акупаваных Расеяй тэрыторыях. Так, у Луганску 16 верасня 2022 года ў будынку Генеральнай пракуратуры «ЛНР» прагрымеў выбух у кабінеце пракурора «ЛНР» Сяргея Гарэнкі, у выніку якога ён загінуў. Разам з ім загінула ягоная намесніца Кацярына Сцягленка.

Забойства Сяргея Гарэнкі. Крыніца: gplnr.su, espreso.tv

Выбух адбыўся ў выніку спрацоўвання самаробнай выбухной прылады. Кіраўнік «ЛНР» Леанід Пасечнік назваў выбух «тэрарыстычным актам», абвінаваціўшы ў гэтым «кіеўскі рэжым».

27 сакавіка гэтага года ў Марыупалі ўзарвалі аўтамабіль начальніка гарадскога ўпраўлення паліцыі Міхаіла Масквіна, аднак ён не пацярпеў. Выбух адбыўся за некалькі метраў ад начальніка паліцыі. Крыху раней, 14 сакавіка, у Мелітопалі Запарожскай вобласці быў падарваны аўтамабіль мясцовага прадпрымальніка, кіраўніка муніцыпальнага транспартнага прадпрыемства Івана Ткача. Ад атрыманых траўмаў ён памёр у шпіталі, а ў ягонай смерці абвінавацілі ўкраінскі бок.

Пры канцы кастрычніка 2022 года каля офісу запарожскай тэлекампаніі ў Мелітопалі выбухнуў аўтамабіль. Офіс тэлекампаніі «ЗаТВ», якая вядзе трансляцыю на захопленых украінскіх тэрыторыях, месціўся ў будынку бізнес-цэнтру кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Запарожжа Яўгена Баліцкага. Таксама каля яго месціцца аддзяленне ФСБ.

Выбух каля будынку запарожскай тэлекампаніі ў Мелітопалі. Крыніца: van_fedorov_melitopol/Telegram

Паводле папярэдніх звестак, тады пацярпелі прынасі пяць чалавек, сярод іх работнік тэлекампаніі. Акупацыйныя ўлады паведамлялі, што на месцы выбухнула самаробная прылада, закладзеная ў аўтамабіль, і назвалі падрыў тэрактам.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў