Аршанскую бітву прыбяруць, Каліноўскага выкрасляць. Як перапісваюць падручнікі


8 верасня – дзень перамогі ў Аршанскай бітве ў 1514 годзе, Дзень беларускай вайсковай славы. Але да яе 510-годдзя, то бок да наступнага, 2024 года, узгадку пра бітву могуць прыбраць з падручнікаў гісторыі.

«У топку»

28 жніўня прапагандыст Андрэй Мукавозчык у размове з Грыгорыем Азаронкам прагаварыўся, што перапісванне гісторыі нават пасля жудасных рэпрэсіяў беларускія гісторыкі сабатуюць. Яго, бачна, раз’юшыла новая рэдакцыя падручніку для 7 класу, які яму «далі на пробу» і які пакуль да школы так і не дайшоў:

«Падручнік гісторыі кажа, што мы ўсё жыццё, калі коратка, усё жыццё хвасталіся з маскалямі. А ўсё добрае нам перадалі палякі. Ну, гэта значыць усхваленне, адкрытая апалагетыка польскасці і Польшчы. Гэта падручнік гісторыі. У топку!»

Андрэй Мукавозчык, відавочна, не чытаў яшчэ падручніку «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» для ВНУ пад рэдакцыяй Ігара Марзалюка. Ён павінен быў замяніць сабою пяцітомнае выданне «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», у працы над якім узялі ўдзел шматлікія рэпрэсаваныя пасля 2020 года навукоўцы.

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання БДУ гартае падручнік «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Скрыншот з відэа: БелТА

Менавіта гэты падручнік разглядаў падчас наведвання БДУ 25 жніўня Аляксандр Лукашэнка. Можа, таму што адкрыў старонкі з пералічэннем шматлікіх войнаў Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай. Тут, дарэчы, бітва пад Воршай 8 верасня 1514 года прадстаўленая як «Вялікая бітва» і «ашаламляльная і нечаканая для многіх суседзяў ВКЛ» перамога. Так яе падаюць і ў падручніках. Але гэта толькі пакуль.

Вусы Скарыны
Праўда пра Аршанскую бітву 8 верасня 1514 года
2023.09.04 15:11

З новага падручніку сусветнай гісторыі для шасцікласнікаў 2023 года дзеці даведваюцца пра іншую бітву – Кулікоўскую, якая адбылася ў 1380 годзе і названая «адной з найвялікшых бітваў у рускай гісторыі». Пры гэтым даты іншых бітваў падаюцца вельмі-вельмі рэдка, толькі іх гады.

Рэч Паспалітая як «гісторыя прыгнятальнікаў»

Цягам мінулага года на фоне вайны ва Украіне як у Беларусі, так і ў Расеі ладзіліся шматлікія мерапрыемствы, якія адзначалі патрэбу ў «падручніку айчыннай гісторыі». Мелася на ўвазе гісторыя быццам бы «трыадзінага народу» – беларусаў, украінцаў і расейцаў, – бо гісторыя, як 13 траўня 2022 года сказаў у Менску расейскі гісторык, загадчык аддзелу Беларусі ў Інстытуце краінаў СНД Аляксандр Фадзееў, «гэта зброя, яна стала больш ментальнай, уздзейнічае на сферу гістарычнай памяці. Успрымаць спробы перапісаць гісторыю трэба як здраду Радзіме».

На Першым беларуска-расейскім форуме гісторыкаў. Злева направа: Канстанцін Магілёўскі, намеснік міністра навукі і вышэйшай адукацыі РФ; Сяргей Нарышкін, дырэктар Службы замежнай выведкі Расеі; Дзмітрый Мезенцаў, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Крыніца: Министерство науки и высшего образования Российской Федерации

Але што нельга рабіць з гісторыяй Расеі (у сэнсе перапісваць), варта зрабіць, на думку расейцаў, з гісторыяй Беларусі. Кірунак на гэта засведчыў Першы расейска-беларускі форум гісторыкаў, які ладзіўся 2–3 чэрвеня 2023 года. На ім з праграмным уступным словам выступіў не хто іншы, як Сяргей Нарышкін, дырэктар Службы замежнай выведкі Расеі, які заявіў пра «духоўнае адзінства нашых народаў» і «непарыўнасць нашага гістарычнага лёсу».

Фактычна Нарышкін павучаў прысутных у залі беларускіх гісторыкаў, як трэба пісаць гісторыю Беларусі. Напрыклад, ён казаў: «Трагічнай старонкай у гісторыі беларускіх земляў стала двухвекавое знаходжанне ў складзе Рэчы Паспалітай», калі яны «былі адарваныя ад Расеі». Паказаныя ж у нашых падручніках гістарычныя сувязі беларусаў з палякамі і літоўцамі Нарышкін назваў «гісторыяй прыгнятальнікаў». Распад жа Рэчы Паспалітай – «доўгачаканае ўз’яднанне расейскага, беларускага і ўкраінскага народаў у адзіных межах агульнай Айчыны».

Генеральная пракуратура ўжо працуе паводле «метадычкі» ад Нарышкіна

Аб тым, што гэтая праца паспяхова ідзе пад патранажам усходняга суседа, сведчыць і так званая справа пра генацыд беларускага народу, ініцыяваная генпракурорам Андрэем Шведам, які ўжо нават збіраецца судзіць першых, няхай і памерлых, карнікаў. І нездарма выбар тут паў на Уладзіміра Катрука, які «служыў ва ўкраінскім нацыяналістычным карным батальёне» і ўдзельнічаў у спальванні Хатыні.

Hавiны
Да канца года ў суд перададуць тры справы над памерлымі
2023.09.07 16:12

Пра тое, што праца паводле «метадычкі» ад Нарышкіна ўжо запушчаная, сведчыць і тое, што 17 жніўня Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь далучыла да «экстрэмісцкіх матэрыялаў» прадмову Язэпа Янушкевіча да кнігі з серыі «Беларускі кнігазбор» з выбранымі творамі Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, а таксама змешчаныя ў ёй два ананімныя вершы, якія прыпісваюцца класіку беларускай літаратуры. Гэта верш «Плывуць вятры» пра расстрэл на загад расейскіх уладаў мірнай дэманстрацыі ў Варшаве 8 красавіка 1861 года і «Гутарка старога дзеда».

У абодвух паказваецца магчымасць сацыяльнага дыялогу ў імя перамогі над царызмам, сацыяльны саюз у імя барацьбы са знешнім ворагам, ідэалізацыя мінулага Рэчы Паспалітай і барацьба з маскалямі. Творы, якія паўсталі ў 1861–1862 гадах напярэдадні паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, з’явіліся ў зборніку твораў у 2008 годзе і ажно да 2023 года Генеральнай пракуратуры не заміналі. Але тады не было яшчэ «метадычкі» Нарышкіна.

«Хваравітыя рэакцыі»

Акрамя Рэчы Паспалітай, з беларускіх падручнікаў паступова прыбяруць імя Кастуся Каліноўскага, крыжовы паход якому абвесціў асабіста Аляксандр Дзюкаў, дырэктар фонду «Гістарычная памяць». Пакуль ён намагаецца прыбраць імя Каліноўскага з назваў вуліц у Расеі, як, напрыклад, у Казані (22 жніўня гэтае пытанне ўжо абмяркоўвала мэрыя гораду). У ідэале ж – выкрасліць яго з падручнікаў гісторыі Беларусі. Дзюкаў знайшоў падтрыманне ў асобе Ігара Сергеенкі, кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі.

Каліноўскага прапаноўваецца прыбраць як у выглядзе помнікаў, так і з падручнікаў гісторыі, а замяніць яго «таленавітым адміністратарам», своеасаблівым ідэалам адданага расейскага чыноўніка, генерал-губернатарам, вядомым як «Вешальнік», – Міхаілам Мураўёвым.

Пра тое, што гэты працэс запушчаны, сведчыць знікненне з праграмы беларускай літаратуры для адзінаццацікласнікаў раману Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Але і тут своеасаблівы «сабатаж», на які наракае Мукавозчык, – яго замянілі іншым творам Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Мабыць, тут спрацавала і тое, што на вясну 2024 года запланаваны выхад аднайменнага фільму, у якім, праўда, у галоўных ролях расейцы.

Але і гэтым расейцы абмежавацца не могуць. У іх «хваравітую рэакцыю» выклікае, як ні дзіўна, пазіцыянаванне Вялікай Айчыннай вайны. Гэтак, падчас форуму гісторыкаў у Маскве прафесар Генадзій Карнілаў заявіў: «Расея сябе асацыюе і прыроўнівае ў цэлым да Савецкага Саюзу, а Беларусь фактычна адасабляецца. Для іх [гэта значыць, для нас. – Заўв. аўтара] Вялікая Айчынная – гэта вайна ў першую чаргу беларускага народу, а ўжо потым савецкага».

Падручнік «Гісторыя беларускіх земляў і беларускай дзяржавы». Крыніца: Book24

«Гісторыя беларускіх земляў»

Чым расейцы хочуць зрабіць гісторыю Беларусі, яскрава дэманструе складзены імі падручнік, у напісанні якога паўдзельнічаў Вячаслаў Даніловіч, рэктар Акадэміі кіравання пры Лукашэнку. Падручнік называецца «Гісторыя беларускіх земляў і беларускай дзяржавы». Беларусі нават няма ў анатацыі, затое там ёсць гісторыя Расеі. І пры гэтым сам Даніловіч называе гэты падручнік супрацьстаяннем фальсіфікацыям і скажэнням, якія быццам бы чыніць нейкі калектыўны Захад.

Такімі тэмпамі неўзабаве «ў топку», як спадзяецца Мукавозчык, адправяць і да таго выхалашчаны і, здавалася б, ідэалагічна вывераны твор пад рэдакцыяй Марзалюка. Там ёсць усе тыя ненавісныя як для расейскіх дарадцаў рэжыму, так і для Мукавозчыка войны з Масковіяй. І нават пра захоп Смаленску ў 1514 годзе напярэдадні Аршанскай бітвы сказана як пра захоп, а не «вызваленне», як гэта ў сваёй гісторыі падаюць расейцы. І сам Марзалюк трапна заўважае: «Захоп Смаленску ў 1514 г. прадэманстраваў, якую ўладу праваслаўная эліта гораду лічыла сваёй – 50 баярскіх радоў уцякло ад маскоўскіх парадкаў на тэрыторыю ВКЛ». Чытаецца актуальна, толькі пра іншую краіну, суседку Беларусі на поўдні. І ёсць у Марзалюка нават згадка пра самую жудасную ў гісторыі Беларусі вайну – вайну Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай (1654–1667), падчас якой, як сказана, «па сутнасці, загінуў кожны другі».

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў