Акадэмік НАН Беларусі: За год выяўлена больш за 51,5 тысячы анказахворванняў, лік будзе расці


У Беларусі ў 2023 годзе было выяўлена больш за 51,5 тысячы анказахворванняў. Гэта папярэдняя лічба, канчатковая колькасць упершыню знойдзеных пухлінаў можа быць большай за 56 тысячаў. Такія звесткі падчас прэс-канферэнцыі прывёў намеснік дырэктара ў навуковай працы РНПЦ анкалогіі і медычнай радыялогіі, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Красны.

Біялагічныя аналізы ў лабараторыі. Ілюстрацыйны здымак Pixaby

Паводле Сяргея Краснага, у даковідны перыяд у Беларусі штогод выяўлялася каля 50 тысячаў новых выпадкаў раку. З кожным годам гэтая колькасць павялічвалася прыкладна на 1300 выпадкаў.

Так, у 2019 годзе было ўпершыню выяўлена 54,5 тысячы выпадкаў анказахворванняў. У 2020 – на 20 % (ці на 10 тысячаў пацыентаў) менш. Прагназавалася, што ў 2023 годзе іх колькасць вырасце да 59–60 тысячаў. Аднак, паводле папярэдніх падлікаў, летась было выяўлена 51,5 тысячы новых пацыентаў. Канчатковы лік можа быць большым за 56 тысячаў.

«Калі параўноўваць з папярэднімі гадамі, нібыта рэзкі рост, але на самой справе мы яшчэ не дасягнулі прагнозных паказнікаў, яшчэ не выйшлі з гэтай яміны зніжэння захворвальнасці. Хутчэй за ўсё, налета дасягнём гэтых прагнозных лікаў і будзе назірацца павелічэнне анкалагічнай захворвальнасці, якое было апошнія 50 гадоў», – сказаў Сяргей Красны.

Паводле анколага, рэзкае зніжэнне смяротнасці ад раку – на 6 % – упершыню за ўсю гісторыю назіранняў было зафіксаванае падчас пандэміі каронавіруснай інфекцыі. Цяпер гэты лік вярнуўся на даковідны ўзровень: у 2023 годзе ад раку ў Беларусі памерлі каля 17 тысячаў чалавек.

«Мы можам прагназаваць невялікі рост смяротнасці, хутчэй за ўсё. Але гэта будзе не сапраўдны рост, а вяртанне да тых лічбаў у дачыненні да росту захворвальнасці», – зазначыў Сяргей Красны.

Аб’ектыў
У Беларусі знікаюць жыццёва важныя лекі
2023.11.10 21:14

Паводле акадэміка, да 2050 года ва ўсім свеце будзе назірацца рэзкі рост анказахворванняў – амаль у два разы, і Беларусь не стане выключэннем: гэта прагноз Сусветнай арганізацыі здароўя.

Паводле структуры захворвальнасці, у мужчынаў у Беларусі найчасцей выяўляецца рак прастаты, потым ідзе рак лёгкіх і тоўстай кішкі (каларэктальны рак).

У жанчынаў на першым месцы – рак малочнай залозы, потым – каларэктальны рак. На трэцім месцы – пухліны гінекалагічнай сферы.

«Але калі мы возьмем усё насельніцтва разам, то на першае месца з вялікім адрывам выходзіць каларэктальны рак – і гэтым мы вельмі сур’ёзна адрозніваемся ад усіх развітых краінаў свету. З чым гэта звязанае? З асаблівасцямі харчавання нашых беларусаў. У нас не прынята есці шмат гародніны, садавіны», – зазначае Сяргей Красны.

Анколаг таксама звярнуў увагу, што беларусы не вельмі добра ставяцца да прафілактычнай працэдуры – калонаскапіі з выдаленнем паліпаў, – якая магла б папярэдзіць прыкладна 80 % выпадкаў раку тоўстай кішкі.

Гісторыі
Гісторыя былога вязня «Віцьбы» Сяргея Сабалеўскага, які перажыў на зоне інсульт і выйшаў з анкахваробай
2024.01.18 07:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў