Украінская выведка паведамляе, што на беларуска-ўкраінскай мяжы рыхтуецца маштабная правакацыя


Расея рыхтуе маштабную правакацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы, паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны. Нібыта гэта робіцца дзеля таго, каб уцягнуць беларускае войска ў вайну на баку Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: president.gov.ua / Facebook

Мэтаю правакацыі называюць стварэнне варожай грамадскай думкі адносна Украіны сярод беларускіх грамадзянаў. Таксама пасля гэтага плануецца забяспечыць паўнавартасны ўдзел беларускай арміі ў вайне на баку Расеі.

«Мы атрымалі інфармацыю, што найбліжэйшым часам ваенна-палітычнае камандаванне Расеі плануе правесці маштабную правакацыю на мяжы Украіны і Беларусі. Для дэталёвага асвятлення правакацыі ў Беларусь павінен прыбыць галоўны расейскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў. 11 сакавіка плануецца арганізацыя тэлерадыёмосту і жывая трансляцыя з месца падзеяў для прапагандысцкіх СМІ ў Расеі», – паведамляе ўкраінская выведка.

Як мяркуецца, планы прадугледжваюць пагрозу разбурэння аб’ектаў інфраструктуры і магчымыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва.

Ва ўкраінскім ведамстве заявілі, што Украіна не праводзіць ніякіх баявых аперацыяў на тэрыторыі Беларусі. Нагадаем, што раней Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў нападзе на самалёт А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў