«Спецыяльна робяць людзей беднымі». Валер Цапкала аб чыноўніках, выдатках Лукашэнкі і страху страціць працу


Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў і ўдзельнік выбарчай кампаніі 2020 года Валер Цапкала ў размове з журналісткай «Белсату» Арынай Маліноўскай дзеліцца ўласнымі меркаваннямі пра тых, хто працуе на дзяржаўнай службе ў Беларусі.

Валер Цапкала ў Варшаве.
Фота: Белсат

– Як Лукашэнка ставіцца да чыноўнікаў, якія яго атачаюць?

– Для яго чалавек, прычым як у сілавых органах, так і звычайны чалавек, – проста нейкае ўгнаенне для забеспячэння ягонай асабістай улады. І той факт, што ён дзесяць міністраў унутраных справаў памяняў за 27 гадоў, дзесяць прэмʼер-міністраў памяняў за час свайго кіравання, велізарную колькасць кіраўнікоў адміністрацыі, Савет бяспекі пастаянна тасаваў, – гэта якраз і кажа пра тое, што ў яго няма ніякай прыхільнасці да людзей. І нават тыя, хто сёння блізкі да яго, насамрэч, гэта да пэўнага часу. Прыйдзе час, ён ім дасць таксама нагой пад зад, як даваў усім папярэднікам. Ідэя ў тым, што павінен быць толькі адзін на небасхіле, і гэты адзін – Лукашэнка. Больш ніхто не можа стаяць побач. Гэтая мадэль кіравання, з аднаго боку, здаецца досыць устойлівай. З іншага боку, калі яна замкнёная на аднаго чалавека, то калі нешта з ім адбудзецца – уся сістэма тут жа абрынецца. І гэта якраз характарызуе тое, што пры Лукашэнку Беларусь не склалася як дзяржава. Бо каб існавала дзяржава, мусяць працаваць інстытуты: парламенцкія інстытуты, інстытуты судовыя, эканоміка, развіццё сярэдняга класу, змена ўлады павінна адбывацца зразумелым транспарэнтным чынам. А пры ім усё абсалютна непразрыста. Як толькі ўзнікла нейкая складанасць, ён тут жа пабег у Расею па абарону.

Hавiны
«Адкапаюць яшчэ тваіх прапрадзедаў». Лукашэнка адрэагаваў на расследаванне «Белсату»
2022.02.08 15:28

– А колькі зарабляюць беларускія чыноўнікі найвышэйшага ўзроўню?

– Чыноўніцтва, я думаю, атрымлівае мала. Іншая рэч, з кім мы параўноўваем. Калі цяпер у Эстоніі сярэдні заробак 1500 еўраў, а ў Беларусі мы атрымліваем у чатыры разы менш, то і здаецца, што чыноўнікі атрымліваюць высокія заробкі. Я думаю, што 2–3 тысячы беларускіх рублёў атрымліваюць чыноўнікі. Але атрымліваюць, напэўна, у тым ліку, і нейкія грошы ў канвертах. Але я не магу сказаць, што гэта вялікія грошы. Магчыма, для давераных асобаў ёсць дадатковая каса, з якой яны атрымліваюць грошы. Гэтая каса называецца «рэзервавы фонд прэзідэнта». Туды прымушаюць дзяржаўныя прадпрыемствы аддаваць увесь звышпрыбытак, які яны маюць ад гандлю нафтай, гандлю драўнінай, калійнымі ўгнаеннямі і г. д. Усё гэта паступае ў фонд, і Лукашэнка гэтыя грошы, зразумела, не толькі праядае, але і дзеліцца імі. Колькі ён можа праесці? Я бачыў лічбу 4000 долараў за дзень – гэта выдаткі на харчаванне і г. д. Плюс марнуе на ўтрыманне самалётаў, аўтапаркаў, і асабістая служба аховы, яна ў яго вельмі вялікая, там каля 3000 чалавек, наколькі я ведаю. Гэта ўсё выдаткі пазабюджэтныя, мы іх не бачым. Але я ведаю, што ў некаторыя гады якраз гэты ягоны фонд, так званы «рэзервавы», набліжаўся да памеру бюджэту ўсёй Беларусі.

– Што трымае чыноўнікаў? Выглядае, што не толькі грошы?

– Існуе боязь страціць працу. Трэба разумець, што сістэма, якая створаная ў Беларусі, – гэта сістэма абсалютна бедных людзей і немагчымасці знайсці сабе працу ў выпадку, калі ты пойдзеш на нейкі грамадзянскі ўчынак. Ты ў гэтым выпадку страціш працу і не зможаш яе здабыць. Лукашэнка спецыяльна робіць людзей беднымі, спецыяльна робіць так, каб людзям не хапала ад аднаго заробку да другога, і тым самым падвешвае іх як бы на кручок, каб яны не смелі выказвацца так, як яны лічаць патрэбным, каб яны не мелі свайго гледзішча і баяліся, што іх могуць звольніць.

Hавiны
«Галоўнае цяпер – чысціня кадраў». Дзяржслужачыя пра працу «да канца» і рост заробкаў
2021.12.28 11:51

АМ belsat.eu

Стужка навінаў