Зміцер Галко: Чаму я лічу нянавісць да беларусаў надзвычай шкоднай?


Хоць я ўпэўнены, што мы з украінцамі гістарычна, культурна і палітычна асуджаныя быць саюзнікамі, абʼяднанымі прынамсі супраць агульнага ворага, я буду казаць без лішніх сантыментаў і ружовых бурбалак.

Зміцер Галко.
Фота: асабісты архіў

Гэта было шкодна з чыста прагматычнага пункту гледжання. Беларусы былі (а дакладней, маглі быць) карысным рэсурсам для Украіны: байцамі на фронце, валанцёрамі, донарамі. Думаеце, яны не патрэбныя? Што ж, спытайце ў ваенкамаў – ці ўсё ў парадку з жывой сілай на перадавой, асабліва з маладымі і дужымі хлопцамі, знаёмымі з спартовымі заламі. А магутная беларуская дыяспара, дарэчы, якая сфармавалася пасля 2020 года (у Польшчы, Літве, Грузіі), – гэта пераважна маладыя і актыўныя мужчыны.

Не скажу, што сотні тысяч, але тысячы патэнцыйных матываваных добраахвотнікаў змыла з пляжу хэйтарскае цунамі. А валанцёраў і донараў – сапраўды сотні тысяч. Не трэба, кажаце? Ну, спытайце ў валанцёраў, трэба гэта ці не. Што да грошай, то, думаю, вы самі ведаеце, што іх зашмат не бывае.

Вы скажаце, што гэтая нянавісць узнікла не на пустым месцы: ракеты, Чарнігаў, войскі пад Кіевам, Буча… Але я ўсё ж адважуся назваць яе несправядлівай. Перш за ўсё таму, што яна не трапіла да адрасата: у сацыяльных сетках украінцы збольшага кантактуюць з беларусамі, якія ёсць іх саюзнікамі. І менавіта на іх яны выліваюць сваю лютасць. Выглядае гэта даволі крынжова, шчыра кажучы.

Не, я разумею, чаму гэтая нянавісць была каналізаваная менавіта такім чынам. Расея атрымлівае ўдары ў адказ, у тым ліку на сваёй тэрыторыі, ва Украіне яе войскі нясуць велізарныя страты, расейскі баявы карабель пасылаюць паўсюль па вядомым адрасе – ад Еўрапарламенту да Кангрэсу ЗША. Гэта хаця б часткова задавальняе прагу помсты. У выпадку з Беларуссю гэтага не адбылося. Таму ўся нянавісць абрынулася на тых, хто быў пад рукой. Расейскія боты толькі ціхенька падлівалі бензін у гэты агонь.

Задоўга да лютаўскага ўварвання я папярэджваў, што дыктатарская Беларусь не саюзнік Украіны. І што з боку паўночнай мяжы варта чакаць подлага ўдару. Калі іх цікавіла маё меркаванне, я адказаў, што нацыянальна-дэмакратычная частка беларускага грамадства – гэта натуральны саюзнік Украіны, з ёй варта было б узаемадзейнічаць і ставіць менавіта на яе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Украінская дзяржава абрала іншую палітыку. Якую, напэўна, лічыла больш рэалістычнай. А менавіта – не раздражняць таго, хто фактычна кантралюе тэрыторыю суседняй краіны, то бок Лукашэнку. Ці спрацавала яна, перадухіліла напад з тэрыторыі Беларусі? Не, не спрацавала. Але я б не сказаў, што ў мяне ёсць дакладнае бачанне таго, як гэта можна было перадухіліць. Таму я не падзяляю пункту гледжання, які грунтуецца на, здавалася б, відавочным альтэрнатыўным падыходзе. Для мяне ён не відавочны. Фізічная рэальнасць – гэта такі матэрыял, курва, які мае ўласцівасць супраціўляцца ідэальным сцэнарам.

Але важна падкрэсліць: не толькі беларусы не здолелі перадухіліць ператварэнне тэрыторыі Беларусі ў плацдарм для расейскіх войскаў, гэты момант упусціла і Украіна, якая была экзістэнцыяльна зацікаўленая ў тым, каб гэтага не адбылося. Аднак у беларусаў, у адрозненне ад дзяржавы Украіна, не было выведкі, аналітычных цэнтраў, сілавых структураў і г. д. Вызначайце самі, у каго было больш магчымасцяў хаця б прадбачыць хаду падзеяў і быць да гэтага гатовым.

Калі вы (гаворка пра ўкраінцаў) не абурыліся, дачытаўшы дасюль, то зараз абавязкова абурыцеся: Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй.

Спадар Яўген Магда, шчыры сябра беларусаў, катэгарычна не раіў мне ўжываць гэтае слова ў дачыненні Беларусі. Бо абавязкова нарвешся.

Але я не магу не выкарыстоўваць яго, бо, на маю думку, яно адлюстроўвае цалкам абʼектыўны факт. Калі вы яшчэ не закрылі старонкі, я паспрабую растлумачыць, чаму вы не павінны абурацца гэтаму азначэнню.

Дарэчы, чаму яно звычайна выклікае такое шалёнае абурэнне? Бо мы адразу ўяўляем сабе Бучу ці Марыупаль. Нічога падобнага да таго, што там адбылося, беларусы, вядома, не перажывалі. Дык як яны асмельваюцца намякаць на нейкую там «акупацыю», можа, Расея таксама тады «акупаваная»?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У дзень так званага «рэферэндуму» дзясяткі тысяч чалавек па ўсёй краіне выйшлі на пратэст супраць вайны Расеі ва Украіне. Па стане на 28 лютага, праваабаронцам вядомыя імёны 770 затрыманых. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Не, Расея не акупаваная. Замежных войскаў на яе тэрыторыі няма. Яе кіраўніцтва, як фіксуюць незалежныя сацыёлагі, падтрымлівае большасць насельніцтва. Як і агрэсію супраць Украіны. Дыктатура Пуціна – гэта нацыянальная дыктатура. За стварэнне «нацыянальнай дыктатуры» выступаў улюбёны філосаф Пуціна Іван Ільін. Нацыянальная дыктатура заснаваная на нацыянальных традыцыях, сімвалах і, відавочна, адпавядае нацыянальным памкненням у разуменні большасці расейцаў. Таму яна, дарэчы, мякчэйшая за беларускую дыктатуру. Прынамсі ў сябе ўдома, але – не на акупаванай тэрыторыі. У той час як узровень жорсткасці і беззаконня беларускай дыктатуры застаецца дзесьці паміж Крымам і акупаваным Данбасам. І гэта не выпадковасць.

Буча і Марыупаль – гэта гісторыя не столькі пра акупацыю, колькі пра маштабныя ваенныя злачынствы. Яны не заўсёды суправаджаюць акупацыю. І дакладна не зʼяўляюцца вызначальнай рысай акупацыі як з’явы.

– «Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі супраць іншых дзяржаў». Гэта радок з беларускай канстытуцыі. Відавочна, тое, што адбылося 24 лютага мінулага года, – грубае парушэнне асноўнага беларускага закону.

– Расейскія войскі засталіся ў Беларусі, а потым напалі на Украіну з яе тэрыторыі ні ў якім разе не ў адпаведнасці з нейкім мандатам, выдадзеным беларускім народам.

– Гэта адбылося таму, што Лукашэнку пляваць на канстытуцыю ды іншыя законы. У краіне няма інстытуту, які б кантраляваў ягоныя дзеянні. А спроба беларусаў вярнуцца да законнасці ў 2020 годзе была здушаная перманентным палітычным тэрорам.

– Характар рэпрэсіяў у Беларусі мае выразна акрэслены нацыянальны характар. То бок антынацыянальны. Былі ліквідаваныя ўсе нацыянальныя ўстановы. Тэатры, выдавецтвы, творчыя саюзы, нават Таварыства беларускай мовы. У Беларусі пераследуюць за нацыянальную сімволіку і асабліва жорстка збіваюць за беларускую мову. За выказванні супраць расейскай агрэсіі судзяць як за «распальванне варожасці». Арыштоўваюць за тое, што спяваў песні на ўкраінскай мове ці маліўся за ўкраінскіх ваяроў.

Лукашэнка праводзіць паслядоўную жорсткую палітыку здушэння не толькі нацыянальнага супраціву, але проста ўсяго нацыянальнага. Гэтая палітыка трымаецца толькі на законе сілы.

Чужыя войскі, якія незаконна захапілі тэрыторыю, поўнае беззаконне, антынацыянальныя рэпрэсіі – гэтага дастаткова, каб вызначыць стан рэчаў у Беларусі менавіта як акупацыю.

Зміцер Галко

Стужка навінаў