Нашэсце расейцаў і бум унутранага турызму. Дзе адпачываюць беларусы і хто прыязджае да нас


Рост унутранага турызму, падзенне выязнога, Турцыя замест Егіпту, нашэсце расейцаў – вось асноўныя тэндэнцыі, якімі адзначылася турыстычная сфера Беларусі. Гэта вынікае са справаздачы пра леташнія вынікі працы турыстычнай галіны, якую апублікаваў Белстат. Куды ездзілі беларусы і хто ездзіў да нас – у матэрыяле «Белсату».

Нацыянальны аэрапорт «Менск», Беларусь. 30 красавіка 2020 года. 
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Вайна, санкцыі, мабілізацыя ў Расеі – усё гэта выклікала буйныя міграцыйныя плыні і не магло не адбіцца на турыстычнай галіне Беларусі. Пра змены сведчыць падрабязная справаздача пра турызм, якую Нацыянальны статыстычны камітэт рыхтуе штогод.

Расейцаў прыехала ўтрая больш

Апошнія тры гады больш за ўсё арганізаваных турыстаў прыязджалі ў Беларусь з Расеі. Аднак летась адбылося сапраўднае нашэсце расейцаў: 136 тысячаў (у 2021-м – у 2,5 разу меней). На другім і трэцім месцы – Латвія (2 тысячы турыстаў) і Літва (750 чалавек).

Hавiны
Расейскія тураператары запускаюць шоп-туры ў Беларусь па брэндавыя рэчы і карткі беларускіх банкаў
2022.08.19 11:55

Больш паказальная статыстыка – госці гатэляў. Паводле Белстату, летась беларускія гасцініцы ды «аналагічныя сродкі размяшчэння» абслужылі 674 тысячы асобаў з Расеі (у 2021-м – утрая менш). Таксама ў гатэлях, гостэлах і матэлях спыняліся госці з Латвіі (17 тысячаў), Украіны ды Кітая (па 16 тысячаў). З Літвы было 9 тысячаў, з Польшчы – 5 тысячаў чалавек.

Дарэчы, улады і Польшчы, і Літвы, і Латвіі (грамадзянам гэтых дзяржаваў не патрэбныя беларускія візы) раяць сваім суайчыннікам устрымацца ад паездак у Беларусь, бо, як кажуць, у выпадку затрымання або іншай небяспекі дапамагчы будзе складана.

Hавiны
У Беларусі за год бязвізу затрымалі 18 турыстаў з Латвіі
2023.03.08 17:07

Дзякуючы найперш расейцам вырас каэфіцыент загрузкі гасцініцаў, за год – на 4 %. У сярэднім гатэлі былі запоўненыя на 29 %, у Менску – на 38 %. Агулам у гасцініцах пабывалі 2 833 000 гасцей (на 500 тысячаў болей, чым пазалетась), сярод іх 947 тысячаў замежнікаў (рост на 450 тысячаў).

У беларускіх санаторыях летась адпачылі 934 тысячы асобаў, у асноўным беларусы (785 тысячаў). Сярод замежнікаў больш за ўсё з Расеі, адтуль прыехалі 139 тысячаў гасцей (у 2021-м – на 48 тысячаў меней). Таксама было 3200 латышоў і 2600 літоўцаў.

У аграсядзібах летась адпачывалі меней: 560 тысячаў асобаў супраць 564 тысячаў пазалетась. Пры гэтым замежных гасцей паболела (з 12 да 19 тысячаў), аднак паменела беларускіх (з 551 тысячы да 541 тысячы).

«Вандруюць па Беларусі ад безвыходнасці»

Сапраўдны росквіт перажывае ўнутраны турызм. Белстат налічыў 1 530 000 беларусаў, якія летась выправіліся ў арганізаваныя туры па краіне. Пазалетась было на 342 тысячы меней. З 2020-га ўнутраных турыстаў паболела амаль утрая.

Экскурсавод, краязнаўца і гісторык Цімафей Акудовіч растлумачыў тэндэнцыю безвыходнасцю. У каментары «Белсату» ён адзначыў, што выехаць за межы зрабілася складаней, вось беларусы і вандруюць па радзіме:

«Пра нейкія суперкрутыя праграмы я не чуў, наогул не чуў пра нейкія праграмы, якія б адрозніваліся ад чагосьці папярэдняга. Тут хутчэй звязана з тым, што выязджаць стала складаней. Беларусы сістэмна пачыналі больш і больш ездзіць па Беларусі апошнія 20 гадоў. Закрытыя межы, відавочна, павялічылі яшчэ гэтыя паездкі, але, мяркую, гэта найперш індывідуальныя туры, а не арганізаваныя аўтобусныя».

Экскурсія ў Барунах. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Акудовіч пры гэтым звярнуў увагу на ціск на экскурсаводаў, адзначыўшы, што на гэтым фоне недарэчна разважаць пра развіццё ўнутранага турызму.

«Пазбаўляюць ліцэнзіяў беларускіх гідаў, прычым самых вопытных. І на фоне гэтага абмяркоўваць, куды лепей вадзіць? На розных экскурсіях прысутнічаюць нейкія правакатары засланыя, там вельмі неспакойная сітуацыя ў гэтай экскурсійнай частцы, таму неяк абмяркоўваць, куды ездзіць, асабліва з пазіцыі дзяржавы, няма сэнсу. Зараз лепей ездзіць самім з праверанымі людзьмі», – сказаў суразмоўца «Белсату».

Турцыя, Расея, Егіпет

Летась у туры за межы краіны выправіліся 349 тысячаў беларусаў (на 130 тысячаў меней, чым пазалетась). Больш за ўсё – у Турцыю (104 тысячы). 78 тысячаў з’ездзілі ў Расею, 51 тысяча – у Егіпет, 30 тысячаў – у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Далей ідуць Грузія (21 тысяча) ды Польшча (16 тысячаў).

Дагэтуль два гады запар у лідарах быў Егіпет. У 2021-м там адпачылі 218 тысячаў беларусаў, у 2020-м – 115 тысячаў. У Турцыю пазалетась з’ездзілі 148 тысячаў, у 2020-м – 63 тысячы.

Перавагі змяніліся праз паступовае закрыццё неба: спачатку Украіна забараніла «Белавіі» выкарыстоўваць сваю паветраную прастору пасля прымусовай пасадкі ў Менску самалёта «RyanAir». Рэйсы пайшлі праз поўдзень Расеі. А гэтыя рэгіёны Расея закрыла, распачаўшы вайну. Крук павялічыўся.

Маршрут самалёта Менск – Стамбул. 8 сакавіка 2023 года.
Фота: flightradar24.com

У выніку ў Стамбул цяпер ляцець пяць гадзінаў замест ранейшых дзвюх; у Шарм-эш-Шэйх – 6,5 гадзіны, хаця напрасткі крыху меней за чатыры.

Маршрут самалёта Менск – Шарм-эш-Шэйх. 8 сакавіка 2023 года.
Фота: flightradar24.com

Раней беларусы ахвотна наведвалі Украіну (у 2021-м – 32 тысячы, у 2020-м – 12 тысячаў), летась да вайны паспелі 5600 чалавек. Цікава, што Расея толькі летась апынулася ў лідарах сярод краінаў, куды ездзілі беларусы: у 2021-м было 19 тысячаў, у 2020-м – 6 тысячаў.

Сёлета варыянты выязнога турызму не зменяцца. Самымі папулярнымі кірункамі, як чакаюць у Рэспубліканскім саюзе турыстычных арганізацыяў, застануцца Турцыя, Расея, Егіпет ды ААЭ.

Аналітыка
Турызм «адпачывае». Але сярод папулярных у беларусаў кірункаў адпачынку з’явіліся Мальдывы
2023.02.18 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў