У Telegram пачалі рассылкі з фальшывых ботаў ад імя «Беларускага Гаюна» і «Еўрарадыё»


Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» і выданне «Еўрарадыё» папярэдзілі: невядомыя сталі рассылаць паведамленні ад іхнага імя праз фальшывыя боты і акаўнты. Не выключана, што гэта правакацыя сілавікоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тэлефон затрыманай менскай айцішніцы з перапіскамі, якія сілавікі называюць «экстрэмістамі». Менск, Беларусь. 5 красавіка 2023 года. Скрыншот: pressmvd / Telegram

Па звестках «Гаюна», хтосьці стварыў як мінімум чатыры фальшывыя боты ад імя праекту. Што пішуць у паведамленнях з фальшывых ботаў, «Гаюн» не перадае, але падкрэслівае, што сапраўдны бот праекту – @HajunBYbot.

Таксама аб фальшывым акаўнце паведаміла «Еўрарадыё»: чытачы звярнулі ўвагу, што ад імя рэдакцыі ім пішуць з акаўнту, адрас якога нагадвае афіцыйны акаўнт для сувязі з рэдакцыяй @euroradio_minsk. Што пішуць, зноў жа не паведамляюць.

Хто стварае такія боты і акаўнты, невядома. Але раней сілавікі з Беларусі стваралі фэйкавыя акаўнты і боты ад імя BYPOL і плану «Перамога», а таксама ад імя палка Каліноўскага, і затрымлівалі тых, хто адгукаўся на паведамленні.

«Белсат» таксама мае Telegram-бот для сувязі з рэдакцыяй @BelsatBot. У Telegram існуюць акаўнты і боты з падобнымі назвамі, але на момант публікацыі яны ў апісаннях і аватарках не маскуюцца пад «Белсат». Ды гэта не значыць, што ў нейкі момант з іх не пачнецца фэйкавая рассылка.

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў