Тры гады «хатняй хіміі» і 6000 рублёў кампенсацыі – прысуд мянчанцы за абразу дзевяці супрацоўніц АМАП


У судзе Фрунзенскага раёну Менску 7 кастрычніка агучылі прысуд Святлане Бараноўскай, якую вінавацілі ў абразе прадстаўнікоў улады – дзевяці супрацоўніц АМАПу, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Святлана Бараноўская пасля прысуду.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Справу разглядала суддзя Юлія Крэпская, бок дзяржаўнага абвінавачвання падтрымліваў Дзмітрый Хаваўка.

Паводле абвінавачвання, 1 сакавіка 2021 года Святлана Бараноўская, маючы намер на абразу прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў, з дапамогай мабільнага тэлефона пакінула каментар пад фотаздымкам дзевяці супрацоўніц АМАПу, размешчаным у тэлеграм-канале «Каратели Беларуси», наступнага зместу: «Вось мразі». Каментар, па словах пракурора, утрымлівае негатыўную ацэнку пацярпелых, мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, якая разглядаецца як недапушчальная, некарэктная, непаважлівая, тым самым Бараноўская публічна абразіла супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, прычыніла шкоду іх гонару і годнасці, прынізіла аўтарытэт супрацоўніц у вачах навакольных, падарвала прэстыж кіраўніцкай дзейнасці дзяржавы.

Пацярпелымі па справе былі прызнаныя супрацоўніцы менскага АМАПу: камандзір 22 узводу атраду міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП) Аксана Краўчанка, камандзір групы 22 узводу АМАП Алена Шкулёва, міліцыянтка 22 узводу АМАП Ганна Шахава, міліцыянтка 7 узводу АМАП Кацярына Якушава, міліцыянтка Анастасія Іванова, камандзір роты 22 узводу Ганна Міцко, фельчарка 2 аператыўнай роты Яўгенія Лысак, камандзір аддзялення 22 узводу Кацярына Мачкарова, міліцыянтка 22 узводу Юлія Дрозд.

Hавiны
Мужчына атрымаў два гады «хатняй хіміі» за абразу памерлага міліцыянта
2021.09.23 18:51

Святлана Бараноўская прызнала віну цалкам.

«Я адкрыла канал, пабачыла фотаздымак, дзе была проста «паласа» у АМАПаўскай форме, магчыма была нейкая інфармацыя. Было вельмі шмат людзей у міліцэйскай форме, зразумела цяпер, што гэта былі жанчыны. Я дрэнна рэагую на супрацоўнікаў гэтай службы. На эмоцыях пакінула гэты кароткі каментар, закрыла канал і даволі хутка забыла», – адзначыла абвінавачаная.

Амаль усе пацярпелыя супрацоўніцы АМАПу запрасілі кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры ад 500 да 1000 рублёў. Кацярына Якушава заявіла пазоў на 10 000.

Пры гэтым адзначыла, што не прымае прабачэнні Святланы Бараноўскай. Таксама падкрэсліла, што на нервовай глебе ў яе павысіўся цукар у крыві, і цяпер яна прайшла абследаванне і хварэе на цукровы дыябет, і будзе з кожнага абразніка патрабаваць кампенсацыю за страчае здароўе.

Hавiны
Былога супрацоўніка пракуратуры затрымалі за абразы прадстаўнікоў улады
2021.09.15 14:23

Суддзя Юлія Крэпская пастанавіла прызнаць Святлану Бараноўскую вінаватай у публічнай абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў і на падставе арт. 369 прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады, тэлефон жанчыны канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства. Грамадзянскія пазовы задаволіць, і спагнаць з абвінавачанай кампенсацыю маральнай шкоды на карысць супрацоўніц АМАП Лысак, Дрозд, Шахавай, Шкулёвай, Краўчанка, Міцко па 500 рублёў кожнай, а Мачкаровай, Якушавай, Івановай – па 1000 рублёў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў