Польшча накіруе на ахову мяжы з Беларуссю яшчэ тысячу вайскоўцаў


Памежная ахова Польшчы папрасіла Мінабароны накіраваць дадатковыя сілы на мяжу з Беларуссю. Як піша Польскае прэсавае агенцтва, ахову ўзмацняць тысячай вайскоўцаў – у дадатак да дзвюх тысячаў, якія ўжо задзеяныя ў патруляванні мяжы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Straż Graniczna / X.com

У Міністэрстве абароны Польшчы заявілі, што ўхвалілі просьбу памежнікаў. Кіраўнік ведамства Мар’юш Блашчак загадаў выправіць на ахову мяжы з Беларуссю яшчэ тысячу вайскоўцаў. Цяпер у патруляванні мяжы задзеяныя дзве тысячы жаўнераў.

Тым часам намеснік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Мацей Вонсік на прэс-канферэнцыі адзначыў, што міграцыйны ціск на мяжы з Беларуссю стала расце, і гэта адбываецца з дапамогаю беларускіх памежнікаў. Без іхнага ўдзелу прайсці мяжу ў абыход пунктаў пропуску было б немагчыма, сказаў Вонсік.

Ён таксама канстатаваў, што паводзіны мігрантаў на мяжы з Беларуссю робяцца ўсё больш агрэсіўнымі: у памежнікаў, паліцыянтаў і вайскоўцаў кідаюць бутэлькі, камяні. Беларускія службоўцы намагаюцца пашкодзіць плот.

Hавiны
За содні больш за 290 мігрантаў спрабавалі перайсці мяжу з Польшчай
2023.07.28 11:05

Польскі бок месцамі ўсталёўвае дадатковую агароджу, узмацняе ахову водных участкаў. «Нам трэба значна больш сілаў на мяжы», – падсумаваў Мацей Вонсік.

Паводле звестак Памежнай аховы Польшчы, сёлета больш за 19 тысяч мігрантаў спрабавалі нелегальна трапіць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі, пры тым, што за ўвесь мінулы год іх было 16 тысячаў.

Hавiны
Мігранты закідалі польскі памежны патруль петардамі
2023.08.03 12:29

Пра планы ўзмацніць ахову мяжы з Беларуссю сёння абвясцілі і ў Літве. Кіраўнік Памежнай службы Рустамас Любаевас паведаміў, што «адпаведныя захады ўхваленыя»:

«Мы плануем найбліжэйшым часам павялічыць наш кантынгент на мяжы з Беларуссю».

Ён таксама падкрэсліў, што маюцца адмысловыя планы і Літва «можа вельмі хутка кінуць дадатковыя сілы, адрэагаваць на сітуацыю на мяжы», перадае літоўская тэлерадыёкампанія LRT.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў