Кацярына Андрэева ўпершыню пасля этапавання ў калонію пабачылася з мужам


У гомельскай калоніі адбылося спатканне палітзняволенай Кацярыны Андрэевай з мужам Ігарам Ільяшом. Мінулы раз яны бачыліся ў красавіку яшчэ да этапавання ў калонію.

Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

Гэта было іх першае спатканне пасля пераводу журналісткі «Белсату» ў папраўчую калонію ў Гомлі, сустрэча доўжылася амаль чатыры гадзіны. Раней у іх было два спаткання ў СІЗА – у лютым і красавіку 2021 года (гадзіна і дзве гадзіны адпаведна).

«Каця была ў стандартнай казённай сукенцы з нашытай на грудзі жоўтай біркай. На бірцы – яе здымак, артыкул, па якім яна асуджаная, даты знаходжання пад вартай. Кацю размеркавалі на агульныя працы на швейную вытворчасць, яны адшываюць трыкатажныя вырабы для сілавікоў: шапкі, пагоны, джэмперы, дробныя дэталі адзення. Цяпер яна працуе памочніцай швачкі, перыяд навучання новай спецыяльнасці яшчэ не скончыўся», – распавядае муж палітзняволенай.

Артыкулы
«Ад Ігара – Каці»: першая перадача пасля этапавання ў Жодзіна
2021.03.23 11:10

Паводле Ігара Ільяша, Кацярына моцна стамляецца, вольнага часу практычна няма – менавіта таму яна просіць прабачэння за тое, што не можа адказаць на ўсе лісты. «Спагнанняў у яе не было. На стаўленне да сябе з боку адміністрацыі калоніі не скардзіцца. Што тычыцца бытавых умоваў, то яны істотна лепш, чым у жодзінскім СІЗА і на Валадарцы», – дадае муж журналісткі.

«Каця прыкметна схуднела, але гэта не хваравітая худзізна. Выглядае яна, з улікам сітуацыі, добра. А галоўнае – трымаецца цвёрда і ўпэўнена. Сказала, што ні пры якіх абставінах не стане пісаць прашэнне аб памілаванні (калі ёй будуць прапаноўваць). Гэта яе прынцыповая пазіцыя», – кажа Ігар Ільяш.

Hавiны
Кацярына Андрэева ўпершыню за паўгода ўбачыла неба. Ад яе прыйшоў ліст з гомельскай калоніі
2021.05.28 16:41

***

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэксу. 18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Менску Наталля Бугук пакарала Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Нашыя каляжанкі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстаю спецслужбаў за прафесійную дзейнасць.

Вырак Кацярыне і Дарʼі меў вялікі рэзананс як у Беларусі, так і на міжнародным узроўні. Палітычна матываваны пераслед нашых каляжанак асудзілі журналісты, палітыкі, грамадскія дзеячы, дыпламаты і лідары дэмакратычных краінаў.

Адвакаты Кацярыны і Дар’і патрабавалі скасаваць прысуд і спыніць вытворчасць у гэтай крымінальнай справе. Але судовая калегія Менгарсуду ў складзе Валянціны Зянькевіч, Пятра Арлова і Алены Ананіч 23 красавіка адхіліла апеляцыйную скаргу, пакінуўшы прысуд без зменаў. Самі журналісткі ў судовым паседжанні ўдзелу не бралі – суд адмовіўся далучыць іх да працэсу нават праз відэасувязь.

У зняволенні Дар’ю і Кацярыну паставілі на прафілактычны ўлік як асобаў, «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Такі статус прадугледжвае ўзмоцнены кантроль з боку адміністрацыі. У калоніі яны цяпер павінны насіць жоўтыя біркі – такім колерам пазначаюць асобаў нібыта «схільных да экстрэмізму».

Артыкулы
Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова сталі пераможцамі міжнароднай прэміі «Courage in Journalism Awards»
2021.06.10 17:13

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў