«Рэйдарскі захоп і дробнае паскудства». Ці нашкодзіць медыям пагром сайтаў у зоне.by?


Аператыўна-аналітычны цэнтр пастанавіў аўтаматычна ануляваць даменныя імёны інтэрнэт-рэсурсаў пасля іх улучэння ў рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў. «Белсат» распытаў экспертаў, навошта гэта робіцца і ці моцна пацярпяць ад гэтага беларускія медыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Аператыўна-аналітычны цэнтр – сілавікі ў інтэрнэт-прасторы – пастанавіў ануляваць рэгістрацыю ў беларускай даменнай зоне сайтаў, улучаных у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў. Ніхто не зможа нанова ўзяць сабе гэты адрас ажно да таго часу, пакуль рэсурс будзе ў «чорным спісе», акрамя выпадкаў, абумоўленых «інтарэсамі нацыянальнай бяспекі».

Што гэта могуць быць за выняткі, незразумела, аднак можна ўявіць, што дзеля «нацыянальнай бяспекі» са знаёмымі «экстрэмісцкімі» адрасамі пачнуць з’яўляцца праўладныя прапагандысцкія рэсурсы.

Акрамя таго, дзяржаўны рэгулятар легалізаваў магчымасць адабраць дамен, калі ўладальнік асабіста не пацвердзіць сваіх звестак, а ў цяперашніх умовах не кожны наважыцца ехаць дзеля гэтага ў краіну, дзе «часам не да законаў».

Hавiны
Татальны пагром: у Беларусі анулююць дамены, унесеныя ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
2024.04.09 08:17

Галоўны рэдактар медыя «Reform.by», якое дагэтуль мае старонку ў нацыянальнай даменнай зоне, Фёдар Паўлючэнка ў размове з «Белсатам» назваў гэтыя захады «актам агрэсіі, рэпрэсіяў, цэнзуры супраць беларускіх медыяў». Ён пры гэтым абмовіўся, што нельга параўноўваць пастанову рэгулятара з больш жудаснай справаю: у Беларусі за кратамі 34 журналісты.

«Патрэбна выкарыстоўваць дамен, што знаходзіцца за межамі магчымасцяў беларускай улады, наш праект таксама мае такі дамен, мы пераязджаем на reform.news, будзем працаваць далей. Гэта толькі тэхнічная праблема, якая развязваецца цягам некалькіх гадзінаў», – прызнаў Паўлючэнка.

Адначасова ён канстатаваў, што такія тэхнічныя праблемы хоць і лёгка развязаць, але яны адцягваюць рэдакцыі ад галоўнага – забеспячэння беларусаў альтэрнатыўнай інфармацыяй:

«Гэта не смяротна, аднак любыя блакаванні, любыя праблемы з даменам, серверам – гэта ўсё не на карысць нашай працы, бо гэта зніжае нашыя магчымасці даводзіць незалежную інфармацыю да беларускай аўдыторыі».

Суразмоўца «Белсату» падкрэсліў, што старыя адрасы карысныя для медыяў, бо існуюць даўно, іх любяць пошукавікі. Сайт з гісторыяй, а значыць і аўтарытэтны, будзе вышэй у выдачы. Змяняючы інтэрнэт-прапіску, фактычна патрабуецца нанова раскручваць старонку ў вачах «Google» ці «Яндэкса».

Фёдар Паўлючэнка ў студыі Белсату
Рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка ў студыі «Белсату» падчас онлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі. 29 ліпеня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Гэта галоўная праблема. Той дамен, які мы будзем выкарыстоўваць, мае гісторыю год – паўтара. А стары мае добрую гісторыю, спасылкі з іншых рэсурсаў, гэта дае перавагу, калі людзі шукаюць інфармацыю», – сказаў Паўлючэнка.

Ён заклікаў распачаць кампанію, каб ААЦ пазбавілі права рэгуляваць беларускую даменную зону. На думку рэдактара, гэтая структура «парушае міжнародныя правілы»:

«Патрэбна ставіць пытанне, каб пазбавіць дзяржаўную структуру магчымасці кіраваць беларускім інтэрнэтам, беларускай даменнай зонай. Гэта складана, але магчыма. Трэба пра гэта казаць, трэба пачынаць гэтую справу, звяртацца да міжнароднай супольнасці, каб яны звярнулі ўвагу на гэтую праблему».

Зрэшты, з ціскам на ААЦ не ўсё так проста, упэўнены старэйшы аналітык «Media IQ» Паўлюк Быкоўскі. У каментары «Белсату» ён звярнуў увагу, што нацыянальныя даменныя зоны не страцілі краіны і з больш жорсткім рэжымам у параўнанні з беларускім:

«У ААЦ наўрад ці забяруць даменную зону.by, шмат якія яшчэ больш аўтарытарныя рэжымы не страцілі нацыянальную даменную зону. Гэтае правіла працуе быццам бы па-за палітыкаю, таму наўрад ці гэта можа мець такія наступствы».

Агулам Быкоўскі не бачыць вялікай праблемы з пагромам «экстрэмісцкіх» сайтаў, бо ўсе даўно былі да гэтага гатовыя.

«Дзяржава хоча пашырыць кантроль над інтэрнэтам, але яны і раней забіралі даменныя імёны ў тых, каго яны лічылі экстрэмістамі, а гэтыя «экстрэмісты» не сядзелі ў слязах у куточку, а стваралі новыя даменныя імёны, толькі не ў зоне.by», – адзначыў эксперт.

Hавiны
Беларускія ўлады «аджалі» ва ўладальніка дамен TUT.by
2023.12.29 17:25

Ён прагназуе, што цяпер уладальнікі нават «бяскрыўдных» старонак кінуцца рэгістраваць люстэркі па-за межамі Беларусі, каб у выпадку інтэрнэт-рэпрэсіяў не застацца без портак: «Гэта прывядзе да павелічэння адтоку рэдакцыяў, вытворцаў кантэнту, якія знаходзяцца ў Беларусі, бо яны могуць баяцца згубіць свае напрацоўкі, таму будуць рэгістраваць даменныя імёны за мяжою».

Агулам, як мяркуе Быкоўскі, цяперашнія ўлады дзеяць паводле прынцыпу «прапаганда мусіць быць татальнаю».

«Гэта логіка існавання аўтарытарнага рэжыму, які хоча кантраляваць грамадскую думку, і калі ёсць дзяржаўная прапаганда, то яна мусіць быць татальнаю. Татальнаю яна не можа быць, калі ёсць канкурэнцыя з альтэрнатыўнымі меркаваннямі, таму доступ да альтэрнатыўных меркаванняў наўмысна робіцца ўсё больш складаным. Але не думаю, што гэта будзе паспяховым, бо беларускія медыі ўсё-ткі даюць альтэрнатыўныя меркаванні беларускай аўдыторыі», – падсумаваў аналітык.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі пагаджаецца, што мэта пагрому «экстрэмісцкіх» старонак у нацыянальнай даменнай зоне – ускладніць людзям доступ да інфармацыі:

«Шэраг медыяў пакідалі старонкі ў даменнай зоне.by, у прыватнасці, «Еўрарадыё», «Reform.by». Натуральна, людзям больш звыкла набіраць стары адрас. Гэтую частку аўдыторыі, якая традыцыйна заходзіла на.by, хочуць знішчыць і стварыць такое дробнае паскудства для медыяў».

Вялікай бяды ў новых правілах ад ААЦ ён не бачыць:

«Гэта непрыемна, але перажыць можна. Мяркую, медыясектар істотна ад гэтага не пацярпіць. Насамрэч не так шмат такіх адрасоў, бальшыня даўно пераехала ў іншыя юрысдыкцыі. Але мы маем рэйдарскі захоп з боку дзяржавы, нацыянальную хвалю рэйдарскага захопу».

Беларуская асацыяцыя журналістаў сама надоечы перажыла пераезд на baj.media, хаця 20 гадоў прасоўвала свой тагачасны адрас baj.by.

«Улада шукае штодзень, як нашкодзіць незалежным медыям, нашкодзіць «беглым». Зараз мы маем хвалю завочнага вядзення спраў супраць журналістаў, спікераў. Улада бачыць, што не можа наўпрост затрымаць асобу, і шкодзіць такім чынам: арыштоўвае маёмасць, цісне праз завочныя судовыя працэсы, забірае сайты», – падсумаваў Барыс Гарэцкі.

Hавiны
ААЦ пачаў пазбаўляць «экстрэмісцкія» СМІ доменных імёнаў у Беларусі
2023.04.24 17:36

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў