Экс-журналіста «Трыбуны» Маслоўскага асудзілі на 15 содняў за «экстрэмісцкія матэрыялы»


Журналіста Маслоўскага асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», піша выданне «Трыбуна», уключанае ў спіс «экстрэмісцкіх» медыяў.

Андрэй Маслоўскі.
Фота: Sportarena.by

Увечары 6 верасня стала вядома, што былы карэспандэнт спартовага парталу By.Tribuna.com Андрэй Маслоўскі затрыманы. Паводле «Трыбуны», раніцай у той дзень у яго кватэры правялі ператрус, самога яго затрымалі, пазней з ім правялі «тлумачальную размову» ў будынку ГУБАЗіК. Потым журналіста даставілі ў менскі ізалятар на Акрэсціна.

8 верасня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску Маслоўскага асудзілі на 15 дзён арышту за «Распаўсюд прадукцыі, уключанай у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ). Што за матэрыялы тое былі, не вядома, аднак былы працадаўца Маслоўскага – «Трыбуна» – уключаны ў гэты спіс рашэннем суда ад 6 жніўня, таму спасылка на сайт або рэпост іх навіны ў сацсетцы ўжо трактуюць як «распаўсюд». Нават распаўсюд мабільнай праграмы «Трыбуны», якім займаюцца карпарацыі «Apple» і «Google», цяпер у Беларусі лічыцца незаконным.

Кіраўнік «Трыбуны» Максім Бярэзінскі казаў, што «цяжка каментаваць, калі спрабуюць біць без разору», але заявіў, што «мэта ціску на медыі – прымусіць замаўчаць». Ён згадаў, што «ў футболе гэта завецца ўдарам адчаю».

Маслоўскі працаваў у «Трыбуне» дзесяць гадоў, звольніўся паводле пагаднення бакоў у ліпені 2021-га, перайшоў у каманду Sportarena.by.

АА belsat.eu

Стужка навінаў