Белсат супраць гіганта беларуска-расейскай прапаганды

Пуцін і Лукашэнка ставяцца да СМІ як да зброі. Яны ўкладваюць у прапагандысцкую махіну мільярды даляраў. Інфармацыйнай арміі Крамля Захад супрацьпастаўляе вельмі сціплыя рэсурсы, у тым ліку тэлеканал «Белсат».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналісты расейскіх і міжнародных СМІ падымаюць рукі, каб задаць пытанне Уладзіміру Пуціну падчас штогадовай прэс-канферэнцыю па выніках года па відэасувязі. Масква, Расея. 17 снежня 2020 года.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

«Лакальная» і «глабальная» прапаганда

Расея і Беларусь ствараюць сумесны медыяхолдынг. Ідэя не новая, бо аб аб’яднанні дзяржаўных СМІ і стварэнні агульнай прапагандысцкай машыны Менск і Масква гавораць ужо некалькі гадоў. Да гэтага часу беларуская і расейская прапаганда крыху адрозніваліся. Менск засяродзіўся на будаўніцтве культу Аляксандра Лукашэнкі, а ягоны наратыў у адносінах да замежных краін быў сканцэнтраваны на бліжэйшых «ворагах» – Польшчы і Літве. Ну і на апазіцыі.

Расейская прапаганда заўсёды была больш «глабальнай». Гаворка ішла пра супрацьстаянне з усім Захадам. Аднак, відаць, Лукашэнка і Пуцін прыйшлі да высновы, што беларуская і расейская прапаганда цяпер зусім на адной хвалі, і ім самы час дзейнічаць разам, з агульным кіраўніцтвам і мэтамі. Мэты гэтыя цалкам відавочныя. Па-першае, пастаянная кансалідацыя грамадства вакол лідараў. Па-другое, уплыў на знешні свет.

У абодвух выпадках прапагандысцкі апарат з’яўляецца інструментам агрэсіўнай экспансійнай палітыкі абодвух рэжымаў. Абодвух, бо лукашэнкаўская Беларусь цалкам лаяльная да Масквы ў галіне знешняй палітыкі. Беларуская і расейская прапаганда не з’яўляюцца СМІ ў класічным разуменні. Гэта нават не проста прапагандысцкі апарат. Называць з’яву так – значнае спрашчэнне і звужэнне. СМІ, спосаб інфармавання і дэзінфармавання – гэта зброя. Для Пуціна і Лукашэнкі яны –проста чарговы від войскаў ці дадатковая спецслужба. Прычым прапагандысцкі апарат цесна супрацоўнічае як з войскам, так і са спецслужбамі. У Беларусі і Расеі ў гэтым пытанні няма ніякіх недагаворванняў і сумневаў. Прапаганда і дэзінфармацыя накіраваныя выключна на службу дзяржаве.

Hавiны
Былы кіраўнік TVP напісаў адкрыты ліст пра будучыню «Белсату»
2024.02.07 16:23

Медыя-армія Крамля

Крамлёўская прапаганда дзейнічае вельмі шматмерна і здольная паслядоўна будаваць ілжывыя наратывы. Дзмітрый Мядзведзеў, былы прэзідэнт і кіраўнік Рады бяспекі Крамля, кажа, што мэта Расеі – раздзяліць Украіну, а сталіцай Украіны ў будучыні будзе Львоў. Бо Кіеў будзе расейскім. Галоўны тэзіс гэтых абсурдных слоў пра развал Украіны зусім не новы. Яго ўжо некалькі месяцаў распаўсюджваюць маскоўскія тэлевізійныя і інтэрнэт-рупары. Ён ужо даўно тыражуецца ў сацыяльных сетках у розных формах.

Такер Карлсан, вядомы амерыканскі тэлевядучы, які падтрымлівае Дональда Трампа, прыбыў у Маскву, каб узяць інтэрвʼю ва Уладзіміра Пуціна. Гэта яшчэ адно вымярэнне расейскай прапаганды, бо няма сумневу, што такім чынам голас Пуціна дойдзе да часткі амерыканцаў і будзе пераконваць іх, што, напрыклад, падтрымка Украіны не мае сэнсу.

Гэты голас будзе ўзмоцнены прапагандысцкім апаратам Крамля, які будаваўся гадамі. Тым, які працуе і ў ЗША, і Еўропе. Чацвёртая ўлада, як называюць СМІ амаль ва ўсім свеце, у Расеі выконвае ролю асобнага роду войска. Аляксандр III нібыта казаў, што ў Расеі ёсць два саюзнікі: армія і флот. Пуцін сёння мог бы сказаць: армія, флот і прапаганда. Гэта праўда, што прапаганда і кіраванне інфармацыяй і наратывам заўсёды былі важныя ў СССР, а потым і ў Расеі.

Усё пад кантроль!

Першае, што зрабіў Пуцін, калі прыйшоў да ўлады, – гэта падпарадкаваў сабе СМІ, узяўшы пад свой кантроль каналы НТВ і ОРТ, якія былі ўплывовымі на пачатку 2000-х. На той момант абедзве станцыі належалі алігархам: Уладзіміру Гусінскаму і Барысу Беразоўскаму. Яны страцілі іх, а самі былі вымушаныя бегчы з краіны. Арыштаваны па абвінавачванні ў фінансавых злоўжываннях, Гусінскі быў вымушаны прадаць сваё тэлебачанне, якое лічылася ўзорам незалежнасці, «Газпрому». Афіцыйна – за даўгі. Неўзабаве НТВ з палітычнага канала ператварыўся ў забаўляльны.

Падобны лёс напаткаў і тэлебачанне ОРТ Беразоўскага, якое ад пачатку было лаяльнае да Барыса Ельцына, а таксама доўгі час падтрымлівала яго пераемніка – спачатку ў выбарчай кампаніі, а потым і на пасадзе прэзідэнта. Аднак дастаткова было, каб Беразоўскі (а яго, між іншым, называюць «чалавекам, які стварыў Пуціна») пачаў ад яго дыстанцыявацца, каб сваё тэлебачанне страціў і ён. Цяпер былы ОРТ – гэта проста «Першы канал», то бок амаль афіцыйны прапагандысцкі рупар Крамля.

СМІ як зброя

Для Пуціна, выпускніка спецслужбаў, СМІ ніколі не былі толькі крыніцай інфармацыі або меркаванняў. Яны былі зброяй. Акрамя таго, гаспадар Крамля і яго людзі перакананыя, што расейскія свабодныя СМІ зʼяўляюцца інструментам уплыву Захаду, мэта якога – аслабленне Расеі. Такім чынам, паралельна з працэсам стварэння прапагандысцкага апарату з захопленых Крамлём тэлебачання і газет, праводзілася аперацыя па знішчэньні незалежных СМІ. Працэс ушчыльнення расейскай інфармацыйнай прасторы.

Паэтапна: спачатку Крэмль браў пад кантроль буйныя медыяхолдынгі, затым – больш дробныя радыёстанцыі і рэгіянальныя СМІ, прэсу і інтэрнэт-парталы. Затым адбылася экспансія ў інтэрнэт і стварэнне кантраляваных сацыяльных сетак.

Hавiны
«Пасля 16 гадоў цяжкай працы, атрымалі падаўжэнне свайго «жыцця» на месяц». Дырэктарка «Белсату» распавяла, што адбываецца з каналам
2024.01.26 22:28

На полі бітвы – Белсат

І, нарэшце, з дапамогай чарговых абмежавальных законаў, гэтыя СМІ амаль зніклі. Амаль – таму, што на полі бою засталіся парталы «Радыё Свабода» і «Медуза», якія дзейнічаюць з-за мяжы, альбо расейскія версіі сайтаў BBC і Deutsche Welle. І Белсат. Усе гэтыя СМІ таксама трапілі ў чорны спіс. У Беларусі ўжо даўно, а цяпер і ў Расеі. Іх журналісты падвяргаюцца рэпрэсіям. Цяпер у беларускіх турмах і ізалятарах знаходзяцца 17 журналістаў, якія рознымі спосабамі супрацоўнічалі з «Белсатам». Гэта ажно 1/3 усіх медыйнікаў, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні. 26 студзеня Міністэрства юстыцыі ў Маскве ўнесла расейскую рэдакцыю «Белсату», то бок праект «Вот Так», у рэестр «замежных агентаў».

Hавiны
«Вот Так» — «замежны агент». Што гэта значыць для чытачоў і гледачоў?
2024.02.01 17:57

Гэта форма прававой стыгматызацыі нешматлікіх незалежных СМІ і інстытутаў у Расеі. Яна прымушае, напрыклад, матэрыялы з падобный крыніцы пазначаць апісаннем, што гэта праца «агента». Акрамя відавочна негатыўнага для Расеі адцення гэтага тэрміна, ён зʼяўляецца свайго роду папярэджаннем і, як правіла, папярэднікам далейшых рэпрэсій і абмежавання сферы дзеяння. Сёння дзейнасьць незалежных СМІ і тых, хто спрабуе парушыць інфармацыйную манаполію Лукашэнкі і Пуціна, надзвычай небяспечная для журналістаў. Гэта выключна складана яшчэ і таму, што гэтыя медыя сціплымі сродкамі супрацьстаяць гіганту крамлёўскай прапаганды.

Давід супраць Галіяфа

Крэмль мае ў сваім распараджэнні магутную медыйную імперыю. Гэта тэлеканалы «Россия 1» і «Россия 24» з холдынга РГТРК, а таксама тэлеканал НТВ, які належыць «Газпром-медыя». Іх падтрымліваюць меншыя тэлеканалы, такія як РЕН-ТВ, 5 канал, або «Звезда», якія кантралююцца Міністэрствам абароны. І, урэшце, мэдыйная рука Крамля, нацэленая на… фактычна ўвесь свет, то бок канал RT (былы Russia Today).

З пачаткам агрэсіі прапаганда нападаў на Захад толькі ўзмацнілася. Напрыклад, была падоўжаная працягласць галоўных прапагандысцкіх праграм на тэлебачанні, якія вядуць Дзмітрый Кісялёў, Вольга Скабеева і Уладзімір Салаўёў.

Прапагандысцкая імперыя таксама ўключае ў сябе сотні інтэрнэт-кампаній, якія распаўсюджваюць кантэнт у сацыяльных сетках (у народзе іх называюць «фермамі троляў»). Нарэшце, існуе разгалінаваны аналітычны апарат і цэнтры вывучэння грамадскай думкі.

Прыватныя кампаніі, спецслужбы і ўніверсітэцкія цэнтры дзейнічаюць ад імя прапагандысцкай арміі, пастаянна адсочваючы настроі і даследуючы, якія наратывы лепш за ўсё могуць «заразіць» расейскае, беларускае і заходняе грамадства. Расейская прапаганда можа выкарыстоўваць нестандартныя сродкі. Напрыклад, спроба паўплываць на жыхароў Захаду з дапамогай інтэрнэт-форумаў у папулярных камп’ютарных гульнях World of Tanks або Minecraft.

Крэмль не эканоміць на прапагандзе. У 2022 годзе на дзяржаўныя СМІ было выдаткавана 1,5 млрд даляраў (паводле даных debunk.org, 1,9 млрд даляраў). Гэта значыць, на 200 працэнтаў. больш, чым у той жа час годам раней. Летась на СМІ было выдаткавана 1,6 млрд даляраў. Гэта сумы, большыя за гадавы абаронны бюджэт такіх краін NATO, як Балгарыя ці Харватыя. А гэта толькі дзяржаўныя СМІ. Пры гэтым рэгіянальныя СМІ і тыя, што належаць да алігархічных канцэрнаў (напрыклад, СМІ Алішэра Усманава) або дзяржаўных кампаній, такіх як «Газпром», таксама ўдзельнічаюць у прапагандзе. Толькі на тэлеканал RT Расея выдаткоўвае больш за 350 млн даляраў. Нягледзячы на ​​тое, што цяпер крамлёўскія СМІ заблакаваныя ў многіх заходніх краінах, гэта не значыць, што пуцінская прапагандысцкая машына не дзейнічае з дапамогай іншых інструментаў: сацыяльных сетак і сетак прыхільнікаў разнастайных антысістэмных тэорый змовы, якія асабліва актыўна ствараліся ў перыяд пандэміі. Колькі Крэмль выдаткоўвае на гэты від дзейнасці, падлічыць немагчыма.

Рэдакцыя Белсату
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналіст і вядоўца Алесь Папко ў вечаровым эфіры праграмы «Вот Так». Варшава, Польшча. 30 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

На гэтым фоне дзейнасць нешматлікіх незалежных СМІ ў Расеі і Беларусі мае значна лепшыя суадносіны коштаў (невялікіх ў параўнанні з расійскімі СМІ) і эфектыўнасці. Летась «Белсат» каштаваў (без уліку выдаткаў на эфірнае вяшчанне) 18,2 млн даляраў. За такія сціплыя ў параўнанні з расейскім прапагандысцкім апаратам сродкі канал «Вот Так» (расейскамоўная рэдакцыя «Белсату») набраў 1,3 мільёна падпісчыкаў, а сайт – больш за мільён унікальных карыстальнікаў. YouTube-канал «Вот Так» за апошнія тры месяцы набраў 42,5 мільёна праглядаў і 13,8 мільёна унікальных гледачоў. За апошнія два гады расейская аўдыторыя «Белсату» вырасла на 2126%! Для гледачоў у Расеі і Беларусі «Белсат», яго каналы і сайты YT – адна з нямногіх крыніц інфармацыі пра вайну ва Украіне. А гэта надзвычай уразлівая тэма.

Як зламаць манаполію?

За рэпартажы пра вайну Расейская служба электроннага сачэння (Роскомнадзор) спрабуе з 2022 года заблакаваць «Вот Так» у інтэрнэце. Карэспандэнты «Белсату» працуюць на перадавой украінскай абарончай вайны і паведамляюць пра падзеі з рэгіёнаў Украіны. У дзень поўнамаштабнага нападу Расеі на Украіну відэа «Белсату» ў YouTube паглядзелі 5,5 мільёнаў чалавек. Ажно 55 працэнтаў гледачоў расейскамоўных інтэрнэт-каналаў «Белсату» – жыхары Расеі. Інтэрнэт-даныя паказваюць, што некаторыя гледачы «Белсату» таксама рэгулярна глядзяць расейскія прапагандысцкія каналы. Гэта значыць, што прапанова «Белсату» даходзіць не толькі да заўзятых апанентаў крамлёўскага рэжыму, але і да тых, хто не вызначыўся ці проста шукае альтэрнатыўныя прапагандзе крыніцы інфармацыі.

Зламаць інфармацыйную манаполію крамлёўска-лукашэнкаўскай прапагандысцкай машыны вельмі складана не толькі таму, што яна непараўнальна лепш фінансуецца і мае ў сваім распараджэнні практычна ўсе сродкі. Яшчэ і таму, што ўвесь рэпрэсіўны апарат Расеі і Беларусі жорстка змагаецца з канкурэнцыяй. Аднак гэта мае такі ж сэнс, як супрацьстаянне расейскай агрэсіі на ўкраінскім фронце або супраціўленне экспансіі Крамля ў дыпламатычнай і эканамічнай сферах. Тым больш, што інфармацыя пд незалежных СМІ, такіх як «Белсат», даходзіць да людзей, актыўных у Расеі і Беларусі, якія шукаюць іншага, чым пуцінскае, бачання свету.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў