У Ельску пачалі «зачыстку»? Праваабаронцы заўважылі незвычайную актыўнасць сілавікоў


Інфармацыі пра затрыманых пакуль няма, але дзеянні сілавікоў могуць быць звязаныя з выгрузам расейскай вайсковай тэхнікі.

Увечары 6 жніўня ў Ельску, што каля Мазыра, блізу мяжы з Украінаю, мясцовыя жыхары назіралі, як група байцоў АМАПу хадзіла па горадзе, «шукала нейкія кватэры», расказвае праваабарончы цэнтр «Вясна».

Праваабаронцы дапускаюць, што сілавікі шукаюць тых, хто перадаваў медыям фота перасоўвання расейскай вайсковай тэхнікі і выгрузу яе на чыгуначнай станцыі Ельск. Праект «Беларускі Гаюн» заўважаў таксама, што ў лясах вакол Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу расейскія войскі размяшчаюць зенітна-ракетныя комплексы і розныя радыёлакацыйныя станцыі, у вёсцы Валаўск Ельскага раёну ёсць база ўзброеных сілаў Расеі.

Hавiны
Генштаб ЗСУ: Расея разгортвае ў Беларусі дадатковыя сілы супрацьпаветранай абароны
2022.08.07 09:29

Як нагадваюць праваабаронцы, байцы ГУБАЗіКу нядаўна хваліліся «зачысткамі» ў Нароўлі і Хойніках, дзе людзей затрымлівалі нібыта за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы. На гэтым тыдні палітычная «зачыстка» трывала таксама ў Пінску, судзілі не меней за васьмёх чалавек, прынамсі чатырох пакаралі арыштам на 15 дзён.

Абноўлена. Новую хвалю актыўнасці сілавікоў «Вясна» заўважыла таксама ў Іванаве. Праз меркаваны выбух на чыгунцы ў Берасцейскай вобласці міліцыя ды АМАП ходзяць па кватэрах, прыйшлі нават да калгаснікаў. Таксама ў ноч на 6 жніўня сілавікі разагналі наведнікаў іванаўскага бару «Мёд», затрымалі некалькіх асобаў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў