Жанчынам, якіх затрымалі ў саўне пад Жодзіна, прысудзілі штрафы на амаль 46 тысяч


У Жодзінскім гарадскім судзе прайшлі пасяджэнні па адміністрацыйных справах у дачыненні да 12 жыхарак Жодзіна, якіх 24 красавіка затрымалі ў саўне. Усім ім прысудзілі штрафы, агульная сума якіх склала 45 820 рублёў, паведамляе мясцовае выданне Ex-press.by.

27 красавіка суд павінен быў пачаць разгляд судовай справы 22 затрыманых на тэрыторыі прыватнай саўны. Аднак матэрыялы іх спраў не былі дастаўленыя ў суд. Людзей адпусціў дадому, сказалі чакаць новую позву, іх выклічуць зноў, калі матэрыялы будуць прывезены і размеркаваны па суддзях. Жодзіна, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Сярод абвінавачаных у асноўным – педагогі і медыцынскія працаўнікі, некаторыя з іх – шматдзетныя мамы, ёсць маці-гераіня і мама дзіцяці з інваліднасцю. Ніхто з іх не прызнаў сваю віну.

Пры гэтым кожная з жанчын патлумачыла, што ў лазні не было ніякага сходу, ніхто з іх не быў на гэтай сустрэчы з забароненай сімволікай.

Затрыманне ў Жодзіна 24 красавіка.
Фота: minobl_uvd / Telegram

Каб даказаць сваю невінаватасць, абвінавачаныя падавалі хадайніцтвы аб праглядзе відэазапісаў з камер, на якія міліцыянты здымалі тое, што адбывалася. Але хадайніцтвы аб праглядзе відэа не былі задаволеныя, бо ў адказ на запыт суду начальнік Жодзінскага ГАУС Уладзімір Трацюк паведаміў, што камеры тэхнічна няспраўныя і запісаў таго, што адбывалася ў саўне, няма.

У судзе выступілі сведкі – вайсковец Ганакоў і міліцыянты Чыжэнкоў і Мусік. Яны распавялі, што калі ўсіх вывелі з саўны, супрацоўнікі выявілі чыйсьці заплечнік, у якім быў адзін сцяг. Ні ў каго з прысутных у руках сведкі сцягоў не бачылі. Каму належаў заплечнік, невядома.

Hавiны
У прыватным сектары Жодзіна затрымалі 20 мясцовых жыхароў
2021.04.25 09:34

У выніку суддзі Іван Грынкевіч, Ганна Мукавозчык і Кацярына Якубіцкая вынеслі рашэнні пакараць жанчын штрафамі: чацвярым прысудзіў штрафы ў 200 базавых, семярым – па 100 базавых і адной жанчыне – 80 базавых.

Усяго атрымалася 1 580 базавых велічынь або 45 820 рублёў.

Нагадаем, што ў суботу, 24 красавіка, падчас адпачынку ў прыгараднай саўне ў Жодзіна быў затрыманы 21 чалавек. Частка людзей адпусцілі ноччу з пратаколамі. У ІЧУ пакінулі 9 чалавек, якіх асудзілі праз тры дні – яны атрымалі па 15 і па 25 содняў арышту. У тым ліку за непадпарадкаванне супрацоўнікам на 15 содняў быў асуджаны сын гаспадара саўны, які падчас затрымання адпачываў у сваім пакоі.

На мужчын і жанчын былі складзеныя пратаколы па арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»), а некаторым таксама ўручылі пратакол аб непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі па арт. 24.3 КаАП.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў