«Стаць цэнтрам кансалідацыі». Полк Каліноўскага ладзіць канферэнцыю «Шлях да волі»


29 лістапада ў Кіеве адбудзецца канферэнцыя «Шлях да Волі», якая мае на мэце ўзгадніць і зацвердзіць канцэпцыю вызвалення Беларусі, а таксама стварыць каардынацыйную пляцоўку для падрыхтоўкі, забеспячэння і ажыццяўлення стратэгіі вызвалення. Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага ва Украіне.

Афіша будучай канферэнцыі. Крыніца: Полк Каліноўскага / Telegram

«Ваенныя поспехі Украіны сфармуюць новую архітэктуру бяспекі, у межах якой Рэспубліка Беларусь пазбавіцца ад вайсковай прысутнасці РФ на сваёй тэрыторыі пад ціскам Украіны. Гэта адчыняе «акно магчымасцяў» для трансфармацыяў у Беларусі», – тлумачаць арганізатары канферэнцыі.

На іх думку, Украіна можа стаць цэнтрам кансалідацыі нацыянальна-дэмакратычных сілаў і іх надзейным саюзнікам, «пляцоўкай для акумуляцыі рэсурсаў, скіраваных на змены ў Беларусі».

«Мільёны беларусаў звязваюць свае спадзяванні на змены з Украінай, беларускімі добраахвотнікамі і нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі», – гаворыцца ў рэлізе форуму на сайце палку Каліноўскага.

Каардынацыйная пляцоўка, сфармаваная па выніках канферэнцыі, «у якую ўвойдуць асноўныя актары нацыянальна-вызваленчага руху», мае ўзяць на сябе функцыі рэалізацыі прынятай стратэгіі.

Арганізатары тлумачаць, што пад нацыянальна-вызваленчым рухам разумеюць грамадска-палітычныя ініцыятывы, уласна полк Каліноўскага (ПКК) і іншых добраахвотнікаў, а таксама арганізацыі і партыі, якія адстойваюць пазіцыі незалежнасці, беларускага адраджэння, дэмакратыі і свабоды.

Такім чынам, да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца добраахвотніцкія беларускія фармаванні, ваенна-патрыятычныя арганізацыі беларусаў, палітычныя партыі і рухі, прадстаўнікі нацыянальна-дэмакратычных сіл, грамадскіх арганізацый, праваабарончага руху, беларускіх дыяспараў, бізнесу, а таксама – дыпламатычны корпус.

Рэпартаж
Сахашчык, Пракопʼеў і Ягораў абʼядналіся і паехалі па дыяспарах. Пра што кажуць?
2023.11.04 12:37

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў