Міграцыйны крызіс на мяжы: Вальфовіч заявіў, што Польшча і краіны Балтыі не ідуць на дыялог з Беларуссю


Дзяржсакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што міграцыйная пагроза ідзе не з боку Беларусі і Расеі і што звароты да Польшчы і краінаў Балтыі дзеля развязання міграцыйных праблемаў на мяжы Беларусі застаюцца без адказу. Пра гэта Вальфовіч расказаў журналістам 8 лістапада ў Маскве ў кулуарах сустрэчы сакратароў саветаў бяспекі краінаў СНД.

Польска-беларуская мяжа.
Фота: Gazeta.pl

«Усе нашы сігналы і звароты да нашых суседзяў – давайце канструктыўна размаўляць, у тым ліку і на міграцыйную тэму, каб знайсці выйсце з гэтай сітуацыі, знайсці шляхі яе вырашэння, – застаюцца без адказу», – заявіў Аляксандр Вальфовіч.

Ён сказаў, што заходнія суседзі абвінавачваюць Беларусь у «стварэнні нейкага міграцыйнага крызісу», але, з ягоных словаў, беларускія памежнікі зафіксавалі каля трох тысячаў спробаў выпіхвання групаў мігрантаў з сумежнай тэрыторыі, а таксама 38 выпадкаў падкідвання трупаў мігрантаў на тэрыторыю Беларусі.

«Міграцыйная пагроза ідзе не з боку Беларусі і Расеі… Мы адкрытыя да дыялогу ва ўсіх пытаннях. Але нашыя звароты і па лініі памежных ведамстваў, і па лініі МЗС застаюцца без адказу: нашы суседзі (не народы – народы Польшчы і Прыбалтыкі з задавальненнем едуць у Беларусь), кіраўніцтва гэтых краінаў проста не хоча ісці па шляху развязання ўсіх пытанняў у канструктыўным рэчышчы», – заявіў журналістам Аляксандр Вальфовіч.

«Белсат» пісаў сёння пра тое, што служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы ўжо восьмы дзень запар не фіксуе спробаў нелегальнага пераходу беларуска-літоўскай мяжы мігрантамі з трэціх краінаў. Пры гэтым праз межы з Латвіяй і Польшчай спробы трапіць на тэрыторыю ЕЗ працягваюцца. 7 лістапада латышскія памежнікі зафіксавалі 40 такіх спробаў, польскія – 120 (6 лістапада), прычым супрацоўнікі Памежнай аховы Польшчы былі абстраляныя з беларускай тэрыторыі камянямі з рагатак.

Hавiны
Беларусь прыпыніла міграцыйны ціск на Літву: на мяжы ўжо 8 дзён цішыні
2023.11.08 09:43

Паводле прэс-сакратара Памежнай аховы Польшчы Анны Міхальскай, з пачатку 2023 года было зафіксавана амаль 25 тысячаў спробаў незаконнага пераходу польскай мяжы з боку Беларусі. Сярод парушальнікаў – грамадзяне 50 краінаў свету.

Міграцыйны крызіс быў штучна створаны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Крызіс пачаўся ў канцы вясны 2021 года. Адпраўным пунктам стаўся скандал з захопам самалёта «Ryanair», які пацягнуў за сабою маштабныя абмежавальныя захады з боку Еўразвязу і ў тым ліку ўвядзенне сектаральных санкцыяў. У гэтай сітуацыі рэжым Аляксандра Лукашэнкі даў зразумець, што разглядае міграцыйнае пытанне як механізм шантажаваць Еўразвяз і помсціць за санкцыі.

Польскія, літоўскія і латышскія памежнікі неаднаразова дэманстравалі відэа (напрыклад, такое), як іхныя беларускія калегі не толькі не перашкаджаюць парушаць закон, але і спрыяюць пераходу мяжы незаконным шляхам. Журналісты ж не раз даказвалі, што на нелегальнай міграцыі зарабляюць беларускія кампаніі, у тым ліку блізкія да атачэння Лукашэнкі.

Каментар
Мігранты перасталі штурмаваць літоўскую мяжу з тэрыторыі Беларусі. Выпадковасць ці гульня Лукашэнкі?
2023.11.07 07:31

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў