«Ватыкан ідзе на кампраміс з сіламі зла?», або Што стаіць за палітыкай Папы Францішка ў дачыненні Беларусі


Афіцыйная пазіцыя Ватыкану да сітуацыі ў Беларусі выклікае пытанні як у звычайных назіральнікаў, так і ў вернікаў. Маўчанне і двухсэнсоўныя заявы з боку кіраўніцтва Каталіцкага Касцёлу правакуюць неразуменне, а часта – і расчараванне. Чаму так адбываецца? У гэтым пытанні карэспандэнты «Белсату» спрабавалі разабрацца разам з мадэратаркай групы «Хрысціянская візія» Наталляй Васілевіч.

У касцёле Святога Францішка ў Новай Баравой. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

За больш як два гады грамадзянскага паўстання супраць дыктатуры ў Беларусі Папа Францішак толькі аднойчы публічна закранаў сітуацыю з задушэннем пратэстаў у нашай краіне. Было гэта ажно 16 жніўня 2020 года. Тады пантыфік скіраваў адмысловы зварот, звязаны з сітуацыяй у Беларусі.

«Мае думкі кірую да дарагой Беларусі. З вялікай увагай сачу за сітуацыяй, што склалася пасля выбараў у гэтай краіне. Заклікаю да дыялогу, спынення гвалту, паважання справядлівасці і права. Давяраю ўсіх беларусаў апецы Багародзіцы, Каралевы супакою», – сказаў Папа.

Але больш да ўнутрыбеларускай тэмы ён не вяртаўся. Не ўплывалі на гэта ані перашкоды ў дзейнасці іерархаў, ані пераслед святароў і вернікаў, ані фактычная канфіскацыя Чырвонага касцёлу. Так, у Беларусь прыбывалі з візітамі сакратар у стасунках Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Гэлагер і адмысловы пасланнік пантыфіка арцыбіскуп Кляўд’ё Гуджэроцці. У выніку яны здолелі атрымаць дазвол, каб у Беларусь вярнуўся апальны мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, але неўзабаве той быў адпраўлены ў адстаўку.

Тадэвуш Кандрусевіч. 24 снежня 2020 года.
Фота: Белсат

Беларусы, у тым ліку палітвязні ды іхныя сем’і, таксама неаднаразова звярталіся ў Ватыкан і да Папы Францішка ў спадзеве, што Каталіцкі Касцёл дапаможа спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязняў.

«Ад імя беларускага народу мы просім Вашых святых малітваў і Вашага шчырага слова праўды і справядлівасці, якія былі б для ўсіх нас блаславеннем», – пісала ў сваім лісце ў снежні 2020 года лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская.

Але ўсе гэтыя звароты засталіся без адказу.

Актуалізаваць запыт беларусаў

І вось у канцы кастрычніка гэтыя лісты апублікавала асобнай кнігай на англійскай мове група «Хрысціянская візія». Апроч ужо згаданага ліста Ціханоўскай, у зборнік увайшлі тэкст ксяндза Вячаслава Барка, лісты да Папы Францішка ад палітвязня Ігара Лосіка, жонкі зняволенага сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца і сваякоў іншых палітвязняў. Упершыню апублікаваныя і адмысловыя лісты «Хрысціянскай візіі» ў Ватыкан.

Як кажа ў каментары «Белсату» мадэратарка групы, палітолаг Наталля Васілевіч, мэтаю кнігі было перадусім «сабраць пад адну вокладку адпаведныя дакументы, якія маглі б сведчыць пра ролю Ватыкану – пажаданую і рэальную – ва ўладкаванні беларускага палітычнага крызісу ці прынамсі ў пытаннях абароны канкрэтных людзей, якія такога падтрымання вымагаюць».

ксёндз Вячеслав Борок, месса, верующие, католики, костёл Святого Александра, Станислав Шушкевич, Варшава, Польша
На здымку – ксёндз Вячаслаў Барок. Варшава, Польшча. 8 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Таксама з дапамогай выдання кнігі планавалася «актуалізаваць запыт беларускай грамадзянскай супольнасці да Святога Пасаду, прыцягнуць увагу Ватыкану да таго, што пытанні, якія ўздымаліся ў 2020–2021 гадах, так і не былі ўладкаваныя, а палітычны крызіс у Беларусі паглыбляецца».

«Святы Пасад браў на сябе абавязкі «спрыяць дасягненню дэмакратычных і мірных развязкаў у адказ на законныя патрабаванні беларускага народу», але беларуская грамадзянская супольнасць не бачыць ніякіх актыўных дзеянняў у гэтым кірунку», – адзначае Васілевіч.

Разгледзець цені

Як адзначае суразмоўца, цяжка адэкватна ацаніць працу Ватыкану, бо яго «дыпламатыя робіць стаўку на закрытыя і непразрыстыя перамовы».  «Публічныя заявы і дзеянні – гэта толькі невялікая частка актыўнасці Святога Пасаду, галоўныя праца адбываецца ў ценю». Тым не менш, адзначае Васілевіч, людзі разглядаюць Ватыкан не толькі як дыпламатычны інструмент, але і як частку Каталіцкага Касцёлу, таму і чакаюць ад яго крокаў, «што будуць голасам маральнага аўтарытэту, грунтавацца на хрысціянскім пасланні свету – з салідарнасцю і эмпатыяй у дачыненні тых, каго несправядліва пераследуюць, хто сам не можа абараніць сябе, да слабейшых, маргіналізаваных, стаць голасам прыгнечаных супраць прыгнятальнікаў».

Даведка
Наталля Васілевіч.
Фота: асабістая старонка / Facebook

«Аднак Ватыкан, як правіла, дзее на падставе ўласных уяўленняў і інтарэсаў, так што часам нават нельга зразумець, на баку дабра ці зла ватыканскія чыноўнікі; цяжка зразумець сапраўдную матывацыю і мэты. Сапраўды, часта выглядае так, што Ватыкан ідзе на кампраміс з сіламі зла, адварочваецца ад тых, хто пакутуе. Ці так гэта на самой справе? Ці гэта проста частка пэўнай дыпламатычнай гульні, што мусіць даць плён у будучыні? Што важнейшае: бездакорная маральная рэпутацыя – ці канкрэтныя пазітыўныя вынікі? Нам для аналізу даступная толькі публічная частка дзейнасці. І так, гэтая частка сапраўды выклікае шмат пытанняў, прыводзіць да росту недаверу грамадскасці, да фрустрацыі – бо не адпавядае маральным чаканням людзей. Тым не менш, нельга да канца адкідаць магчымасць таго, што публічныя дзеянні – гэта ўсяго толькі прыкрыццё для сапраўднай дыпламатыі, якая адбываецца на іншым узроўні», – мяркуе мадэратарка «Хрысціянскай візіі».

Тым не менш, паводле яе, «людзі, якім баліць, не хочуць разумець дыпламатычных гульняў». Праўда, адзначае суразмоўца, «Папа – не Бог, ягоны рэсурс сапраўды абмежаваны: ён не можа даць рады і спыніць вайну сваім словам ці сваім аўтарытэтам, пры гэтым хоча не згубіць магчымасць рабіць хоць нешта значнае дзеля ўладкавання пытанняў гуманітарнага характару, няхай сабе і на меншым узроўні».

Кітаізацыя Беларусі?

Ёсць у беларусаў пытанні і да кіраўніка ватыканскай дыпламатыі ў Беларусі – апостальскага нунцыя Антэ Ёзыча, які прыбыў у Беларусь якраз увосень 2020 года і тады ж уручыў даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку. Таксама дыпламат харвацкага паходжання актыўна ўдзельнічаў у самых розных уладных падзеях ад імя беларускіх каталікоў.

У 2018 годзе Ёзыч стаяў за заключэннем дамовы паміж Ватыканам і ўладамі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Тады Каталіцкі Касцёл мусіў пайсці на пэўныя саступкі Пекіну і адправіць у адстаўку «падпольнага» біскупа ды прызнаць прызначэнцаў камуністычных уладаў. І хоць угода з КНР і дазволіла далучыць да Каталіцкага Касцёлу вернікаў афіцыйнага Патрыятычнага таварыства кітайскіх каталікоў, але становішча вернікаў у краіне палепшылася не нашмат. Цяпер, напрыклад, там судзяць 90-гадовага кардынала Язэпа Чэнь, які ў 2019–2020 гадах выступаў у абарону пратэстоўцаў у Гон-Конгу.

Аднак, кажа Васілевіч, «Беларусь, безумоўна, з КНР параўноўваць цяжка – зусім розныя маштабы ў гэтых двух палітычных суб’ектаў, зусім розныя стаўкі».

«Рэжым Беларусі не мае тых рэсурсаў, што мае рэжым кітайскі; маніпуляваць ці сур’ёзна ціснуць на Ватыкан ён не можа. Прынамсі, з боку рэжыму няма ў дачыненні Ватыкану ніякіх сур’ёзных субстанцыйных поспехаў, толькі сітуацыйныя», – адзначае палітолаг.

На ейную думку, Ватыкан «у дачыненні да Беларусі не мае нейкага доўгатэрміновага бачання і асобнай дыпламатычнай стратэгіі, у нашым выпадку дзеюць, хутчэй, рэакцыйна, спантанна і ў адказ на канкрэтныя выклікі, стараюцца максімальна падтрымліваць статус-кво». Але, дадае суразмоўца, у Ватыкане «не могуць не разумець, што сітуацыя рэжыму нестабільная, што рэжым сам шукае замежнапалітычнага апірышча і падтрымання».

Няпростая задача

У любым разе, мяркуе Васілевіч, палітычна-дыпламатычнае не мусіць успрымацца як альтэрнатыва і супрацьвага хрысціянскаму, «наадварот – дыпламатычныя і палітычныя крокі могуць і мусяць грунтавацца на хрысціянскім падмурку».

«Цвёрдыя маральныя прынцыпы, прыхільнасць да каштоўнасцяў – гэта арыенціры, што не мусяць губляцца, але мусяць пацвярджацца кожным крокам і кожным дзеяннем. Яны не абмяжоўваюць рэпертуару дзеянняў, не звязваюць па руках і нагах, наадварот – даюць натхненне і матывацыю. Пры гэтым палітычны рэалізм, разуменне таго, як працуе дыпламатыя, як працуе актывізм, – гэта неабходная кампетэнцыя для царкоўных арганізацыяў, каб быць эфектыўнымі і дасягаць мэты», – кажа палітолаг.

Паводле суразмоўцы, «пераадоленне адвечнай супярэчнасці паміж этыкай перакананняў (арыентаванай на намеры) і прагматычнай этыкай адказнасці (арыентаванай на мэту), знаходжанне адпаведнага балансу – задача не з простых». Яна «патрабуе і маральнай цвёрдасці, і палітычнай адэкватнасці, і адкрытасці да грамадзянскай супольнасці, і ўмення тлумачыць свае дзеянні і даваць зваротную сувязь», падкрэслівае мадэратарка «Хрысціянскай візіі».

Hавiны
«Вам ніхто не адкажа». Больш за месяц святароў і вернікаў не пускаюць у Чырвоны касцёл
2022.10.31 15:36

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў