11 працаўнікоў TUT.BY за кратамі, іх могуць абвінаваціць яшчэ і ў распальванні варажнечы


Следчы камітэт распачаў чарговую крымінальную справу супраць працаўнікоў «Тут Бай Медыя» ды іншых асобаў. Пакуль падрабязнай інфармацыі пра новую справу афіцыйна не агучваюць. Прадстаўнікі кампаніі думаюць, што абвінавачанне могуць выставіць затрыманым у траўні працаўнікам TUT.by.

Офіс TUT.BY. Крыніца: TUT.BY

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы або розні, учыненае групай асобаў) супраць TUT.by. Афіцыйна паведамляюць, што крымінальную справу распачалі ў дачыненні падатковых асобаў, працаўнікоў «Тут Бай Медыя» ды іншых асобаў. Падрабязнасцяў следчыя агучваць не жадаюць.

«Мы спрабавалі скантактавацца з афіцыйным прадстаўніком СК Сяргеем Кабаковічам, але ён адмовіўся даць хоць якую дадатковую інфармацыю, акрамя той, якую агучылі раней. Ён не назваў прозвішчаў, каго вінавацяць паводле гэтай справы і не сказаў нават, колькі асобаў праходзяць у новай справе. Мы разумеем, што завялі справу паводле ч. 3 арт. 130 КК. Але выстаўлення абвінавачванняў, наколькі нам вядома, яшчэ не было. Таксама, наколькі нам вядома, за апошнія месяцы не было аніякіх следчых дзеянняў, у тым ліку і паводле гэтай справы. Таму насамрэч складана нешта каментаваць, хто абвінавачаны, супраць каго завялі справу. У нас недастаткова інфармацыі, каб стварыць карціну», – распавяла «Белсату» менеджарка zerkalo.io Аляксандра Пушкіна.

Рэдакцыя парталу TUT.by.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Пакаранне паводле арт. 130 прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Аляксандра Пушкіна кажа, абвінавачанне могуць выставіць затрыманым раней працаўнікам TUT.by:

«Пасля экспертызы аб прызнанні матэрыялаў нашага рэсурсу экстрэмісцкім, можна быць гатовымі і да такіх версіяў, але гэта шакавальная сітуацыя. Паводле гэтага артыкулу праходзяць Раман Пратасевіч, Сяргей Ціханоўскі. І TUT.by, атрымліваецца, стаў у адную лінейку, займаючыся незалежнаю журналістыкаю».

Цяпер у «справе TUT.by» за кратамі застаюцца 11 асобаў. Працаўнікоў кампаніі вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Арыштаваныя працаўнікі TUT.by:

  • Марына Золатава – галоўная рэдактарка TUT.by, СІЗА № 1 на вул. Валадарскага;
  • Вольга Лойка – рэдактарка TUT.by, СІЗА № 1 на вул. Валадарскага;
  • Алена Талкачова – журналістка TUT.by, СІЗА № 1 на вул. Валадарскага;
  • Людміла Чэкіна – генеральная дырэктарка «Тут Бай Медыя», СІЗА № 1 на вул. Валадарскага;
  • Ірына Рыбалка – намесніца дырэктара «Тут Бай Медыя», СІЗА № 1 на вул. Валадарскага;
  • Аляксандр Дайнэка – намеснік дырэктара «Тут Бай Медыя» ў тэхнічных пытаннях, СІЗА КДБ;
  • Анжэла Асад – галоўная бухгалтарка «Тут Бай Медыя», СІЗА № 1 на вул. Валадарскага;
  • Марыя Новік – намесніца галоўнага бухгалтара «Тут Бай Медыя», СІЗА № 1 на вул. Валадарскага;
  • Ала Лапатка – галоўная інжынерка «Тут Бай Медыя», СІЗА № 1 на вул. Валадарскага;
  • Кацярына Ткачэнка – юрыстка «Тут Бай Медыя»; на 1 чэрвеня вядома, што яна мае забарону на ажыццяўленне пэўных дзеянняў, якіх менавіта (напрыклад, кіраваць аўтам ці выходзіць з дому) – невядома; цяпер яна не ў СІЗА;
  • Андрэй Аўдзееў – менеджар «Паблішэр бокс», які дапамагае TUT.by у супрацы з рэкламнымі сеткамі, СІЗА № 1 на вул. Валадарскага;
  • Дар’я Данілава – дырэктарка звязанага з TUT.by стартапу «Rocket Data», СІЗА № 1 на вул. Валадарскага;
  • Юлія Чарняўская – удава заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера; даставілі пад канвоем сілавікоў у шпіталь, пасля знікла, 20 траўня яе дапыталі ў ДФР, увечары таго ж дня стала вядома, што яна пад хатнім арыштам;
  • Ірына Касцючэнка – былая юрыстка кампаніі, была затрыманая на новай працы 20 траўня; на 1 чэрвеня вядома, што яна мае забарону на ажыццяўленне пэўных дзеянняў, якіх менавіта (напрыклад, кіраваць аўтам ці выходзіць з дому), невядома; цяпер яна не ў СІЗА.
Справа TUT.BY. Крыніца фота — прыватныя старонкі ў Facebook
Справа TUT.BY. Крыніца фота — прыватныя старонкі ў Facebook
Справа TUT.BY. Крыніца фота — прыватныя старонкі ў Facebook

Разгром TUT.by

18 траўня ў менскім і рэгіянальным офісах TUT.by, а таксама ў працаўнікоў выдання адбыліся ператрусы. У Камітэце дзяржаўнага кантролю заявілі, што ў дачыненні службовых асобаў «Тут Бай Медыя» распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Дамен парталу TUT.by заблакавалі на ініцыятыву Генеральнай пракуратуры. Фармальнаю прычынаю блакавання сталася размяшчэнне інфармацыі ад імя фонду салідарнасці «BySol», які дапамагае рэпрэсаваным беларусам.

Аб’ектыў
Захопленыя серверы, апячатаны офіс, заблакаваны рахунак… Што цяпер адбываецца з TUT.by
2021.05.21 22:54

Сузаснавальнік TUT.by Кірыл Валошын назваў блакаванне парталу і арышт людзей «актам забойства ненавіснага ўладай выдання, якое заўсёды шчыра і хутка публікавала інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне».

Пасля блакавання дамену TUT.by ГУБАЗіК заявіў, што «дзеянні інфармацыйнага рэсурсу TUT.by у інфармацыйным забеспячэнні пратэстаў, стварэнні магчымасці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у палітычнай, сацыяльнай, інфармацыйнай сферах і, такім чынам, нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». У суд паступіла позва аб прызнанні TUT.by экстрэмісцкім.

Плакат на падтрыманне журналістаў. Марш вызвалення палітвязняў. 4 кастрычніка 2020.
Фота: ТК / Белсат

У ліпені былая каманда TUT.by стварыла сайт zerkalo.io. Але літаральна з моманту яго з’яўлення рэсурс заблакавалі ў Беларусі. Цяпер сайт даступны толькі з дапамогаю VPN.

13 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю парталаў TUT.by і парталу Zerkalo.io «экстрэмісцкімі матэрыяламі», піша Zerkalo.io.

«Экстрэмісцкаю» прызналі як матэрыялы на сайтах, так і допісы ў Telegram, TikTok, Twitter, Viber, «Одноклассниках» і «УКантакце», а таксама лагатыпы TUT.by і Zerkalo.io.

Абноўлена
Матэрыялы TUT.by і Zerkalo.io прызналі «экстрэмісцкімі»
2021.08.13 16:02

СК belsat.eu

Стужка навінаў