Уцекачы з Украіны ў Еўропе: маштабы крызісу, кірункі, умовы


Ад пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання Украіну пакінулі ўжо больш за 2 мільёны чалавек. Belsat.eu тлумачыць, куды накіроўваюцца ўцекачы, як ім дапамагаюць краіны ЕЗ і чаму ў Беларусь амаль ніхто не едзе.

Уцекачы з Украіны на памежным пункце пропуску «Карчова – Кракавец», Украіна. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: Яна Сідач / Белсат

Самы маштабны крызіс з часу Другой сусветнай

Паводле звестак Упраўлення вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, з 24 лютага да 8 сакавіка Украіну пакінулі ўжо больш за 2 мільёны чалавек. Акрамя таго, каля 160 тысячаў сталі ўнутранымі перасяленцамі – то бок яны пакінулі свае дамы, але застаюцца ва Украіне.

Большасць украінскіх уцекачоў накіраваліся ў Польшчу – 1 мільён 204 тысячы чалавек. На другім месцы Вугоршчына – больш за 191 тысячу, на трэцім Славаччына – 140 тысячаў. Румынія і Малдова прынялі прыкладна 82 тысячы ўкраінцаў кожная. У Расею накіраваліся 99 тысяч уцекачоў.

У статыстыцы ААН пазначаныя толькі тыя дзяржавы, куды ўкраінцы выязджаюць першапачаткова. Аднак гэта не значыць, што яны там застануцца: некаторыя адразу едуць у іншыя краіны ЕЗ. Напрыклад, МУС Нямеччыны паводле стану на 7 сакавіка налічыла ўжо 50 тысяч уцекачоў з Украіны.

Вярхоўны камісар ААН у справах уцекачоў Філіпа Грандзі заявіў, што гэта самы маштабны крызіс у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Ён адзначыў, што ваенныя канфлікты на Балканах у 1990-я зрабілі ўцекачамі 2–3 мільёны чалавек, але гэта адбылося цягам 8 гадоў, а не двух тыдняў.

У Еўракамісіі лічаць, што колькасць украінскіх уцекачоў можа скласці да 7 мільёнаў чалавек.

Фота
Прапускаюць па 30 чалавек за гадзіну. Што адбываецца з украінскага боку мяжы
2022.03.07 18:59

Дырэктыва аб часовай абароне

4 сакавіка 2022 года Рада ЕЗ ухваліла рашэнне аб актывацыі Дырэктывы аб часовай абароне (ДЧА) людзей з Украіны, якія ратуюцца ад вайны. Адпаведны механізм у ЕЗ быў распрацаваны яшчэ на пачатку 2000-х з улікам досведу гуманітарнага крызісу пасля серыі ваенных канфліктаў на тэрыторыі былой Югаславіі. Ідэя дырэктывы ў тым, каб не дапусціць перагрузкі сістэмы давання прытулкаў у выніку наплыву ўцекачоў.

Механізм часовай абароны – даволі зручная альтэрнатыва статусу ўцекача. Раней, з 2017 года, украінцы карысталіся бязвізавым рэжымам з Еўразвязам, але заставацца ў Шэнгенскай зоне яны маглі не больш за 90 дзён. ДЧА фактычна здымае абмежаванні на тэрмін перабывання. Часовая абарона пачынае аўтаматычна дзейнічаць з моманту перасячэння мяжы з ЕЗ. На падставе ДЧА украінцы маюць права паехаць у любую краіну Еўропы, якую захочуць (акрамя Даніі). Пры гэтым на статус уцекача можна і не прэтэндаваць.

Уцекачы з Украіны на памежным пункце пропуску «Рава-Руська – Грэбэннэ», Украіна. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

Але калі ўкраінец пры перасячэнні мяжы вырашыць падаць дакументы на статус уцекача, то паводле закону на час разгляду ён мусіць заставацца ў краіне, дзе папрасіў прытулку. Разгляд такой заявы можа зацягнуцца на некалькі месяцаў.

ДЧА распаўсюджваецца не на ўсіх. Дзеля атрымання часовай абароны трэба, каб чалавек пражываў на тэрыторыі Украіны паводле стану на 24 лютага 2022 года або меў палітычны прытулак ва Украіне. Чальцы семʼяў гэтых дзвюх катэгорыяў таксама трапляюць пад ДЧА.

Акрамя таго, як піша DW, на часовую абарону могуць разлічваць тыя, хто меў пастаянны від на жыхарства ва Украіне, а на радзіму не можа вярнуцца з меркаванняў бяспекі.

Ірпінь, Украіна. 3 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

ДЧА не толькі здымае абмежаванні на час перабывання ў ЕЗ, але і прадугледжвае шэраг іншых правоў: доступ да рынку працы і жылля, права на пражыванне, сацыяльную і медычную дапамогу. Уцекачы таксама могуць займацца прадпрымальніцтвам, атрымліваць новую спецыяльнасць і павышаць кваліфікацыю, адзначае DW. Але парадак рэалізацыі гэтых правоў можа мець свае асаблівасці ў кожнай канкрэтнай еўрапейскай дзяржаве: напрыклад, у розных краінах гэтым могуць займацца розныя ўстановы.

Дырэктыва аб часовай абароне ўкраінцаў будзе дзеяць як мінімум 1 год, а пры неабходнасці можа быць працягнутая да 3 гадоў.

Еўракамісія таксама рэкамендавала памежнікам спрасціць для ўкраінцаў працэдуру кантролю, у тым ліку адносна парадку ўвозу асабістых рэчаў і хатніх жывёлінаў.

Дапамога на нацыянальным узроўні

У краінах, куды прыязджаюць украінскія ўцекачы, яны могуць жыць або ў цэнтрах размяшчэння, або ў сваякоў і сяброў. На нацыянальным узроўні дзяржавы ЕЗ таксама прымаюць захады, каб дапамагчы ўкраінцам.

Як паведаміў прэм’ер-міністар Польшчы Матэуш Маравецкі на прэс-канферэнцыі 7 сакавіка, уцекачы змогуць заставацца на польскай тэрыторыі і мець доступ да рынку працы цягам 18 месяцаў. Пры неабходнасці тэрмін перабывання могуць працягнуць да 3 гадоў. Польскія сем’і, якія прымаюць у сябе ўкраінцаў, змогуць разлічваць на фінансавую дапамогу ў памеры 40 злотых на дзень (каля 1200 злотых у месяц).

Меркаванні
Польшча рыхтуецца да найгоршага. Мільён уцекачоў з Украіны? Расейская агрэсія можа дэстабілізаваць цэлы рэгіён
2022.02.19 14:07

Паводле Бі-Бі-Сі, урад Румыніі гатовы аплачваць жытло 70 тысячам уцекачоў на працягу месяца і прапануе ім фінансавую дапамогу для пакупкі ежы і адзення. Такія ж меры прадугледжаныя ў Вугоршчыны.

Гатовыя дапамагчы ўцекачам і краіны, якія не мяжуюць з Украінай. Чэхія плануе выплачваць па 200 еўра ўкраінскім уцекачам штомесяц цягам трох месяцаў. Канада разглядае магчымасць увядзення бязвізавага рэжыму для ўкраінцаў. Урад Вялікай Брытаніі заявіў пра гатовасць прыняць да 200 тысяч уцекачоў, але тут пра бязвіз гаворкі няма.

Як піша УНІАН, шэраг еўрапейскіх краінаў зрабілі бясплатнымі праезд украінцаў у чыгуначным транспарце: гэта Аўстрыя, Польшча, Славаччына, Фінляндыя, Францыя, Чэхія, Бельгія, Нямеччына, Нідэрланды, Вугоршчына, Грузія.

Фота
«Да мяжы на таксоўцы за 4000 грыўняў». Як уцекачы з Украіны дабіраюцца да польскага Кракава
2022.03.08 10:40

Беларускі кірунак

Падчас вострай фазы вайны на Данбасе ў 2014–2015 гадах Беларусь была другім (пасля Расеі) паводле папулярнасці маршрутам для ўкраінскай міграцыі. Гэта прымусіла Аляксандра Лукашэнку прыняць адмысловы ўказ ад 30 жніўня 2014 года «Аб знаходжанні грамадзянаў Украіны ў Рэспубліцы Беларусь», які спрашчаў умовы для пераезду ўкраінцаў у Беларусі. Сам Лукашэнка ў розных сваіх прамовах называў лічбу 150–170 тысяч украінскіх уцекачоў у Беларусі. Гэтыя заявы былі вельмі маніпулятыўныя: насамрэч па атрыманне статусу ўцекача або па дадатковую абарону ў дзяржаўныя органы Беларусі з 2014 да 2018 года звярнуліся толькі 3318 украінскіх грамадзянаў (атрымалі статус уцекача наогул адзінкі). Большасць украінцаў, якія прыязджалі ў Беларусь у той перыяд, неўзабаве з’язджалі. Паводле стану на 2017 год было зарэгістравана толькі каля 45 тысяч грамадзянаў Украіны, якія пражывалі ў Беларусі, – прытым, што далёка не ўсе яны з’ехалі з радзімы праз вайну. Аднак нават з улікам маніпуляцыяў звесткамі ў той час гаворка ішла пра важны міграцыйны кірунак.

Цяпер жа ахвочых трапіць у Беларусь вельмі мала: з 24 лютага да 7 сакавіка ў нашую краіну накіраваліся толькі 453 чалавекі. Гэта найменшы паказнік з усіх суседзяў Украіны. Тлумачыцца гэта вельмі проста: цяпер у вачах украінцаў Беларусь зрабілася саўдзельніцай расейскай агрэсіі, а не нейтральнай краінай.

Дзяржаўны памежны камітэт і дзяржаўныя медыі актыўна распавядаюць пра выпадкі, калі ўкраінцы ратуюцца ад вайны ў Беларусі. Амаль усе навіны Памежнага камітэту ў апошнія дні прысвечаныя менавіта гэтай тэме.

Выглядае на тое, што такім чынам улады хочуць схаваць рэальную ролю рэжыму Лукашэнкі, а замест гэтага прадэманстраваць вобраз дзяржавы, якая не мае дачынення да канфлікту і проста дапамагае людзям.

«Беларускі бок гатовы забяспечыць пропуск усіх грамадзянаў Украіны, якія шукаюць абарону на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў прэс-рэлізе Дзяржаўнага памежнага камітэту. У такіх матэрыялах не тлумачыцца, што ўкраінцы вымушаныя шукаць абароны ў тым ліку праз тое, што з беларускай тэрыторыі на іх ляцяць ракеты.

Фота
«Апякуюцца беларускімі і ўкраінскімі ўцекачамі». Як дабрачынныя ініцыятывы мяняюць працу праз вайну ва Украіне
2022.03.03 11:02

Прапагандысцкая карцінка з украінскімі ўцекачамі патрэбная і Крамлю. 7 сакавіка Расея прапанавала Украіне стварыць гуманітарныя калідоры да расейскай і беларускай тэрыторыяў. Прычым у апошнім выпадку беларуская тэрыторыя не з’яўляецца канчатковай кропкай: з Кіева ўцекачам прапаноўваецца даехаць да Гомля, а адтуль іх чамусьці мусяць забраць авіяцыйным транспартам у РФ.

Віцэ-прэмʼерка, міністарка ў пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Вэрэшчук адзначыла, што такая прапанова абсурдная, цынічная і непрымальная. Паводле яе, украінскія грамадзяне не стануць гэтым маршрутам карыстацца.

«Расейцы плануюць зрабіць гуманітарны калідор у Расейскую Федэрацыю і ў Беларусь. Прапаноўваюць нам – давайце мы вас вывезем, і вы станеце нашымі палоннымі і ахвярамі тэлекарцінкі, дзе вы павінны расказваць, як вам цяжка пад украінскай уладай і як добра тут, у РФ», – цытуе УНІАН дарадцу кіраўніка МУС Украіны Вадзіма Дзенісенку.

На думку Дзянісенкі, гэта патрэбна Расеі, каб прынізіць украінцаў.

Фотарэпартаж
«Сабрала ўсё, што змагла». Мастачка з Расеі дапамагае ўцекачам з Украіны
2022.03.02 10:49

РР belsat.eu

Стужка навінаў