У Беларусі за год бязвізу затрымалі 18 турыстаў з Латвіі


З часу ўвядзення ў красавіку 2022 года бязвізавага рэжыму ў Беларусі арыштавалі 18 грамадзянаў Латвіі, якіх беларускі рэжым абвінавачвае ў парушэнні розных законаў. Аб гэтым паведамляе партал «Delfi» са спасылкаю на МЗС Латвіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Латвійская мяжа.
Фота: W0zny/wikipedia.org

Латышскія грамадзяне могуць наведваць Беларусь без візы да канца 2023 года, аднак Міністэрства замежных справаў Латвіі заклікае гэтага не рабіць – ёсць рызыка правакацыяў супраць грамадзянаў  Латвіі з боку ўладаў Беларусі.

«Пры ўездзе ў Беларусь можна зазнаць правакацыі з боку беларускіх спецслужбаў, быць хлусліва абвінавачанымі ў парушэнні беларускіх законаў і арыштаванымі», – паведамляе МЗС Латвіі.

У ведамстве таксама нагадваюць, што праз адсутнасць законнасці ў Беларусі магчымасці Латвіі для дапамогі латышскім грамадзянам вельмі абмежаваныя.

У канцы мінулага года беларускі бязвіз для жыхароў Літвы, Латвіі і Польшчы падоўжылі да канца 2023 года. Яго ўвялі з 15 красавіка 2022 года, а для грамадзянаў Польшчы – з 1 ліпеня.

Улады Беларусі сцвярджаюць, што за гэты час краіну наведалі амаль 370 тысяч грамадзянаў ЕЗ, пераважна з Літвы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў