Вайсковы пенсіянер абурыўся хлуснёй прэс-афіцэркі пра алкаголь у крыві Бандарэнкі і запеніў ёй дзверы

Сваймі дзеяннямі абвінавачаны хацеў давесці міліцыянтцы, што трэба трымацца нормаў маральнасці. Яго абурыла, што ў словах прэс-афіцэркі не было спачування да сям’і загінулага, а была хлусня, нібыта Раман Бандарэнка быў пʼяны. Яшчэ адна справа з-за гібелі на плошчы Пераменаў.

Ігар Канапайка ў судзе. Фота: Вясна

У судзе Фрунзенскага раёну Менску 9 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць да менчука, які запеніў дзверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі, перадае «Вясна». Грамадзяніна Расейскай Федэрацыі Ігара Канапайку абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 339 («Хуліганства») і артыкул 369 («Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў»).

Ігар Канапайка мае від на жыхарства ў Беларусі, вайсковы пенсіянер. Пацярпелая ў справе – прэс-афіцэрка Цэнтральнага РУУС Менску Таццяна Абозная.

З матэрыялаў следства вядома, што днём 13 лістапада 2020 года 55-гадовы мужчына зайшоў у падʼезд аднаго з дамоў у Фрунзенскім раёне Менску і заліў мантажнай пенай уваходныя дзверы кватэры супрацоўніцы органаў унутраных справаў. Таксама ён запеніў замок дзвярэй і паштовую скрыню.

На паштовай скрыні ён напісаў «Мент-забойца».

Канапайку затрымалі 27 лістапада і змясцілі пад варту.

Сваю віну абвінавачаны прызнаў і раскаяўся ў здзейсненым.

Таццяна Абозная распавяла на судзе, што 12 лістапада ў тэлеграм-каналах былі размешчаныя асабістыя звесткі супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС, у тым ліку і ейныя. Людзі тэлефанавалі з пагрозамі, пераважна з замежных нумароў.

«На наступны дзень, зайшоўшы ў дамавы чат, убачыла фота сваёй скрыні з надпісам «Мент-забойца». І скрыня была запененая. Яшчэ былі запененыя дзверы. Перажывала, што з бацькамі і дзіцем. Яму няма 3-х гадоў, і ў яго інваліднасць. Бацька таксама інвалід 2-й групы. Звязалася з мамай, яе дома не было».

Пыехала следча-аператыўная група. Дзверы атрымалася адкрыць толькі праз 10 хвілінаў. Знутры дзверы было адкрыць немагчыма. Ніжні замок перастаў працаваць, верхні працаваў з цяжкасцю.

Абозная кажа, што суседзі перасталі з ёй вітацца, заходзіць разам у ліфт. Дзіця прыйшлося вывезці з Менску, а яму патрэбны пастаянны догляд.

«З-за надпісу было маральна вельмі непрыемна, паколькі ніколі нікому нічога дрэннага не зрабіла», – казала яна.

Тацяна Абозная заявіла грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды памерам 10 тысяч рублёў, а таксама пазоў аб пакрыцці матэрыяльнай шкоды – 425 рублёў (125 – замена замка, 300 – ацэнка пашкоджання скрынкі).

Абвінавачаны з пазовам не згодны. Кажа, не зразумела, адкуль такія сумы.

«А вы пастаўце сябе на маё месца, калі вам так запеняць дзверы».

«А вы сябе на месца Рамана Бандарэнкі пастаўце», – прагучала рэпліка з залы.

Ігар Канапайка распавёў, што прачытаў артыкул з каментарамі Абознай пра смерць Рамана Бандарэнкі, быццам ў ягонай крыві знайшлі алкаголь. Яго абурыла гэтая грубая хлусня, быў на эмоцыях.

Сваймі дзеяннямі хацеў давесці Абознай, што трэба трымацца нормаў маральнасці. У яе словах не было спачуванні сямʼі загінулага. Гэта была хлусня, Раман не быў пʼяны.

Напісаў на скрыні, каб паведаміць Абознай, што хлусіць нядобра, нават злачынна.

У Канапайкі знайшлі плакаты з Раманам Бандарэнкам і з надпісамі, што міліцыянты з Цэнтральнага РУУС – забойцы.

Прысуду пакуль няма.

AB, belsat.eu

Hавiны