«Першы час было страшна цягаць трупы». Што ўзгадваюць пра вайну яе сведкі


Знайсці ветэранаў для гэтай размовы было задачай няпростай. І ветэранаў, тых, хто сапраўды бачыў вайну на ўласныя вочы, амаль не засталося. І самаадчуванне многіх ужо падводзіць. Адмаўлялі нам і з-за «нагрузкі» з боку дзяржаўных СМІ, якія, паводле саміх ветэранаў, вельмі настойліва прасілі выступіць з загадзя завучанымі прамовамі.

Мы задалі аднолькавыя пытанні чатыром сведкам вайны, усе яны жылі тады ў розных месцах. І іх адказы – сведчанне, што вайна ў кожнага свая, асаблівая. Але нашых герояў яна абʼяднала ў адным: у колькасці болю і страчаных блізкіх, у абʼёме перажытых бед.

Зінаіда Маёрава.
Фота: Белсат

ЗІНАІДА МАЁРАВА, 96 ГАДОЎ. У ПАЧАТКУ ВАЙНЫ – 16 ГАДОЎ. З 16 ГАДОЎ ПРАЦАВАЛА НА ЧЫГУНАЧНАЙ СТАНЦЫІ, ЖЫЛА ПАД АКУПАЦЫЯЙ

9 мая 1941 Зінаідзе споўнілася 16 гадоў, яна жыла са сваёй сямʼёй каля чыгуначнай станцыі, якая падчас вайны стала важным транспартным вузлом. Менавіта на гэтай станцыі цягнікі і грузы размяркоўвалі на франты.

«Вось 9 траўня мне 16, а 22 чэрвеня пачалася вайна. Можа маладая была, але асабліва я не перажывала».

Усю вайну Зінаіда адпрацавала на гэтай станцыі. У Дзень Перамогі ёй споўнілася 20 гадоў.

Фрыда Ідэльчык.
Фота: Белсат

ФРЫДА ІДЭЛЬЧЫК, 101 ГОД, У ПАЧАТКУ ВАЙНЫ – 21 ГОД. ПРАЦАВАЛА МАШЫНІСТКАЮ Ў ТЫЛЕ, ТРАПІЛА Ў НЯМЕЦКІ ПАЛОН, ЗА ШТО БАЛЬШАВІКІ АСУДЗІЛІ ЯЕ НА 10 ГАДОЎ ТУРМЫ

Навіна пра пачатак вайны 21-гадовая Фрыда заспела ўдома. І, кажа, таксама не спалохалася. Яе сямʼя эвакуявалася, а яна засталася.

«Выклікалі і сказалі, што пачалася вайна. Вельмі дзікая і хуткая. І трэба, каб мы таксама паўдзельнічалі. Вядома, каму як не нам? Мы камсамольцы, свабодныя людзі. Хто як можа, той павінен ехаць на вайну».

Аляксандр Кажура.
Фота: Белсат

АЛЯКСАНДР КАЖУРА, 96 ГАДОЎ, У ПАЧАТКУ ВАЙНЫ – 16 ГАДОЎ. У 16 ГАДОЎ ПАЙШОЎ У ПАРТЫЗАНЫ, ПОТЫМ ТРАПІЎ НА ФРОНТ

У пачатку вайны Аляксандр жыў у вёсцы з маленькім братам і цяжарнай маці. Бацька быў у арміі. Першае знаёмства з вайной адбылося, калі на яго вачах немцы расстралялі ўсё кіраўніцтва раёну.

«Мы з сябрамі пайшлі паглядзець, налічылі 17 чалавек, усе ляжалі нежывыя ўжо. Страшна нам, але нас падлеткаў немцы тады не кранулі».

Аляксей Бірукоў.
Фота: Белсат

АЛЯКСЕЙ БІРУКОЎ, 96 ГАДОЎ, У ПАЧАТКУ ВАЙНЫ – 16 ГАДОЎ. ЖЫЎ У АКУПАЦЫІ, У 18 ГАДОЎ ТРАПІЎ НА ФРОНТ

Навіна аб пачатку вайны не моцна ўсхвалявала жыхароў вёскі, узгадвае Аляксей. Усе былі ўпэўненыя, што немцы прыйдуць у вёску не раней зімы, але праз некалькі дзён вёска была акупаваная.

«Ніхто не чакаў, што так хутка. Нас у школе так не вучылі, і бацька мой, які прайшоў грамадзянскую вайну, таксама не лічыў, што так хутка. І жонка вайскоўца таксама казала, што дойдуць зімой. І мы не збіраліся эвакуявацца».

ШТО ВЫ ЗАПОМНІЛІ НА САМЫМ ПАЧАТКУ ВАЙНЫ?

«Я паехала са сваім камандзірам у яго машыне на лінію фронту. І па дарозе валяліся трупы вайскоўцаў. Едзем мы па вуліцы, нябожчык ляжыць застрэлены. Камандзір спыняе машыну, выходзіць з машыны і здымае з яго кольцы. Божа, я падумала: «Хтосьці ваюе, а камусьці яшчэ кольцы і абутак», – успамінае Фрыда Ідэльчык.

Аляксандр Кажура распавядае, калі да вёскі падыходзілі немцы, мясцовыя жыхары пачалі расцягваюць прадукты з крамаў. «У Іллі ўсе грабуць, расцягваць. Я зайшоў і думаю, што мне ўзяць. Папярос набраў. Я ж не курыў, але дзеду будзе. Напхаў. Гляджу, людзі ідуць і нясуць соль. Дык я думаю, соль трэба. Скідаю кашулю ніжнюю, рукавы завязваю, насыпаў солі і пайшоў».

Ілюстрацыйны здымак. Рэпрадукцыя падзеяў Другой сусветнай вайны.
Фота: Piotr Mecik / Forum

Не ўбачыў немцаў у сваёй акупаванай вёсцы Аляксей Бірукоў. Усім, кажа, загадвалі паліцаі – мясцовыя жыхары. Менавіта яны пачалі адбіраць у мясцовых прадукты і запалохваць жыхароў.

«Мне бацькі забаранялі выходзіць за вароты, я працаваў на агародзе толькі. У вёсцы было 2 паліцая, і адзін застаўся жывы, яго потым судзілі. Ненавідзелі іх. Я з імі баяўся сустракацца, яны што хочаш могуць зрабіць. Застрэляць і адказваць не будуць. Добрага чалавека ў паліцаях не было, дрэнь і пʼянь, адкіды грамадства».

Для Зінаіды Маёравай самы пачатак вайны запомніўся страшнымі бамбёжкамі, у адной з якіх загінуў старшыня станцыі. Для 16-гадовай дзяўчыны гэта стала і першай сустрэчай са смерцю.

«Ён вельмі баяўся бамбёжак, яго вучылі, што трэба адразу ж класціся, а ён ад страху бег. Пасля той бамбёжкі яго пачалі шукаць і знайшлі. Забітага асколкам, я бачыла. Твару зусім не засталося».

ЦІ РАЗУМЕЛІ ВЫ, ШТО ТАКОЕ ВАЙНА?

«Ніякага ўяўлення не было, на гэтую тэму ніхто не вёў ніякіх гутарак. У 8 класе была ў нас ваенная дысцыпліна, навучанне стральбе. Але вайна ўяўлялася так, што мы разабʼём ворага на яго зямлі. У класе віселі партрэты Будзённага, Варашылава, а ўнізе было напісана: «Хто моцны ў паветры, той моцны ўсюды». Ну мы так і ўяўлялі гэта ўсё. А на самай справе ўбачылі, што ўсё не так», – успамінае Аляксандр Бірукоў, які на той момант скончыў 8 класаў і збіраўся працягваць вучыцца далей. Два гады ў акупацыі былі для яго складанымі і з-за таго, што «жыццё спынілася»: нельга было выходзіць з дому, нельга было працягваць вучыцца. Уся праца толькі на сваім падворку і ў агародзе, каб хоць неяк пракарміцца.

Аляксандр Кажура.
Фота: Белсат

«Што такое вайна, вядома, зразумела было. Што людзей там забіваюць. А вось, што будзе на нашай зямлі такая партызанка, ніхто ведаць не мог. І што столькі гадоў будзе доўжыцца гэта ўсё. Была мабілізацыя. Ці едзь у Германію працаваць, ці ідзі ў паліцыю. Усё насельніцтва вывез у Германію. Чужыя ў яго (Гітлера-заўв.рэд.) працавалі, а свае ваявалі», – кажа Аляксандр. Большую частку вайны ён быў партызанам пад Маладзечнам.

«Вайна гэта гора. Гора такое незваротнае, столькі было навукоўцаў, адукаваных людзей. Калі б яны засталіся жывыя, была б наша краіна вельмі развітой. Але тады, у 21 год, я нават не падазравала, што мне трэба будзе перажыць», – узгадвае 101-гадовая Фрыда.

ШТО БЫЛО САМЫМ СТРАШНЫМ?

Адказаць на гэтае пытанне коратка не ўдаецца нікому з нашых суразмоўцаў. Ва ўсіх гісторыі аб самым страшным розныя, але часам жахліва перакрыжоўваюцца.

«Мы, падлеткі, былі адпраўленыя немцамі секчы лес. Лес сячэм, а там была яма, у якой палілі забітых, мы як на далоні ўсе бачылі. І палілі там габрэяў. Падгоняць да ямы, стрэляць, яны пападаюць туды, бензінам абальюць і паляць. Дым на нас, жудасны смурод. За дзень можа і сто чалавек забівалі», – успамінае Аляксандр Кажура.

Фрыда Ідэльчык распавядае, што каб схаваць ад немцаў сваю габрэйскую знешнасць вымушаная была завязваць хустку так, каб былі бачныя толькі вочы. Але яна ўсё роўна па дарозе на фронт трапіла ў палон і не думала, што выжыве. На яе вачах расстрэльвалі мужчын і параненых.

Фрыда Ідэльчык.
Фота: Белсат

«Мы прыйшлі на прахадную, 10 ці 15 жанчын нас было. А там нямецкі афіцэр з вялікімі пагонамі на картавай расейскай кажа нам: »Я не фашыст, ваяваць з Савецкім Саюзам я не магу. Але мы падсправаздачныя Германіі і абавязаны падпарадкоўвацца, а інакш забʼюць нас усіх таксама. Але карыстаючыся сваім дзяжурствам, я ўсіх жанчын адпускаю. У нас у нямецкай арміі жанчыны не служаць, яны сядзяць удома, гадуюць дзяцей і чакаюць мужоў з фронту. Так што я адпускаю вас на волю». Мяне выратаваў нямецкі афіцэр. А пасадзілі свае ж.

«Я дабіралася на фронт сама, бо калі армія трапіла ў нямецкае асяроддзе, па радыё было перададзена: «Таварышы салдаты і вайскоўцы, мы знаходзімся ў асяроддзі фашысцкай арміі, хто можа, выбірайцеся сваімі сіламі, наш транспарт разбіты, машын не хапае, каб вас усіх падабраць. Кіраўніцтва пагрузілі, ім падалі верталёты. А салдаты і падначаленыя засталіся».

Ахвяры Другой сусветнай вайны.
Фота: FoKa / Forum

Фрыда трапіла да немцаў, была ў палоне, з якога ўратавалася, зноў ішла да «нашых», а калі дайшла, то выклікала падазрэнні.

«Яны падумалі: я габрэйка, была ў палоне і выжыла. Можа мяне адпусцілі, таму што я здраднік, шпіёню для немцаў? Мне далі 10 гадоў высылкі на Далёкі Север і 5 гадоў паражэння ў правах пасля гэтага. Толькі праз 50 гадоў я была рэабілітаваная».

Аляксей Бірукоў.
Фота: Белсат

Страшным для 18-гадовага Аляксея Бірукова стала траплянне на фронт. Яго прызвалі пасля паўналецця і з нямецкай акупацыі ён трапіў адразу ў войска, дзе стаў сапёрам. У канцы вайны даводзілася толькі размініраваць нямецкія міны.

«Падрываліся і вопытныя сапёры. Часам трэба было ноччу размініраваць міну, закапаную ў зямлі. У гэты момант думаеш толькі аб самым добрым. Аб тым, што ўсё некалі скончыцца».

Зінаіда Маёрава.
Фота: Белсат

«Працаваць пад бамбёжкамі, вось што страшна. Працаваць наогул было вельмі складана, а як ляцяць бомбы – яны віскочуць як конь – цябе ледзь не паралізуе», – успамінае Зінаіда Маёрава.

«Першы час было страшна цягаць трупы», – на фронце Аляксандр збіраў трупы і займаўся іх пахаваннем.

«А дзе ж ты дзенешся? Далі нам гумовыя боты, рукавіцы.Раніцай ідзеш падбіраць трупы, дадуць выпіць гарэлкі па 100 грам. Не напаіць, а каб дэзынфекцыя была, каб не захварэлі мы. Прыехаў аднойчы капітан, кажа, што мала збіраем, пайшоў паглядзець. Ох і ванітаваў, як кот. Што ж, цёпла было, а чалавек ужо разлажыўся. Сабярэш, у скрыню ўкінеш толькі косці і скуру. Але прызвычаішся, дзе ж ты дзенешся».

ВЫ ГАЛАДАЛІ?

Менш за ўсё праблем з прадуктамі было ў пачатку вайны. Сямʼя Зінаіды Маёравай змагла прыбраць ураджай і была забяспечана гароднінай.

«Мы і парася змаглі захаваць, тата закапаў мяса ў снег. А вось курэй і карову ў нас немцы забралі».

Не галадаў падчас вайны і Аляксей Бірукоў. У акупацыю дапамагаў выжываць свой агарод, а на фронце салдат кармілі.

«Ніякага голаду, нават вельмі добра сілкаваліся. Хапала кансерваў мясных, кармілі тры разы на дзень».

Фрыдзе і Аляксандру прыйшлося складаней.

Фрыда галадала і па дарозе, калі дабіралася на фронт. «Елі арэхі, несабраны ўраджай. А яшчэ ведаеце, што такое макуха? Гэта адходы з канопляў, гародніны. Іх прамывалі, варылі, прэсавалі і гэтым кармілі коней. Так мы збіралі гэтую макуху. Адразалі па кавалку, варылі, салілі і елі».

Абарона Масквы ў 1941 годзе, артылерыйская батарэя ў парку Горкага.
Фота: FoKa / Forum

Голад быў і ў лагеры, дзе Фрыда правяла 4 гады. «Голад людзі па-рознаму пераносяць. Была ў нас пажылая жанчына, 50 гадоў, вельмі складана голад пераносіла. Яна лавіла мышэй, апрацоўвала іх і варыла суп. І ела. І ўсе гэта бачылі. Гэта такі смурод, на ўсю камеру. З-за гэтага яе недалюблівалі».

«Набралі каняціны, яна там засмердзілася, доўга ляжала. Несалёная. Скуру грызлі і костку», – так правёў больш за тыдзень Аляксандр. Яго і яшчэ траіх салдат пакінулі ў лесе параненых.

«Выкапалі ямку, заслалі галінак. Мы павінны былі чакаць сваіх, есці не было чаго». А ў партызанах «карміліся з людзей».

«У людзей у саміх не было чаго есці. Хто дае есці, а хто і не дае. Не саромеліся і прасілі, каб далі пакушаць».

Ілюстрацыйны здымак. Помнік вайскоўцам Чырвонай арміі.
Фота: PIOTR GUZIK / Forum

КОЛЬКІ ВЫ СТРАЦІЛІ БЛІЗКІХ?

«Брат загінуў. Мамчыных два браты, татава стрыечная сястра… 7 чалавек з сямʼі», – падлічвае Фрыда.

У Аляксея Бірукова не вярнуліся з вайны чацвёра родных. «Тры стрыечных брата і муж маёй цёткі».

«10 чалавек. Нашых. Цётку і дзядзьку спалілі ў агні, жывымі», – кажа Аляксандр Кажура.

«У майго будучага мужа загінуў брат. А тры браты на фронце было, і маці не вытрымала і памерла ў час вайны. Мой брат таксама загінуў. І яшчэ адзін брат, лётчыкам быў. І Лёля, мая сяброўка, ёй было толькі 19 гадоў«, – так і называе дакладную колькасць страчаных на гэтай вайне блізкіх Зінаіда Маерава.

Вершы
Свабодныя купалаўцы да 9-га траўня знялі фільм паводле аповесці Васіля Быкава
2021.05.09 09:05

АД belsat.eu

Стужка навінаў