Муж палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай лічыць версію пра сувязь другой крымінальнай справы, заведзенай на яе, са справай «агента на ўдалёнцы» Сяргея Васільева, у якога Кацярына брала інтэрв’ю, «дастаткова пераканаўчай». Пра гэта Ігар Ільяш напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
Ігар Ільяш зазначае, што з моманту другога прысуду, які вынеслі Кацярыне Андрэевай, прайшло ўжо 14 месяцаў, але дагэтуль невядома, «на падставе якіх падзеяў узнікла крымінальная справа». Той факт, што былы агент КДБ Сяргей Васільеў, у якога Кацярына брала інтэрвʼю для «Белсату», вярнуўся ў Беларусь і быў асуджаны ў 2021 годзе паводле таго ж артыкулу, што і журналістка («Здрада дзяржаве»), дазваляе рабіць пэўныя высновы.
Ільяш піша, што ад самага пачатку быў упэўнены, што і другі раз ягоную жонку судзілі за журналісцкі матэрыял, але ўсе «ламалі галаву» – за які. Было шмат версіяў, але «пазл не складаўся», «пакуль калегі не даведаліся пра прысуд Сяргею Васільеву».
Гэта, як лічыць Ігар Ільяш, тлумачыць усе дзіўныя акалічнасці справы, а менавіта тое, што справу супраць Кацярыны Андрэевай распачалі не ў Менску, а ва УКДБ Гомельскай вобласці. Менавіта ў Гомлі жыў і працаваў агент Васільеў.
Гэта таксама тлумачыць, чаму Вярхоўны Суд скарэктаваў фармулёўку выраку Кацярыне з «выдачы дзяржаўных сакрэтаў», як у Васільева, на «шпіянаж» (бо журналістка проста задавала пытанні падчас інтэрвʼю і не магла ведаць дзяржаўных сакрэтаў). Стала таксама ясна, чаму маўчала прапаганда і шматлікія «слівы».
«Ну правільна, занадта далікатная тэма, каб яе ўвогуле закранаць у інфармацыйнай прасторы», – заўважае Ігар Ільяш.
«У мяне амаль не застаецца сумневаў у тым, што вырак Каці звязаны са справай Васільева», – падсумоўвае муж палітзняволенай журналісткі.
Ігар Ільяш заўважае таксама, што цягам амаль пяці гадоў нікому і ў галаву не магло прыйсці, што прафесійна зробленае інтэрвʼю можна абвесціць злачынствам.
У чэрвені 2017 года фатограф-аматар Сяргей Васільеў звярнуўся ў рэдакцыю «Белсату», каб расказаць пра сваю шматгадовую супрацу з КДБ Беларусі. Інтэрв’ю ў Васільева, які на той момант быў у Польшчы, узяла журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева. У 2019 годзе Сяргей Васільеў вярнуўся ў Беларусь, і толькі нядаўна стала вядома, што ў 2021 годзе яго асудзілі на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за здраду дзяржаве (арт. 356 КК). Палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева другі раз была прысуджаная Гомельскім абласным судом да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму 13 ліпеня 2022 года. Яе судзілі таксама паводле арт. 356 КК – за «здраду дзяржаве».
Зміцер Міраш belsat.eu