У МАгАтЭ расказалі пра атаку на ЗАЭС: бяспека не парушаная, але інцыдэнт сур'ёзны


Удары беспілотнікаў па акупаванай украінскай Запарожскай атамнай электрастанцыі (ЗАЭС) не парушылі ядравай бяспекі, але гэта быў сурʼёзны інцыдэнт, які мог пашкодзіць сістэму абароны рэактара. Пра гэта паведамляе МАгАтЭ і раскрывае падрабязнасці атакі.

Запарожская АЭС.
Фота:  24 канал

Пакуль няма ніякіх прыкметаў пашкоджання крытычна важных сістэмаў ядравай абароны або бяспекі на абʼекце.

«Хоць пашкоджанні шостага энергаблоку не парушылі ядравай бяспекі, гэта быў сур’ёзны інцыдэнт, які патэнцыйна мог парушыць цэласнасць ахоўнай сістэмы рэактара», – заявіў генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэль Мар’яна Гросі.

Падобныя безразважныя атакі значна павышаюць рызыку буйной ядравай аварыі і мусяць быць неадкладна спыненыя, дадаў Гросі.

Паводле экспертаў МАгАтЭ, якія цяпер на абʼекце, у выніку атакі пацярпелі тры пункты ЗАЭС.

Эксперты змаглі пацвердзіць фізічнае ўздзеянне выбухаў беспілотнікаў, у тым ліку ў адным з шасці рэактарных будынкаў, дзе, мяркуючы з усяго, былі ўсталяваныя прыборы назірання і сувязі. На даху рэактара шостага блоку расейскія вайскоўцы ўступілі ў бой з беспілотнікам, які, відавочна, набліжаўся да іх. Затым адбыўся выбух побач з будынкам рэактара.

Група МАгАтЭ паведаміла, што назірала рэшткі беспілотнікаў у гэтым і двух іншых месцах падзення на пляцоўцы. У адным з іх, каля лабараторыі, яны ўбачылі плямы крыві побач з пашкоджаным вайсковым транспартавым сродкам, што паказвае на наяўнасць як мінімум аднаго пацярпелага.

Эксперты таксама апавялі, што ўвесь дзень 7 красавіка былі чуваць выбухі і вінтовачная страляніна на пляцоўцы, некалькі стрэлаў з артылерыйскай гарматы.

Каманда МАгАтЭ выявіла нязначныя апёкі на верхняй частцы даху купала рэактара шостага блоку і невялікія пашкоджанні на бетоннай пліце, якая падтрымлівае першасныя рэзервуары для захоўвання вады.

7 красавіка найбуйнейшая ў Еўропе атамная электрастанцыя сталася беспасярэднім абʼектам ваенных дзеянняў упершыню з лістапада 2022 года.

Украінскі і расейскі бакі абмяняліся абвінавачваннямі ў нападзе.

Запарожская АЭС у Энэргадары акупаваная расейскімі вайскоўцамі з 4 сакавіка 2022 года. З таго часу там неаднаразова адбываліся небяспечныя інцыдэнты. Напрыклад, былі перабоі з электрычнасцю, што крытычна важна для сістэмы ахаладжэння, а таксама побач адбываліся ваенныя дзеянні. Расейская армія прыкрывалася ЗАЭС як шчытом, абстрэльваючы ўкраінскія тэрыторыі.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў