«Нават з анальгетыкамі людзі курчацца ад болю». Як працуе шпіталь у Бахмуце, дзе ратуюць жыцці


Украінскі горад Бахмут у Данецкай вобласці – месца, дзе на гэты момант трываюць адныя з найбольш жорсткіх і крывавых баёў. Некаторыя медыі звязваюць абстрэлы гораду са своеасабліваю помстаю за выхад расейскіх войскаў з Херсону. Дадатковы фактар – размяшчэнне Бахмуту: гэта важны транспартавы вузел як для ўкраінскай, гэтак і для расейскай арміі, ад яго ідзе дарога да буйных гарадоў Данбасу, у прыватнасці Славянску і Краматорску.

Фатограф «Белсату» паназіраў за тым, як працуе гарадскі шпіталь, куды штодня дастаўляюць параненых.

Увага! Здымкі ніжэй могуць вас шакаваць.

Медыкі транспартуюць параненага з стабілізацыйнага цэнтру ў лякарню.
Фота: Белсат
Салдаты дапамагаюць параненаму зайсці ў шпіталь.
Фота: Белсат

«Гэтае месца – стабілізацыйны пункт, сюды прывозяць параненых з поля бою. На фронце ім надаюць першую медычную дапамогу, а ўжо тут, у прыфрантавым шпіталі, іх аглядаюць і стабілізуюць медыкі, рыхтуюць да транспартавання ў больніцу. Пакуль быў у гэтым шпіталі, рух не спыняўся ні на хвіліну: адных вывозяць, іншых прывозяць, проста людзей пад рукі водзяць. Адным словам – канвеер: пасадзілі, паклалі, апрацавалі раны, праверылі стан і адправілі далей», – дзеліцца ўражаннямі фатограф.

Медыкі надаюць дапамогу параненым.
Фота: Белсат
Медыкі надаюць дапамогу параненым.
Фота: Белсат
Медыкі апрацоўваюць раны пацярпелых ад абстрэлу. Тры жыхары гораду Часаў Яр былі параненыя падчас абстрэлу гораду расейскай арміяй. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. 17 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

«Прывозяць сюды не толькі вайскоўцаў, але і цывільных. Гэтак, прывезлі траіх жыхароў гораду Часаў Яр, што недалёка ад Бахмуту. Хоць і ўсім даюць анальгетыкі, бывае, што чалавек проста курчыцца ад болю, так было з асобай, якой прастрэлілі лёгкае», – распавядае карэспандэнт.

Параненыя чакаюць транспартавання ў лякарню.
Фота: Белсат
Работнікі хуткай дапамогі вядуць параненую жанчыну, якую прывезлі з гораду Часаў Яр, у шпіталь.
Фота: Белсат
Медыкі рыхтуюць параненага да транспартавання.
Фота: Белсат

Як паведаміла Бі-Бі-Сі 4 снежня, каля Бахмуту, дзе трываюць цяжкія баі, загінулі пяцёра грузінскіх добраахвотнікаў, якія ваявалі ў складзе ЗСУ. Горад застаецца пад кантролем Кіева, нягледзячы на спробы расейскага войска яго захапіць.

Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, на дзень 5 снежня падраздзяленні ПВА адбілі атакі расейскіх войскаў у раёнах некалькіх мясцовасцяў Луганскай вобласці і шмат якіх месцах Данецкай вобласці, у тым ліку каля Бахмуту.

Салдаты дапамагаюць параненаму дайсці да машыны, якая перавязе яго ў шпіталь.
Фота: Белсат
Згарэлыя машыны хуткай дапамогі недалёка ад Бахмуцкага шпіталю.
Фота: Белсат
Насілкі каля ўваходу ў Бахмуцкі стабілізацыйны цэнтр.
Фота: Белсат

«У Бахмуце ідуць найбольш жорсткія і крывавыя баі. Яны спачатку праходзяць усімі сродкамі паразы, а потым разбіваюцца на маленькія групы па 10–15 чалавек і спрабуюць пракрасціся ў нашы баявыя парадкі, але воіны трымаюцца», – паведаміў спікер Усходняй групоўкі ЗСУ Сяргей Чэрэваты ў эфіры нацыянальнага марафону.

Паводле апошніх звестак на раніцу 6 снежня, Бахмут абстралялі з танкаў і ўсяго спектру артылерыі. Таксама на бахмуцкім і аўдзееўскім кірунках праціўнік працягвае наступаць, актыўна выкарыстоўваючы авіяцыю для падтрымання дзеянняў сваіх наземных груповак.

«Праціўнік не спыняе абстрэлаў мясцовасцяў і пазіцыяў нашых падраздзяленняў уздоўж лініі судакранання, вядзе паветраную выведку», – паведамілі ў Генштабе ЗСУ.

Фотарэпартаж
«70 гадоў не было вайны. Нашто яны яе пачалі?» Як выжывае Бахмут
2022.11.08 15:52

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў