Як часта на беларускіх прадпрыемствах гінуць рабочыя: журналісты атрымалі звесткі МУС


3 лістапада на тэрыторыі 2-га рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій» у Салігорскім раёне адбылося надзвычайнае здарэнне: паводле паведамлення МНС Беларусі, «захрасла транспартавая кабіна», у якой знаходзіліся працаўнікі прадпрыемства. Але, падобна на тое, што на самай справе ліфт не «захрас», а абарваўся.

На працягу некалькіх гадзін з шахты дасталі пяцярых пацярпелых, іх адвезлі ў Салігорскую цэнтральную раённую бальніцу. Паводле папярэдняй інфармацыі, ва ўсіх іх цяжкія траўмы – пераломы ключыцаў, хрыбетніка, таза і ніжніх канцавінаў.

Альянс следчых Беларусі ўстанавіў, што гэта не першы выпадак на прадпрыемстве. На аб’ектах ААТ «Беларуськалій» рэгулярна адбываюцца надзвычайныя здарэнні з траўмамі і нават гібеллю рабочых. Гэта дае падставы меркаваць, што адміністрацыя «Беларуськалія» не прымае належных мер да ліквідацыі прычын і ўмоў, замоўчвае ці нават хавае праблему. Падобная сітуацыя існуе на многіх прадпрыемствах Беларусі.

АРБ дзякуючы «Кіберпартызанам» удалося атрымаць дадзеныя МУС аб папярэдніх няшчасных выпадках на ААТ «Беларуськалій» і іншых беларускіх прадпрыемствах, дзе працаўнікі загінулі або атрымалі цяжкія траўмы.

Увечары 10 чэрвеня 2020 года на ніжнім гарызонце шахты 4-га рудаўпраўлення ААТ «Беларускалій» загінуў слесар Ілля Герасімовіч.

Дакумент перададзены рэдакцыі, арфаграфія МУС захаваная

4 лістапада 2020 года на глыбіні 620 метраў у забоі шахты 3-га рудаўпраўлення казырком мацавання ачышчальнага забою прыціснула горнарабочага Мікалая Лявончыка, яго цела было знойдзена паміж рэдуктарам кантэйнера.

Дакумент перададзены рэдакцыі, арфаграфія МУС захаваная

Днём 30 мая 2021 года пры абрынанні секцыі мацавання забойнага канвеера шахты ўсё таго ж 3-га рудаўпраўлення загінуў машыніст горна-выемачных машынаў Анатоль Эгипце.

Дакумент перададзены рэдакцыі, арфаграфія МУС захаваная

Пасля жніўня 2020 года салігорскія шахцёры актыўна пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў, гвалту і бяспраўя ў дачыненні да працаўнікоў.

Раніцай 10 верасня 2020 года пасля заканчэння начной змены адмовіўся падымацца з шахты рабочы 1-га рудаўпраўлення Юрый Корзун. У знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі прадпрыемства ён прышпіліў сябе кайданкамі да абсталявання. У гэты час на паверхні каля прахадной шахты ў яго падтрымку сабраліся дзясяткі шахцёраў. Адміністрацыя прадпрыемства і міліцы, прымяніўшы сілу, паднялі Юрыя на паверхню, пасля чаго яму спатрэбілася медычная дапамога.

Дакумент перададзены рэдакцыі, арфаграфія МУС захавана

24 лістапада 2020 года абвясціў страйк і адмовіўся падымацца з шахты горнарабочы 4-га рудаўпраўлення Аляксандр Клязовіч. Для яго гвалтоўнага пад’ёму на паверхню адміністрацыя прадпрыемства гэтым разам прыцягнула супрацоўнікаў горнавыратавальнага атраду.

Дакумент перададзены рэдакцыі, арфаграфія МУС захавана

А што на іншых прадпрыемствах?

У верасні 2019 года палявод ААТ «Сорагі-Агра» Слуцкага раёна Наталля Сакалоўская пазбавілася двух пальцаў левай рукі праз тое, што яе прымусілі працаваць на тэхнічна няспраўнай драбілцы ў будынку млына цэнтральнага зерняскладу.

18 лютага 2020 года падчас выканання працаў сарваўся з вышыні і ўпаў на бетонную падлогу, атрымаўшы шматлікія пераломы, слесар па рамонце пуцявых машын і механізмаў ЭРУП «Цэнтр механізацыі пуцявых работ Беларускай чыгункі» Уладзімір Альвас. Працадаўца папросту не забяспечыў яго прыстасаваннямі для бяспечнага правядзення працаў.

19 мая 2020 года цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымаў кіроўца-машыніст ДЭУ-22 РУП «Брэстаўтадар» Міхаіл Дзераўнюк, якога прыціснула паміж канвеернай стужкай і кузавам аўтамабіля МАЗ пасля таго, як кіраўніцтва даручыла выконваць неўласцівыя працаўніку функцыі.

27 мая 2020 года цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымаў навучэнец сельскагаспадарчага каледжа А. Яраш, які праходзіў вытворчую практыку ў КСУП «Дзераўноўскі» Слонімскага раёна, якога кіраўніцтва прадпрыемства адправіла на механізаваны двор рамантаваць самаробны паўпрычэп.

27 чэрвеня 2020 года ў Берасці адбылося абвальванне будаўнічых лясоў падстрэшка для стаянкі транспарту, які рэканструецца, у выніку маляр Каралюк атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні.

У ліпені 2020 года кіраўнік Стаўбцоўскага вытворчага ўчастка Менскага маторнага заводу даў прамы загад працаўнікам не выконваць працэдуру разборкі прэса ў гальванічным цэху, што прывяло да траўмаў у слесара-рамонтніка Генадзя Семянякі, які не здолеў пасля гэтага хадзіць некалькі месяцаў праз атрыманую траўму левай нагі. 6 кастрычніка 2020 года, нягледзячы на адсутнасць допуску да правядзення канкрэтнага віду работ, слесару КСУП «Таліца-Агра» Сяргею Муравейку, да таго ж які знаходзіўся на працоўным месцы з відавочнымі прыкметамі алкагольнага ап’янення, даручылі пратручваць збожжа, у выніку ён ледзь не пазбавіўся левай нагі. Тая патрапіла ў працуючы шнэк для забору збожжа пратручальніка насення.

12 жніўня 2020 года ў гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёну атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні рабочы Раманчык. Кіраўніцтва прымусіла яго працаваць на станку, на якім адсутнічалі ахоўныя прыстасаванні і агароджы. Праз атрыманыя траўмы ён памёр 25 верасня ў Менскай абласной клінічнай бальніцы. 24 жніўня ў Століне Берасцейскай вобласці пры такіх жа абставінах загінуў падсобны рабочы Алег Літвінка, якога паставілі працаваць за станком без стажыроўкі і адпаведнай кваліфікацыі па прафесіі.

14 жніўня 2020 года ў рэанімацыю Пастаўскай раённай бальніцы прывезлі палявода ААТ «Навасёлкі–Лучай» Рудака, якога дасталі з-пад завалаў абрынутага бункера зернесушыльнага комплексу.

30 кастрычніка 2020 года ў кацельні КУП «Слуцкае ЖКГ» выбухнуў транспарцёр выдалення попелу ацяпляльнага катла, які працаваў на фрэзерным паліве. З месца выбуху ў рэанімацыю Слуцкай бальніцы шпіталізаваныя два работнікі прадпрыемства.

Дакумент перададзены рэдакцыі, арфаграфія МУС захавана

28 студзеня 2021 года ў Стоўбцах чулі магутны выбух – гэта ў цэху вытворчасці высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця Стаўбцоўскага філіялу ААТ «УКХ Менскі маторны завод» выбухнула тыгельная індукцыйная печ. АРБ не валодае інфармацыяй пра пацярпелых.

14 студзеня 2021 года ў вытворчым будынку Міханавіцкага лагістычнага цэнтру ў аграгарадку Міханавічы Менскага раёна ад траўмаў памёр электрагазазваршчык Сяргей Сухадольскі, якога зацягнула ў працуючы станок па завіўцы дроту.

На досвітку 13 лютага 2021 года кіраўніцтва Аршанскай дыстанцыі пуці ТРУП «БЧ» адправіла двух манцёраў расчысціць ад снегу чыгуначныя стрэлачныя пераводы, пры гэтым рух цягнікоў не прыпынілі. У выніку манцёр Пракапенка быў смяротна траўмаваны чыгуначным саставам, а манцёр Куляшоў у цяжкім стане трапіў у рэанімацыю.

3 красавіка 2021 года працаўніку ААТ «Мастабуд» філіяла «Мастаатрад №58» Трафімчыку, які не мае кваліфікацыі стропальшчыка, даручылі выконваць працу па механізаванай пагрузцы жалезабетонных плітаў, адна з якіх абрынулася на яго. Рабочы памёр на месцы.

Альянс расследавальнікаў Беларусі, дзякуючы падтрымцы «Кіберпартызанаў» і актывістаў, якія дагэтуль застаюцца ў Беларусі, валодае вялікай колькасцю дакументаў і іншай інфармацыяй, якія выцяклі і дэманструюць практычна адкрытае грэбаванне заканадаўствам у галіне аховы працы і абароны правоў рабочых. Для стрымлівання адтоку кваліфікаваных кадраў рэжым Лукашэнкі ўвёў шматразовае павелічэнне штрафных сплат і павялічыў тэрміны абавязковай адпрацоўкі пасля навучання ў ВНУ і ардынатуры.

Падзяка «Кіберпартызанам» за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Расследаванні АРБ можна паглядзець тут.

Падтрымаць АРБ: Paypal: arb2021@protonmail.com

Bitcoin: bc1qyr365v0y6mgzljldhyfu5gx9nwemylfzzrh0zc

belsat.eu / Авер

Стужка навінаў