«Ногі шэрыя, не падымаецца з ложку». У турме памірае мужчына, асуджаны на 25 содняў

Алег Заяц выйшаў на шпацыр каля свайго дому 23 студзеня і трапіў на Акрэсціна. Яго пакаралі 25-дзённым арыштам – максімальна магчымым тэрмінам. У мужчыны ампутаваныя пальцы на нагах, а таксама ён хварэе на анкалогію. На знак пратэсту Алег абвясціў сухое галадаванне – цалкам адмовіўся ад ежы і вады.

Алег Заяц (з палачкаю) падчас аднаго з маршаў. Фота: Роза Летава

Галадаванне як знак пратэсту

«Усе дні з часу затрымання Алег не піў і не еў. Гэта могуць пацвердзіць усе 24 чалавекі з нашай 6-мясцовай камеры», – кажа чалавек, які сядзеў разам з Алегам на Акрэсціна і ў Жодзіна.

Суразмоўца «Белсату» цвердзіць, што 28 студзеня – праз 5 дзён пасля затрымання – Алегу было зусім кепска. Ён нават не мог падымацца з ложка, ягоная скура была шэрая. Ногі – абмарожаныя.

«Алегу прысудзілі 25 содняў, нягледзячы на шматлікія несастыкоўкі ў паказаннях сведкі ды ў пратаколе затрымання, на якія ён указваў у судзе! У яго адабралі кій, без якой Алег практычна не можа перасоўвацца праз боль у ступаках. Галадаванне ён абвясціў на знак падтрымання Ігара Лосіка і супраць свайго незаконнага ўтрымання», – кажа відавочца падзеяў.

Алег Заяц, фота: Роза Летава

Алега абвінавацілі паводле арт. 23.34 КаАП РБ («Удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах») і арт. 23.4 КаАП РБ («Супраціў службовай асобе пры выкананні абавязкаў»).

Святлана, суседка Алега, кажа, што ён адмовіўся даваць паказанні на камеру – гэта залічылі за супраціў. Прызнаецца, што вельмі перажывае за суседа: ягоная сям’я падтрымлівае Лукашэнку, таму дапамогі ад іх чакаць не варта.

У турме да 16 лютага

У панядзелак 8 студзеня праходзіў суд, на якім абарона Алега спрабавала абскардзіць пастанову. На жаль, суд пакінуў папярэднюю пастанову. Але на паседжанні стала вядома, што Алег спыніў галадаванне. З якіх прычынаў і калі гэта адбылося, невядома. Таксама на цяперашні момант няма аніякіх звестак пра стан ягонага здароўя.

Смерць дзеля перамогі. Сабралі прыклады вядомых галадаванняў па ўсім свеце

Вядома толькі, што на волю Алег мусіць выйсці 16 лютага. Раней ён працаваў у Свята-Елісавецінскім манастыры, а таксама прадаваў там свае вырабы. Праваслаўная супольнасць запусціла зварот да мітрапаліта Веніяміна, каб уратаваць Зайца.

Алег Заяц – не адзіны беларускі вязень, які галадаваў за свае правы. Блогер Ігар Лосік галадаваў 42 дні. Ён вырашыў пачаць есці праз тое, што разам з ім трымаць галадоўку пачалі іншыя людзі.

Таксама вядома пра галадаванне гомельца Ігара Краўчанкі. Ён пратэстуе супраць несправядлівага арышту. Сёння мужчыну мусілі выпусціць пасля 15 содняў, але яго пакінулі за кратамі на такі ж тэрмін. Прычына чарговага пакарання невядомая.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Hавiны