У Маскве сцвярджаюць, што выкарыстоўваюць Менск для кантактаў з Кіевам


Масква і Кіеў выкарыстоўваюць канал у Менску для абмену нотамі і перадачы дакументаў прававога і консульскага характару, заявіў прадстаўнік МЗС Расеі Аляксей Палішчук. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю ТАСС.

Міністэрства замежных справаў Беларусі.
Фота: ua.news

Журналісты спыталі Аляксея Палішчука, ці атрымлівае расейскі бок праз гэты канал якія-небудзь паведамленні або сігналы ад Украіны.

«Гэты канал камунікацыяў выключна тэхнічны. Ён выкарыстоўваецца для нотнага ліставання і перадачы дакументаў, галоўным чынам, прававога і консульскага характару», – адказаў Палішчук.

Раней МЗС Расеі паведамляў, што «праз канал у Менску» запатрабаваў ад Кіева выдаць асобаў, якія, на думку Масквы, датычныя да тэрарыстычных нападаў. Расяяне, у прыватнасці, прасілі арыштаваць кіраўніка Службы бяспекі Украіны Васіля Малюка. У Маскве лічаць, што ён адказны за выбухі на Крымскім мосце восенню 2022 года.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў