news
Інтэрв'ю
«Вылечылася ад раку, кінула мыць унітазы». БЧБ-нявеста Іна Зайцава пра жыццё ў Швейцарыі
«Ружовае і ванільнае павінна памерці!»
08.03.202415:00

Беларуская БЧБ-нявеста Іна Зайцава некалькі дзён напярэдадні вясны гасцявала ў Варшаве і пагадзілася апавесці «Белсату», што новага адбылося ў ейным жыцці. Вылечылася ад раку, сышлася з мужам, кінула мыць унітазы і зарабляе ў Швейцарыі 4 тысячы еўраў…

Іна Зайцава. Варшава, Польшча. 23 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Белсат»: Іна, ты прыляцела ў Варшаву ўсяго на два дні. Нешта тэрміновае?

Іна Зайцава: – Не, нічога. Проста сустрэцца з сябрамі і апавесці сваю гісторыю для аднаго праекту пра тое, як беларусы адаптуюцца ў іншых краінах. Ну, і яшчэ стаматолагі, крамы… Усё трошкі іншае, і цікава наведаць.

– Што значыць – іншае?

– Швейцарыя – краіна досыць кансерватыўная і вельмі практычная. Крамы могуць быць тыя ж, што і ў Польшчы, але рэчы там будуць зусім іншыя. У швейцарцаў свабодны гарадскі стыль адзення: ходзяць па горадзе або пайшлі ў горы – прыблізна аднолькава будуць апранутыя. А ў Варшаве людзі больш імкнуцца да розных модных кірункаў: хтосьці ярка апранаецца, хтосьці практычна. Вельмі разнастайна.

«Больш пры сварках не крычыць мне: «Збіраю рэчы – з’язджаю ў Менск!»

– Яркасць – гэта ж тваё! Чаму пасля Украіны не засталіся ў Польшчы, а паехалі далей, на захад?

– Галоўная прычына была такая: Польшча заблізка ад мяжы з Расеяй. Мы ўжо адзін раз пераехалі паводле прынцыпу «як мага бліжэй» – ва Украіну. Калі выязджалі з Украіны, ужо не былі так упэўненыя, што, напрыклад, Польшча бяспечная і туды не ўварвуцца расейцы.

Ну і дзеці, яны некалькі разоў перажылі змену асяроддзя, культураў, мовы ў школе. Так што быў чыста эгаістычны матыў: я хацела паехаць туды, дзе мы сапраўды зможам усё перачакаць і мае дзеці будуць у поўнай бяспецы. Максімальнай! І Швейцарыя ідэальна пасуе для гэтага.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

– Прыляцела ў Варшаву з сынамі?

– Так, Ягор і Мікіта забаўляюцца цяпер на атракцыёнах [размаўляем з Інай у гандлёвай галерэі «Arkadia». – Заўв. «Белсат»]. Папрасіла пагуляць, пакуль размаўляю з вамі і здымаюся яшчэ для аднаго праекту. У Ягора, між іншым, сёння дзень нараджэння – 6 гадоў. У верасні пойдзе ў 1-ы клас. Ужо адаптаваўся. Ад яго менш за ўсё патрабавалі, бо быў у дзіцячым садку. Проста слухай, казалі яму. Ён доўга слухаў, і цяпер ужо адказвае па-нямецку ў тэму. Вось таму ў малым узросце лягчэй пераязджаць: маеш проста больш часу, калі ад цябе ніхто яшчэ нічога не патрабуе.

У Мікіты, старэйшага сына, таксама ўсё наладжваецца. На вакацыях быў у горным лагеры. Калі вярнуўся, спытала, з кім пасябраваў. Гаворыць – з украінцамі, швейцарцамі, з рознымі. «А мова?» – пытаюся. А ён: «Ну, мама, я ўжо нармальна размаўляю». Гэта ягоная асабістая ацэнка, ён думае, што ўжо здольны на камунікацыю.

Даведка

Іна Зайцава – блогерка і актывістка з Менску. У 2020 годзе выходзіла на маршы ў вясельнай сукенцы з чырвонаю паласой. Як БЧБ-нявеста сталася сімвалам беларускіх пратэстаў. У снежні 2020 года праз пераслед была вымушаная выехаць ва Украіну. Улетку 2022-га пакінула з сям’ёй Украіну, бо ёй і мужу Андрэю не працягнулі віду на жыхарства: дакументы беларусаў на падаўжэнне ВНЖ пасля пачатку вайны ва Украіне доўгі час не разглядаліся. Сям’я Іны Зайцавай жыве ў Швейцарыі. Яна маці дваіх дзяцей. Адну са сваіх БЧБ-сукенак Зайцава перадала Музею вольнай Беларусі ў Варшаве.

Для мяне гэта вялікае шчасце, бо Мікіту было складаней, чымся каму-кольвек у нашай сям’і. У яго пераезд супаў з пубертатным перыядам – з пратэстам і супрацівам усяму, што адбываецца. Супраціўляўся вельмі моцна. Для мяне вельмі важна, што ён цяпер задаволены, што захапіўся лыжамі, і больш пры сварках не крычыць мне: «Усё, збіраю рэчы – з’язджаю ў Менск!» Ён ужо не з’язджае ў Менск, так. Хоча, вядома, туды, да бабуль і дзядуляў. Але ўжо і тут добра.

«Я лічу сябе цёплай маці»

– Як будзеце святкаваць дзень нараджэння?

– Ой, у мяне дзіця не распешчанае. У швейцарцаў дзіцячыя пляцоўкі – гэта бервяно, ланцуг і што-небудзь у стылі «прыдумай сам». Без яркіх колераў. Стараюцца не перастымуляваць нервовай сістэмы дзяцей. А ў традыцыйнай швейцарскай сям’і дзецям, напрыклад, проста не даюць тэлефон. Ні на колькі.

– Ты даеш?

– На дзве гадзіны за дзень – такі ў нас ліміт. Выклікаў шмат спрэчак са старэйшым сынам. Ён меркаваў, што жыве ў канцлагеры і ўсё такое [смяецца]. Але было так, што я яго пазбавіла тэлефона на пару месяцаў, і сын зразумеў, што дзве гадзіны ў дзень – гэта нават шмат. Пасля гэтага пытанняў больш не ўзнікае.

– Строгая. Якая ты наагул мама?

– Насамрэч вельмі розная. У залежнасці ад перыядаў жыцця, якія пражываю. Але я лічу сябе цёплаю маці. Эмацыйнай, цёплай, якая гаворыць пра любоў, якая пражывае свае эмоцыі і якая дазваляе пражываць іх дзецям. Таму дзеці ў мяне імгненна выказваюць свае эмоцыі, ніякай паўзы. Разумееш?

Калі табе добра – мы гучна смяёмся, калі табе дрэнна – гучна плачам. З гэтым у нас усё ў парадку.

Але пры гэтым апошнія тры гады я была досыць адасобленаю маці. Была пагружаная больш у вонкавыя падзеі, чымся варта было б жанчыне з дваімі дзецьмі. А сутнасць жа ў тых момантах, калі ты выключаны для ўсяго вонкавага і цалкам належыш дзецям. Стоадсоткавая сканцэнтраваная ўвага! Толькі яна і важная ў бацькоўстве.

Гісторыі
БЧБ-нявеста стала нелегалкай ва Украіне: «Паміраць за Украіну можна, а жыць у ёй нельга?»
2022.06.13 22:59

Калі адною рукою памешваеш пельмені, другою мыеш посуд і пры гэтым робіш выгляд, што размаўляеш з дзіцём, – гэта не пракатвае. Гэта фальш, і яе адчуваюць дзеці. Адсюль крызісы і складанасці. Як толькі я вярнулася да іх, усё наладзілася, і цяпер мы ў адным з найлепшых перыядаў за апошнія тры гады нашага жыцця. У спакоі і ў любові. Аднаўляемся.

«Ружовае і ванільнае мусіць памерці»

– Кажаш пра спакой і любоў, але ж ты не так даўно разжанілася?

– Ну, па-першае, з мужам мы паўтара месяца ўжо як памірыліся. Так, мы былі ўпэўненыя, што нічога нас больш не звязвае. Але ў выніку прайшлі праз паміранне свайго першага рамантычнага – сямігадовага! – кахання і перайшлі на новы этап. У шмат якіх сем’ях так. Гэтае ружовае і ванільнае мусіць памерці, каб людзі сапраўды пазнаёміліся адно з адным, а не са сваймі чаканнямі адно ад аднаго. Ну вось, мы пражылі наш сямігадовы крызіс. Ідзём далей, я ўпэўненая.

– Супер! Афіцыйна вы ж не паспелі развесціся?

– Не, афіцыйна не развяліся. Праз усе падзеі. Проста рассталіся, ведаючы, што разжэнімся. Нашыя пераезды, рэвалюцыі і контррэвалюцыі супалі з тым, што нашаму шлюбу 6 гадоў, 7 гадоў… Тут адны працэсы – там іншыя. Зашмат усяго.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Вылечыла рак і засталася з валасамі – я шчасліўчык…»

– У сваім блогу ў «Instagram» у 2023 годзе ты прызнавалася, што ў Швейцарыі ў цябе выявілі рак…

– Я вылечылася ад раку. Мне зрабілі аперацыю, выдалілі пухліну і пралячылі радыеёдаваю тэрапіяй. Таму я нібыта вылечыла рак і засталася з валасамі. Мне пашанцавала. Цяпер я лічу сябе цалкам здаровай. Я шчасліўчык, бо ў мяне быў самы лёгкі від раку – шчытападобнай залозы. 95 % выпадкаў гэтага тыпу захворвання вылечваецца лёгка. Калі гэта, вядома, не дробнаклеткавы рак, які забівае за два месяцы. Але мне пашанцавала – у мяне быў лёгкі тып.

– Мабыць, пашанцавала і ў тым, што апынулася ў Швейцарыі і лячылася там?

– Безумоўна. Хоць наагул гэты рак і ў Беларусі добра лечыцца. Але ў Беларусі праблема з дыягностыкай, я адтуль яго прывезла. У Швейцарыі ён проста метастазамі дэтанаваў, а паводле аналізаў біяпсіі ў Беларусі ў мяне быццам бы ўсё ў парадку было…

«І вось цяпер я адрываюся ад унітазаў, люблю гэта паўтараць»

– Паўгода таму ты прыбірала кватэры ў Швейцарыі і марыла пра аспірантуру. Нешта змянілася?

– Так, я пайшла на павышэнне [усміхаецца]. Сапраўды, першыя паўгода я працавала пакаёўкаю, гэта значыць займалася прыватным прыбіраннем. І вось цяпер я адрываюся ад унітазаў. Я люблю гэта паўтараць [смяецца]. Памятаеш, Азаронак казаў, што ўсе мы будзем мыць унітазы ў Еўропе? І вось: праз паўтара года жыцця ў Швейцарыі я ўладкавалася прадаўцом на запраўку. І ўжо стасуюся з людзьмі. Для мяне гэта павышэнне.

Інтэрв’ю
Лявон Халатран – пра нянавісць, уладу і працу паміж праектамі: прыбірае нумары ў гатэлі
2024.01.30 15:41

Пытанне мовы пры ўладкаванні на працу ўжо не ўздымалася. Мая шэфіня сказала: «Ой, у вас выдатная нямецкая, дасце рады!» Думаю, гэта выдатная падзея. Ідзём далей да мэты – паступлення на магістратуру ў Швейцарыі. І гэтая праца, дзе я магу шмат гаварыць па-нямецку, мне ў гэтым толькі дапаможа. Яшчэ і грошы за гэта плоцяць. Таму ўсё выдатна.

– Да грошай яшчэ вернемся. Скажы што-небудзь па-нямецку, што кажаш кліентам?

– «Ich stehe Ihnen zur Verfügung». Гэта значыць «я ў вашым распараджэнні» [смяецца].

– Колькі зарабляла «на ўнітазах» і колькі цяпер, на швейцарскай запраўцы?

– Калі мыла ўнітазы – 30 франкаў за гадзіну, гэта крыху больш за 30 еўраў. Цяпер крыху менш атрымліваецца, бо там я была індывідуальнаю прадпрымальніцай, і тая стаўка ўлучала ў сябе ўсе мае рызыкі, бальнічныя і гэтак далей. Цяпер я зарабляю 27 франкаў за гадзіну. Але ў мяне ўжо ёсць аплатны 5-тыднёвы адпачынак і 13-ы заробак да Новага года.

– Гэта значыць, за дзень можаш зарабіць каля 200 еўраў?

– Так, дзесьці 210, напэўна. За месяц атрымліваецца прыблізна 4000, у гэтым дыяпазоне. Муж працуе ў фірме, якая стэрылізуе медычныя інструменты для шпіталю. У яго прыкладна такая ж заработная плата.

Іна Зайцава. Варшава, Польшча. 23 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

– Колькі аддаяце за жытло?

– Кватэра ў Люцэрне абыходзіцца ў 1400 еўраў. Плюс 750 – медычнае страхаванне на ўсю сям’ю.  Дзесьці 1200 трэба на харчовыя і побытавыя выдаткі. То бок аднаго заробку хапае, каб жыць нармальна. А другая заработная плата дазваляе сям’і жыць проста вельмі свабодна. Неяк так…

«Пытанне вяртання ў Беларусь буду разглядаць прагматычна»

– Прыязджаеш у Польшчу і думаеш: добра, што мы тут не засталіся?..

– Слухай, я цяпер жыву ў краіне, дзе ўзровень свядомасці ў большай часткі насельніцтва апярэджвае Польшчу і Беларусь, напэўна, на гадоў 200. То бок гэта грамадства, якое выйшла са стадыі спажывання і цяпер на стадыі насычэння. Грамадства з высокім узроўнем, калі казаць пра стаўленне людзей да прыроды, здароўя, да ўсіх навакольных, да цішыні і спакою.

Швейцарыя – неймавернае месца для жыцця менавіта з гэтага пункту гледжання. Але я бачу, што людзі і ў Польшчы могуць жыць забяспечана і ўсё сабе дазволіць. У любой краіне, нават у Беларусі, ты можаш нядрэнна зарабляць. Пытанне не ў грошах. Швейцарыя – месца, у якім я магу зазірнуць глыбей у сябе…

– Можаш назваць сябе ўжо швейцарскаю беларускаю?

– Не, я проста беларуска, якая жыве ў Швейцарыі, не больш за тое.

Аляксандр Лукашэнка заўтра памірае, Беларусь становіцца свабоднай… Ці гатовая адразу вярнуцца ў Беларусь разам з сям’ёй?

– Проста ў нікуды паехаць дадому? Не. Не таму, што Швейцарыя. Можа быць Польшча ці Малдова – абсалютна ўсё роўна. Мае дзеці вучацца ў школе, кожны год у іх новы настаўнік, новы клас – гэта велізарны стрэс. І вярнуць, напрыклад, Мікіту ў беларускую школьную праграму я цяпер проста не магла б. Гэта было б здзекам з дзіцяці.

Артыкулы
«Калі прыйдзе дзень пераменаў, скокнем у машыну і паляцім ракетай». Бчб-нявеста пра свой першы год не ў Беларусі
2021.12.29 13:59

Таму буду разглядаць пытанне вяртання вельмі прагматычна. І, магчыма, Мікіта проста застанецца давучвацца.

«Надзену БЧБ-сукенку, толькі калі пераможным маршам па Менску пойдзем»

– БЧБ-нявеста адведала сваю знакамітую вясельную сукенку ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве?

– Так, схадзіла, паглядзела. Мяне часам просяць: а давайце зробім фотаздымку яшчэ разок у сукенцы. Я адмаўляюся. Цяпер ужо надзену, толькі калі пераможным маршам па Менску пойдзем. Толькі ў гэтым выпадку. Толькі на плошчы Незалежнасці. Там і фотасесію зарганізуем. Абяцаю.

– Але ты і цяпер застаешся сімвалам нашай рэвалюцыі. І нявестай… Не вырасла яшчэ з той сукенкі?

– Я сябе не вельмі ідэнтыфікую з сімвалам. Быў момант, які запатрабаваў ад мяне актыўных дзеянняў. Я іх зрабіла, і ўсе мяне назвалі «БЧБ-нявестай». Але я не раблю гэта часткаю сябе, не раздзімаю сябе ад гонару. Такіх людзей, як я, у 2020 годзе на вуліцах Менску было вельмі шмат. Яркіх, таленавітых, цікавых! На жаль, шмат хто сядзіць у турмах. Хтосьці пераехаў, хтосьці стаіўся ў Менску. Любога з іх мы можам назваць сімвалам нашай барацьбы.

– Але ж сышлася з мужам – значыць, нявеста!

– Ой, сёння нявеста, заўтра – не нявеста! Жыццё такое зменлівае [смяецца]!

Платье БЧБ-невесты
Павел Латушка і Іна Зайцава пасля перадачы вясельнай сукенкі Музею вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 7 ліпеня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– Гэта праўда. Ці паспела ўжо сустрэцца з варшаўскімі сябрамі і сяброўкамі?

– Так, тут шмат актывістаў, з якімі мы хадзілі маршамі па адных вуліцах Менску. Раённая нашая тусоўка. Цяпер яны ў Варшаве. Так што з начлегам няма праблемаў. Усе кантакты захаваліся. Гэтая адкрытасць і цеплыня, якую мы злавілі ў 2020 годзе на вуліцах, засталася. І код пазнавання працуе выдатна.

– Як ён працуе, як ты распазнаеш гэты код?

– Па ўсмешках. Мы ўсміхаемся, сустракаемся вачыма, пачынаем размаўляць – і ўсё: ты разумееш, што вось ён, мой чалавек. І не важна, у якой краіне гэта здараецца.

«Беларусь мне не сніцца, яна ў мяне на сувязі»

– Паўтара года ў Швейцарыі. Акрамя Польшчы, дзе яшчэ пабывалі з дзецьмі? Падарожнічаеце?

– Так. І падарожнічаем па Швейцарыі. Пасля Швейцарыі вельмі складана кудысьці ехаць. І навошта, уласна, марнаваць на гэта грошы, калі яшчэ столькі застаецца куткоў неаб’езджаных у самой Швейцарыі? Гэта дзіўная краіна!

– У гэтай цудоўнай краіне – сніцца Беларусь?

– Не, не сніцца. Беларусь у мяне заўсёды на сувязі. Я размаўляю з усімі, хто там. Ведаю, якое надвор’е там і якая сітуацыя. Але я не адчуваю… Скажу так: я прыняла рэальнасць, і я больш ёй не супраціўляюся. Не прычыняю сама сабе пакутаў – ні настальгіяй, ні ілюзіямі, ні прадчуваннямі перамогі. Тое, што дазваляе мне жыць цяпер якасна, – гэта фіксацыя на бягучым моманце.

Не апавядаць сабе казкі пра палітычную сітуацыю ў свеце, бо ўсё гэта дагадкі і меркаванні. А бягучы момант – гэта тое, што я цяпер стаю на гэтым месцы ў Варшаве, абапіраюся рукой аб парэнчы, а насупраць мяне – чалавек, які задае мне пытанні і мяне выслухоўвае. То бок ты. Мая думка і мае пачуцці тут, усё тут, у сапраўдным моманце.

– Дзякуй табе, што была тут і побач. Прыязджай часцей!

Разбор
Як падтрымліваюць нараджальнасць грашыма ў Беларусі, Польшчы, Літве, Расеі, Грузіі, Казахстане
2024.02.27 07:04

Зміцер Міраш / КП belsat.eu