«Politico» прызнала Зяленскага самым уплывовым еўрапейцам, а Пуціна – няўдачнікам года


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі стаў самай уплывовай асобай Еўропы ў 2022 годзе, паводле выдання «Politico». «Ён прымушае Еўропу рабіць тое, што ён хоча», – гаворыцца ў артыкуле, прысвечаным Зяленскаму.

Выданне «Politico» апублікавала рэйтынг самых уплывовых людзей Еўропы 2022 года. Скрыншот: politico.eu

Выданне «Politico» прызнала Уладзіміра Зяленскага самай уплывовай асобай Еўропы ў 2022 годзе.

«Толькі паглядзіце, як еўрапейскія лідары бягуць у Кіеў, каб сфатаграфавацца са знакамітым 44-гадовым мужчынам у ягонай цяпер ужо культавай аліўкава-зялёнай футболцы. Стоячы побач з ім, палітыкі прагнуць быць заўважанымі. Зяленскі пераканаў астатнюю Еўропу ў тым, што яе будучыня звязаная з Украінай – у гэта мала хто верыў да ўварвання Расеі ў лютым», – гаворыцца ў артыкуле, прысвечаным Зяленскаму.

«Politico» адзначыла ўмелае выкарыстанне прэзідэнтам Украіны сацыяльных сетак і традыцыйных медыяў. Ён пераканаў еўрапейскіх лідараў і грамадства, што вайна ва Украіне – гэта таксама вайна Еўропы.

«Гэта дае яму паўнамоцтвы прымусіць Еўропу рабіць тое, што ён хоча. Калі ён хоча зброі, ён яе атрымлівае, нават калі гэта азначае скасаванне даўняй палітыкі Нямеччыны не прадаваць яе. Калі ён хоча санкцыяў, ён іх атрымлівае», – піша «Politico».

Агулам у рэйтынгу самых уплывовых людзей Еўропы 2022 года – 28 палітыкаў. Сярод іх – прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, якога выданне абвясціла няўдачнікам (loser) года.

«Мара Уладзіміра Пуціна аб вялікай Расеі наўрад ці будзе зрэалізаваная. Ягонае ўварванне паставіла ягоную краіну ў трэцеразрадны статус, бо яна не магла пераадолець супраціўніка, якога недаацэньвала і якім пагарджала. Іншыя скарацілі б свае страты і адступілі, але ўпартасць Пуціна азначае, што вайна, імаверна, зацягнецца. Няздольнасць Пуціна рэалізаваць сваю мару не азначае, што ён і далей не будзе кашмарам для сваіх суседзяў», – адзначае «Politico».

Раней выданне «Financial Times» назвала Зяленскага асобай года, а часопіс «Time» абвясціў персонамі года Зяленскага і «дух Украіны».

Абноўлена
Уладзімір Зяленскі лідарам G20: Надышоў час, калі вайну Расеі супраць Украіны можна спыніць
2022.11.15 09:09

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў