«Людзі ведалі, што на плошчы Пераменаў ёсць журналісты, што вядзецца стрым»


Паразмаўлялі з чалавекам, які патрапіў у адзін РУУС разам з Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай.

Амаль тры месяцы журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева застаюцца ў зняволенні. Іх затрымалі падчас нядзельнага стрыму з плошчы Пераменаў. Спачатку пакаралі адміністратыўным арыштам, затым завялі крымінальныя справы. 9 лютага, праз паўгода пасля пачатку мірнага пратэсту, у судзе Фрунзенскага раёну распачнецца разгляд іхных справаў.

Мы паразмаўлялі са сведкам, які 15 лістапада быў на плошчы Пераменаў і затым трапіў у адзін РУУС з журналісткамі.

– Ты можаш прыгадаць, як ты даведаўся пра смерць Ромы Бандарэнкі?

– Хтосьці распавёў. У той вечар было дзве навіны. Я прачытаў пра затрыманне Міколы Дзядка, відэа ўжо было апублікаванае ў сетцы. І другая –пра смерць Ромы, яе мне распавёў нехта з сяброў.

– Калі першы раз ты прыйшоў на плошчу Пераменаў?

– У тую самую нядзелю я прыйшоў туды. Прыйшоў крыху раней за абед і прабыў да самага моманту затрымання, калі прыехаў Балаба і сказаў, што яны развязуць усіх па РУУС.

– Якая была атмасфера ў той дзень на плошчы Пераменаў?

– Там быў народны мемарыял, шмат памятных рэчаў: выказванняў, кветак, сцягоў, знічоў, фотаздымкаў Рамана… У той дзень было халодна, і таму на плошчы з абеду пачалі з’яўляцца намёты з кавай, гарбатай, печывам. Людзей станавілася ўсё болей і болей, практычна ўвесь двор быў напоўнены тымі, хто прыйшоў сюды з прычыны смерці Рамана. Атмасфера панавала сяброўская, людзі намагаліся падтрымаць адзін аднога.

Ля дамоў каля плошчы Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Белсат / Vot Tak TV

– Ці разумелі людзі, што прыйдуць сілавікі? Ці ўяўлялі, якая колькасць іх будзе?

– Гэта было чакана, не памятаю, каб нехта быў здзіўлены. Першы раз яны прыйшлі недзе а 14-й гадзіне з боку вуліцы Арлоўскай. Тады яны не бралі двор у ачапленне. Яны, наколькі было зразумела, АМАП і ўнутраныя войскі, ішлі ў некалькі шэрагаў, перакрываючы дарогу. Калі яны ўшчыльную наблізіліся да плошчы Пераменаў, людзі зрэагавалі вельмі эмацыйна, шмат сыпалі на іхны адрас праклёнаў, крычалі: «Навошта вы сюды прыйшлі? Што вам трэба?», «За што забілі Рому?».

Тады атрымалася нейкае яднанне і салідарызацыя сярод людзей. І ў той жа час, з улікам, што плошча Пераменаў – гэта агароджаны двор, і адступаць не было куды, то і адчувалася моцнае раздзяленне на «мы» і «яны».

Hавiны
Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева: што трэба ведаць пра зняволенных журналістак «Белсату» і іх пераслед
2021.02.08 07:30

Самае галоўнае, што было не зразумела, чаго сапраўды хацелі сілавікі. Быццам бы яны адцяснялі людзей, але куды? Расстрэльваць нас?.. У некаторых жа з іх была зброя, але яе не выкарыстоўвалі, толькі на падыходзе ўзарвалі некалькі святлошумавых гранатаў. Таксама не зразумела дзеля чаго, бо ў той момант у тым месцы нічога не адбывалася: там не было ні людзей, ні аўтамабіляў. Магчыма, каб папярэдзіць, каб запалохаць, каб прадэманстраваць, што яны так могуць.

Нікога не затрымаўшы, сілавікі адступілі. Відавочна, яны і не мелі каманды кагосьці хапаць. З іх адступленнем з’явілася адчуванне невялікай, але перамогі, эйфарыя, людзі пачалі больш камунікаваць між сабой, узаемадзейнічаць.

Пра другі заход сілавікоў мы даведаліся па крыках людзей з вокнаў, бо яны бачылі, што тыя прыехалі ў суседнія двары, пачынаюць акружаць, і што іх вялікая колькасць. Стала зразумела, што адступленне – гэта быў зусім не канец. Некаторыя, разумеючы, што зараз пачнуцца затрыманні, намагаліся адысці дварамі, што было ўжо не так проста, бо паўсюль стаяла міліцыя, ці схавацца ў пад’ездах. Некаторым давялося хавацца па кватэрах, правесці ноч у закладніках. Але быў момант, калі ўсё ж людзей не чапалі, асабліва дзяўчат, і ў іх атрымалася выйсці з ачаплення.

Тады ж прыехаў Балаба. Я не чуў, што ён казаў. Праз усю гэтую атмасферу, праз факт забойства Рамана, праз утульную прастору двара і тых людзей, штотам сабраліся – мне хацелася быць да канца.

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

– Як цябе затрымалі?

– Я стаяў у счэпцы ля трансфарматарнай будкі. І сілавікі пачалі проста па адным чалавеку выцягваць і весці ў аўтазакі. Вось мяне выцягнулі, заламалі рукі і пацягнулі, прычым так, што я ледзь-ледзь даставаў нагамі да зямлі. Быўяшчэ адзін момант: на мне быў шалік, калі мне завялі рукі за спіну, бо ён пачаў крыху прыдушваць мяне, я казаў, маўляў, цяжка дыхаць, але ім было ўсё роўна. Мяне закінулі ў аўтазак, на якім і даставілі ў Кастрычніцкі РУУС.

– Ты бачыў на плошчы Пераменаў Кацю Андрэеву і Дашу Чульцову?

– Не, там я іх не бачыў. Але людзі ведалі, што на плошчы Пераменаў ёсць журналісты, што вядзецца стрым. На той момант мяне гэта зусім не хвалявала, маўляў, ну, добра, што нехта гэта робіць. Але на мае паводзіны яно не магло паўплываць.

– Дзе ты пабачыў дзяўчат?

– У Кастрычніцкім РУУС. Нас даставілі, і на той момант у актавай зале было ўжо чалавек пад 50. Мы апынуліся на чацвёртым паверсе, сядзелі ў фае. Па чарзе хадзілі на складанне пратаколу-апытання. І вось недзе праз гадзіну прывезлі Кацю і Дашу. Адразу стала зразумела, што гэта журналісткі «Белсату», якія вялі стрым. Да іх было болей увагі ў міліцыі.

Але ў РУУС было ўсё досыць спакойна і адэкватна. Нікога не чапалі, нават перадавалі ваду ад валанцёраў. Мяне завялі ў кабінет да следчых па крымінальных справах, там было два працаўнікі: адзін больш дзёрзкі, а другі быццам бы цікаўны, шмат размаўляў. Ён казаў, што ў розных тэлеграм-каналах, якія яны таксама чытаюць, міліцыянты паказаны вельмі дрэннымі людзьмі, яго гэта закранула. Казаў пра смерць Ромы Бандарэнкі, што там усё незразумела, што ён быў п’яны, што будуць апублікаваныя факты, якія пакажуць, што сітуацыя неадназначная. Быццам бы апраўдваў міліцыянтаў, дублюючы афіцыйную версію. Ён задаваў яшчэ пытанні, але я запытаў, у рамках чаго ўсё гэта. У адказ пачуў пра арганізацыю масавых мерапрыемстваў. Калі ўдакладніў, паводле крымінальнага ці адміністратыўнага артыкулу, той адказаў, што паводле крымінальнага, і я іду як падазраваны. Тады я сказаў, што без адваката не намераны працягваць размову. У астатнім яны былі досыць спакойныя. У пратаколе-апытанні ўпісвалася ўсё слова ў слова, што ты кажаш, як было.

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

– Каця і Даша былі з вамі разам у фае ўвесь час?

– Так, яны таксама чакалі чаргі для афармлення пратаколаў. Асобна ў актавую залу іх не вадзілі. Імі не займаўся ніякі асобны супрацоўнік.

– А як яны сябе паводзілі, і што значыць, да іх было больш увагі?

– Было некалькі маладых міліцыянтаў, якія даволі фамільярна ставіліся да Каці і Дашы, быццам бы яны такія дружбакі ім. Асабліва да Каці, бо яна больш гаваркая. Было бачна, што ёй гэта недаспадобы. Даша больш ціхая, і ніякага асаблівага ўзаемадзеяння ў яе не было з міліцыянтамі. Пасля Дашу разам з намі, адзіную дзяўчыну, перавезлі на Акрэсціна. Яна была вельмі спакойная: у самім аўтамабілі, пры афармленні ў ізалятары.

– Каці стала дрэнна ў РУУС. Як на гэта зрэагавалі?

– Так, яна папярэджвала пра ціск, ніякай рэакцыі не было. А пасля адкрываюцца дзверы кабінета, і мы бачым, Каця ляжыць на падлозе. Але вакол яе ніякай мітусні, яе не чапалі. Людзі, затрыманыя, калі пабачылі, што Каця без прытомнасці, пачалі казаць: «Выклікайце хуткую». Прыехалі дактары і яе забралі.

– Ці быў хаця б нейкі намёк на тое, што журналісткам пагражаюць крымінальныя справы?

– На той момант было звычайнае афармленне адміністратыўных затрыманых:вымалі і апісвалі рэчы, здымалі матузкі.

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: Белсат

– Што ты адчуў, калі даведаўся, што на журналістак, якія асвятлялі падзеі, звязаныя са смерцю Рамана Бандарэнкі, заведзеныя крымінальныя справы?

– Наконт журналістак «Белсату» я быў здзіўлены. Бо па сутнасці за стрым іх караюць крымінальнай справай. Але з іншага боку, гэта ўсё ўпісваецца ў логіку рэпрэсіяў. Планамерныя захады на розных актывістаў, на журналістаў пачаліся яшчэ з сярэдзіны кастрычніка. Было зразумела, што ўсё будзе нарастаць. Наконт Ромы было ўсё занадта відавочным: хлопца ў двары збіваюць, пазней ён памірае. Працягваючы логіку рэпрэсіяў: звычайна пад раздачу трапляюць невінаватыя, тыя, хто асмеліўся надаць гэтаму ўвагу: журналісты, дактары. А чыніць настолькі жорсткую расправу, каб закрыць раты, давялося праз вялікую ўвагу і рэзананс гэтай справы.

– А як праходзілі твае содні?

– Да суда я быў у ізалятары часовага ўтрымання, нас туды прывезлі ноччу з нядзелі на панядзелак. Нас трымалі 11 чалавек у чатырохмеснай камеры, даводзілася спаць на падлозе, за сталом. Але там было цёпла, і гэта не было праблемай. Затым нас этапавалі ў Жодзіна. Першыя содні 8 чалавек размясцілі ў чатырохмесную камеру, пасля чатыры чалавекі перавялі ў іншую чатырохмесную камеру, там мы ўжо да канца і сядзелі. Мне шанцавала з сукамернікамі. А стаўленне працаўнікоў турмы – можна сказаць,у межах таго, як гэта павінна быць. Напачатку нам нават святло ноччу выключалі, пакідалі толькі начнік, гэта пасля зайшоў нейкі бзік, і дзённае гарэла соднямі. У мяне быў адзін выпадак, калі мяне вывелі, паставілі на расцяжку ды стукнулі па нагах і ў бок. За тое, што я проста стаў цікавіцца, чым абгрунтаваная забарона ляжаць на ложках днём.

Размаўляла Хрысціна Чарняўская, belsat.eu

Стужка навінаў