Уладзімір Пуцін прапанаваў былому прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку палітычны прытулак у Расеі


Пра магчымасць палітычнага прытулку для Пятра Парашэнкі Пуцін заявіў падчас брыфінгу пасля перамоваў з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам 7 лютага.

Прэзідэнты Расеі і Францыі падчас прэсавай канферэнцыі ў Маскве, 7 лютага 2022 г.
Фота: POOL / Reuters / Forum

«Мы гатовыя такім, як спадар Парашэнка даць прытулак у Расеі», – сказаў прэзідэнт Расеі.

Паводле ягоных словаў, раней ён ужо прапаноўваў Парашэнку даць прытулак, калі ў яго ўзнікнуць «нейкія складанасці ў будучыні». Аднак той яшчэ на пасадзе прэзідэнта Украіны, шмат іранізаваў па гэтым пытанні, зазначыў Пуцін і дадаў, што лічыць пераслед Парашэнкі як дзяржаўнага злачынца, «празмернай заяўкай на поспех дзейнага кіраўніцтва».

«У свой час, калі спадар Парашэнка яшчэ быў прэзідэнтам Украіны, я яму казаў, што, калі ў яго ўзнікнуць нейкія праблемы ў будучыні, Расея гатовая прадставіць яму палітычны прытулак», – сказаў Пуцін.

Адказ Пятра Парашэнкі на прапанову з’явіўся ў ягоным тэлеграм-канале.

«Уладзіміру Уладзіміравічу раю нарэшце ўсвядоміць, што мы разбярэмся самі, тут, ва Украіне, – гаворыцца ў паведамленні Парашэнкі. – І адвечная расейская практыка «апекавацца» украінскай палітыкай і палітыкамі ўжо даўно спынілася. Гэта адбылося, калі я быў абраны Прэзідэнтам Украіны.

Акрамя таго, Парашэнка абвінаваціў цяперашняга прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў тым, што ён хоча «зрабіць падарунак Пуціну», пераследуючы праеўрапейскую апазіцыю ва Украіне.

«Раю Уладзіміру Аляксандравічу перастаць радаваць Пуціна і заняцца абаронай краіны. І менавіта туды накіраваць свае высілкі ды высілкі праваахоўных органаў, якія цяпер займаюцца Парашэнкам больш, чым расейскай пагрозай», – зазначыў былы прэзідэнт.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў