Джо Байдэн ухваліў пастаўкі зброі Украіне на $ 675 млн, а ў Кіеў прыбыў Энтані Блінкен


Міністр абароны ЗША Лойд Остын заявіў, што прэзідэнт Джо Байдэн ухваліў пастаўкі новай партыі ўзбраення Украіне на $ 675 млн, паведамляе Бі-Бі-Сі. Паралельна з гэтым стала вядома, што ва Украіну прыбыў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен, візіт якога раней не анансаваўся.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.
Фота: Tang Chhin Sothy / AFP / East News

Новы пакет дапамогі прадугледжвае перадачу Украіне 105-міліметровых гаўбіц, артылерыйскіх снарадаў, вялікай колькасці рэактыўных снарадаў для HIMARS, супрацьрадыёлакацыйных ракет, аўтамабіляў «Humvee», браняваных машынаў хуткай дапамогі, супрацьтанкавых сістэмаў ды інш.

«Цяпер мы бачым відавочны поспех нашых агульных намаганняў на полі бою, кожны дзень мы бачым рашучасць саюзнікаў і партнёраў ва ўсім свеце, якія дапамагаюць Украіне супрацьстаяць незаконнай, імперскай і нічым не апраўданай захопніцкай вайне, якую вядзе Расея», – заявіў міністр абароны ЗША Лойд Остын (Lloyd Austin) перад пачаткам сустрэчы ў фармаце «Рамштайн», дзе будзе абмяркоўвацца вайсковая дапамога Украіне.

Паралельна стала вядома, што ў Кіеў прыбыў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен (Antony John Blinken). Паводле інфармацыі УНІАН, візіт прадугледжвае сустрэчы з украінскімі чыноўнікам і пакліканы прадэманстраваць падтрыманне Украіны з боку ЗША.

Крыніцы выдання «Українська правда» паведамляюць, што дзяржсакратар таксама можа наведаць паселішчы пад Кіевам.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў