BYPOL: Існуе вайсковае падраздзяленне, якое мае займацца знішчэннем апанентаў Лукашэнкі за мяжой


Ініцыятыва BYPOL апублікавала інфармацыю аб спецпадраздзяленні, задачай якога нібыта з’яўляецца знішчэньне палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі за мяжой.

Паводле BYPOL, дадзенае падраздзяленне створанае ў 2014 годзе. Яго назва – 9-ы аддзел галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба Міністэрства абароны.

Адной з заданняў гэтага аддзелу зʼяўляецца правядзенне кропкавых аперацый за мяжой.

Кожны супрацоўнік 9-га аддзелу абавязаны прайсці навучанне на вайскова-дыпламатычным факультэце Вайсковай акадэміі або ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі КДБ (жывуць і навучаюцца нібыта на асобным зачыненым паверсе, дасяг да іх навучання мае абмежаванае кола выкладчыкаў), альбо ў вайсковых ВНУ РФ.

Тэрмін навучання складае 3 гады. За гэты час навучэнец асвойвае 2 замежныя мовы, а таксама агентурныя дысцыпліны. Падчас праходжання службы ўсе байцы праходзяць вадалазную і парашутную падрыхтоўку (спартовыя парашуты), каб забяспечыць таемнае пранікненне ў замежную дзяржаву паветраным або водным шляхам, а таксама навучанне навыкам практычнай стральбы і правядзенню спецаперацый у гарадскіх умовах.

Паводле BYPOL, падраздзяленне настолькі сакрэтнае, што цяперашні міністр абароны Віктар Хрэнін даведаўся пра яго існаванне толькі пасля прызначэння на пасаду.

Афіцыйных каментароў ад Міністэрства абароны на гэты конт няма.

Напачатку года Беларускі народны трыбунал апублікаваў аўдыязапіс нарады, якая прайшла 11 красавіка 2012 года імаверна ў кабінеце старшыні КДБ. Падчас гутаркі чалавек з голасам падобным на голас тагачаснага кіраўніка КДБ Вадзіма Зайцава абмяркоўвае з прадстаўнікамі спецназу «Альфа» аперацыі супраць апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за мяжой.

Там выканаўцай «брудных задач» называўся 7-ы аддзелу антытэрарыстычнага падраздзялення КДБ РБ «Альфа».

Паводле інфармацыі былога афіцэра спецназу Ігара Макара, 7-ы аддзел антытэрарыстычнага падраздзялення КДБ РБ «Альфа» быў створаны ў 2012 годзе, у тым ліку для ліквідацыі палітычных канкурэнтаў.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў