Звыкліся з думкай. Кватэры, дамы, лецішчы тых, хто з'ехаў, паступаюць у продаж


Трэці год запар людзі з’язджаюць з Беларусі – ад рэпрэсій і за кампаніямі, якія рэлакуюцца. У канцы 2020-га эксперты казалі: не варта думаць, што гэтыя людзі выставяць свае кватэры на продаж адразу. Выставяць, калі вырашаць, што не будуць вяртацца. А для прыняцця такога рашэння мусіць прайсці час. У мірны час меркавалася – чатыры гады. Ваенныя дзеянні ва Украіне скарацілі тэрмін роздуму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Зыходзячы са звестак аналітычнага падраздзялення групы кампаній «Твая сталіца», цяпер у Менску кожная дзявятая ўгода продажу – з кватэрай чалавека, які альбо выехаў за мяжу, альбо плануе выехаць бліжэйшым часам. Гэта больш чым сур’ёзная доля.

Але кватэру можна здаць або проста замкнуць і аплачваць дыстанцыйна «дармаедскія» камунальныя. З загараднай нерухомасцю так не зробіш. Зямлю і дом трэба даглядаць. Як мінімум – некалькі разоў за сезон прыводзіць у парадак надзел. І дамы без жыхароў прыходзяць у заняпад вельмі хутка. Здаць іх дыстанцыйна можна, але праблематычна. Прыходзіцца прадаваць.

І вось на Realt.by выйшла інтэрв’ю, прысвечанае загараднай нерухомасці пад Менскам: «Мы са здзіўленнем выявілі, што каля 18 % – 20 % – гэта аб’екты, якія прадаюцца паводле даверанасці. Вялікая верагоднасць, што гэта аб’екты тых людзей, якія пакінулі краіну, – адзначае менеджар аддзелу загараднай нерухомасці Агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Ларыса Самусенкава. – Для параўнання, на рынку кватэр паводле даверанасці прадаецца каля 12 %. Справа ў тым, што кватэру звычайна прадаюць у тым выпадку, калі дакладна не збіраюцца вяртацца. А загарадную нерухомасцю прадаюць як «найменшае зло». Часта аб’екты, якія прадаюцца паводле даверанасці, выстаўляюцца па цэнах трохі ніжэйшых, чым на рынку. І таму гэтыя дамы і дачы хутка знаходзяць пакупнікоў».

Далей што?

Паводле розных звестак, Беларусь пасля жніўня 2020 года пакінулі ад 16 да 24 тысяч толькі айцішнікаў. Дагэтуль частка сядзіць на валізках і вызначае для сябе новую краіну. Колькі з’ехала і з’едзе ў найбліжэйшыя месяцы прадпрымальнікаў, менеджараў крэатыўных кампаній, лекараў, інжынераў? З сем’ямі? Улік не вядзецца. Але дакладна перавысіць 100 тысяч толькі ў Менску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Зразумела, што не ўсе маюць ва ўласнасці кватэры, але нават траціна сем’яў – гэта ўжо больш за дзесятак тысяч кватэр і столькі ж загарадных аб’ектаў. Гэта ўжо рэальны ціск на рынак.

Зрэшты, гэтая маса наўрад ці адначасова выйдзе на рынак. Да продажу людзі выспяваюць паступова. Пакуль саспела, можа, толькі дзясятая частка. І калі дзяржава не паспрыяе, так і будзем мець у базах парталаў нерухомасці каля тысячы кватэр на другасным рынку ад тых, хто з’ехаў/з’язджае.

Што можа справакаваць масавы распродаж і затым – абвал коштаў на камфорт-клас (людзі, якія з’ехалі, рэдка сяліліся ў старым жылфондзе, за выключэннем сталінак)? Штуршок у плечы.

У Беларусі сёлета ўвялі падатак нават на адзіную кватэру. Пакуль – зусім невялікі. І выставілі поўныя камунальныя тарыфы для ўласнікаў, якія пакінулі краіну. Але што перашкаджае дзяржаве ўвесці штогадовы падатак 3 % ад ацэначнага кошту кватэры для ўласнікаў, якія пастаянна пражываюць у «недружалюбных» краінах? Нават лозунг, пад якім яго будуць уводзіць, праглядаецца: «Хацелі як у Еўропе? Вось вам падаткі як у Еўропе».

Прыватныя моманты

Размаўляў нядаўна з сям’ёй, якая прадае сваю трохпакаёўку ва Уруччы. Ён – менеджэр ў IT-кампаніі, яна – у кампаніі, якая аказвае паслугі сувязі, двое дзяцей. Яны год таму купілі таўнгаўс за кальцавой, дарабілі там рамонт. Пераехаць у яго не паспелі – сядзяць на валізках, распрадаюць байкі, электрасамакаты, лодкі, выбіраюць, дзе жыць – у Іспаніі, на Кіпры ці ўсё ж-такі бліжэй да Беларусі. І думаюць, што рабіць з таўнгаўсам. Падзеі 2020-га іх напалохалі, але не прымусілі зняцца з месца. Хутчэй, прымусілі «пацешыцца», уладкаваўшы новы дом. А вось 2022 год дабіў. Перад ім замаячыла беспрацоўе, перад ёй – страх за дзяцей, якім трэба хадзіць у новую школу з гімнам раніцай, абноўленымі праграмамі па гісторыі і літаратуры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сям’я кажа: у становішчы «на нізкім старце» перабывае ўсё (даволі гамагеннае) кола зносін. Не, яны не разважаюць над пытаннем, ехаць ці не. Адказ адназначны. Проста трэба выбраць аптымальнае месца жыхарства. Каб кам’юніці было сваё, каб клімат мякчэйшы, каб цэны спрыялі, каб бацькі ў старасці захацелі да іх пераехаць. Усіх бянтэжыць падзенне ўзроўню жыцця на старце – у ЕЗ усё даражэйшае. Продаж трохпакаёвай дазволіць не думаць пра гэта хаця б у першы год.

Сям’я разумее, што і таўнгаўс трэба прадаваць – любімую «цацку», супольнае з дызайнерам дзецішча. Адно бянтэжыць – суседзі таксама прадаюць. Прычым выставілі танней, чым ім абышлося будаўніцтва з рамонтам, аднак пакупнікоў няма. Таму што гэты тып жылля – ён для іхнага кола. А яно таксама сядзіць на валізках. Прадаваць танней, чымсьці на рынку, шкада. Самі з сабой дамовіліся –падумаюць пра гэта пазней. Даверанасць на продаж на сваяка ўжо аформленая.

Калі чакаць выйсце?

Калі згаданага штуршка ў плечы не здарыцца, мабыць, у 2023–2024-м асноўная маса тых, хто з’ехаў, раўнамерна пачне выстаўляць кватэры і дамы на продаж. Па колькі будуць прадаваць – спрабаваць гадаць без сэнсу. Выразных эканамічных і палітычных прагнозаў на гэтыя гады яшчэ ніхто не зрабіў.

Дзяніс Бетонны / АА belsat.eu

Стужка навінаў