«Вясна»: у жніўні на волю выйшлі 37 палітвязняў


Штомесяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення па заканчэнні тэрміну ці пасля таго, як суд прызначыў пакаранне ў выглядзе «хіміі» з накіраваннем або без яго, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». У жніўні на волю выйшлі мінімум 37 палітзняволеных, 30 з іх цалкам адбылі свае тэрміны, 7 – былі асуджаныя на «хімію» і вызваленыя ў судовай зале.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

«Вясна» распавядае пра некаторых палітвязняў, якія ў гэтым жніўні выйшлі на волю.

Палітзняволены Віктар Лабко – 2 гады ў зняволенні

Віктар Лабко. Крыніца: spring96.org

Палітвязня асудзілі ў берасцейскай «справе карагодаў» за падзеі 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку ў Берасці і іх разганяў вадамёт. 7 траўня 2021 года Віктара засудзілі на 2 гады «хіміі».

Віктар адбываў тэрмін у шклоўскай ПУАТ-49. 1 жніўня ён выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

Палітзняволеная Людміла Рамановіч – 1 год, 4 месяцы і 3 дні ў зняволенні

Актывістцы Партыі БНФ прызначылі 1,5 года калоніі за слова «ўзурпатар» у лісце, які жанчына даслала ў Следчы камітэт. Гэта палічылі знявагаю Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі). На пачатку сакавіка 2022 года Рамановіч звярталася з лістом-пратэстам на сайт Адміністрацыі Лукашэнкі. Тады жанчына выказала пратэст супраць удзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны.

7 жніўня 2023 года Людміла выйшла на волю.

Hавiны
Палітзняволеная Людміла Рамановіч выйшла на свабоду
2023.08.08 10:52

Палітзняволены Іван Ракіць – 2 гады, 5 месяцаў і 1 дзень у зняволенні

Іван – жыхар Берасця, якога засудзілі на 2,5 года калоніі за тое, што ён нібыта 9 жніўня 2020 года ўдарыў кулаком у сківіцу падпалкоўніку міліцыі Дзягелю. 11 жніўня 2023 года Ракіць цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.

Палітзняволены Ілля Патрушаў – 2 гады, 4 месяцы і 24 дні ў зняволенні

У кастрычніку 2021 года Іллю асудзілі паводле трох артыкулаў на 2 гады і 8 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Палітвязень цалкам адбыў тэрмін і 15 жніўня 2023 выйшаў на волю.

Палітзняволеная Аліса Раманава – 10 месяцаў і 19 дзён у зняволенні

Жанчына была затрыманая 30 верасня 2022 года за паведамленне ў Telegram-чаце паводле арт. 368 КК («абраза прэзідэнта»). 11 лістапада 2022 года ёй прысудзілі 1 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін яна адбывала ў гомельскай папраўчай калоніі № 4.

18 жніўня Аліса, верагодна, выйшла на волю па заканчэнні тэрміну.

Палітзняволены Валер Панкратовіч – 1 год, 10 месяцаў і 19 дзён у зняволенні

Валер Панкратовіч. Крыніца: spring96.org

Валера затрымалі 5 кастрычніка 2021 года ў межах крымінальнай справы аб знявазе Лукашэнкі (арт. 368 КК). 10 студзеня 2022 года суд пакараў мужчыну 2 гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Свой тэрмін хлопец адбываў у папраўчай калоніі № 2. Вядома, што ў калоніі палітвязня змясцілі ў ПКТ да сканчэння тэрміну.

24 жніўня Валер выйшаў на волю.

Палітзняволены Максім Пыцель – 2 гады, 8 месяцаў і 11 дзён у зняволенні

Максіма затрымалі 15 снежня 2020 года ў справе аб блакаванні чыгуначных шляхоў і развешванні пудзілаў у Берасці. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 339 КК («Злоснае хуліганства»). 18 траўня 2021 года Максіму прызначылі 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбываў у папраўчай калоніі № 3 («Віцьба»). 26 жніўня Пыцель выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

Палітзняволены Аляксей Галоўкін – 2 гады, 8 месяцаў і 23 дні ў зняволенні

Аляксей – IT-інжынер. Скончыў школу з залатым медалём і ВНУ на выдатна. У дзяцінстве яму быў пастаўлены складаны дыягназ – гемафілічная поліартрапатыя.

Гарадзенца засудзілі на 3 гады калоніі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Апроч гэтага, з Аляксея спагналі кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым на суму больш за 4500 рублёў. Ён дрэнна ходзіць праз праблемы з суставамі. Вядома, што астатнім асуджаным у калоніі было забаронена яму дапамагаць.

Тэрмін Галоўкін адбываў у бабруйскай калоніі № 2, адкуль 26 жніўня выйшаў на волю.

Агляд
Катаванне «нявызначанасцю»: 5 вядомых палітвязняў, пра якіх даўно няма звестак
2023.07.07 20:42

Палітзняволены Сяргей Міраеўскі – 2 гады, 5 месяцаў і 22 дні ў зняволенні

Сяргей – жыхар Светлагорску, якога абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Міраеўскі быў затрыманы 11 жніўня і ўтрымліваўся пад вартай трое содняў, пасля чаго да суда быў на волі пад падпіскай аб невыяздзе. 21 снежня 2020 года суд прызнаў Сяргея вінаватым і пакараў яго 2,5 гадамі «хіміі». З сакавіка 2021 года палітвязень адбываў тэрмін у магілёўскай ПУАТ-43.

Палітвязень цалкам адбыў тэрмін і 25 жніўня выйшаў на волю.

Палітзняволены Мацвей Гранкевіч – 1 год, 9 месяцаў і 5 дзён у зняволенні

У Менскім гарадскім судзе 15 жніўня 2022 года 21-гадовага студэнта 4-га курсу гістарычнага факультэту БДПУ Мацвея Гранкевіча судзілі паводле двух артыкулаў КК: ч. 1 арт. 342 («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 1 арт. 130 («Распальванне варожасці»). Суддзя Наталля Бугук асудзіла яго да 2 гадоў і 2 месяцаў калоніі. У межах крымінальнай справы хлопца затрымалі наўпрост у дэканаце 10 лістапада 2021 года – яго ідэнтыфікавалі праз фота з мітынгаў. КДБ унёс яго ў «спіс тэрарыстаў».

Тэрмін ён адбываў у бабруйскай калоніі № 2.

Палітзняволены Уладзімір Ланкевіч – 2 гады, 8 месяцаў і 15 дзён у зняволенні

Машыніста цеплавоза асудзілі да 3 гадоў калоніі за спробу блакавання руху чыгуначнага транспарту шляхам замыкання рэек. Следства і абвінавачанне лічыла, што гэта магло прывесці да цяжкіх наступстваў. Але Ланкевіч – сам чыгуначнік, і ён казаў, што ягоныя дзеянні (і дзеянні ягоных паплечнікаў) не маглі нашкодзіць звычайным людзям.

22 жніўня мужчына вызваліўся з калоніі, цалкам адбыўшы тэрмін.

Палітвязні Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко – 2 гады, 1 месяц і 10 дзён у зняволенні

15 сакавіка суд Заводскага раёну Менску прысудзіў галоўнаму рэдактару «Нашай Нівы» і кіраўніку аддзелу маркетынгу і рэкламы 2,5 года калоніі кожнаму. Іх абвінавацілі ў «нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове, у буйным памеры» (ч. 2 арт. 216 КК). Першапачаткова шкоду ім налічылі ў памеры 3500 рублёў. Потым гэтая сума вырасла да 10 тысяч. Палітвязні пагасілі шкоду да суда, «Менскводаканал» і «Менскэнерга» адклікалі пазовы. Марціновіча накіравалі ў бабруйскую калонію № 2, а Скурко – у магілёўскую калонію № 15.

18 жніўня палітвязні выйшлі на волю з калоніяў.

Hавiны
Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч напісаў першы пост пасля вызвалення
2023.08.30 12:34

Сем палітвязняў у гэтым жніўні выйшлі з-пад варты пасля суда:

  • Патрыцыя Свіціна– 2,5 года «хатняй хіміі»;
  • Сяргей і Алёна Чабатар – 2,5 года «хатняй хіміі»;
  • Марыя Камінская– 2,5 года «хатняй хіміі»;
  • Сяргей Дзешчыц– 2,5 года «хатняй хіміі»;
  • Аляксандр Клімашэвіч – 2,5 года «хатняй хіміі»;
  • Дзяніс Нядбайнік– 2,5 года «хатняй хіміі».

Праваабаронцы зазначаюць, што гэтыя звесткі могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя.

На 7 верасня 2023 года, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі 1510 палітвязняў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў