Расея знішчыла збожжавы тэрмінал у Мікалаеве, другі паводле велічыні ва Украіне


Ва Украіне на 104-ы дзень вайны працягваюцца лакальныя, але жорсткія баі з расейскімі войскамі. Харкаў зноў абстралялі ноччу і ранкам.

Пажар у Мікалаеве пасля абстрэлу. 4 чэрвеня 2022 года.
Фота: Головне управління ДСНС України у Миколаївській області

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль у Twitter звярнуў увагу на тое, што чарговы авіяўдар Расеі па Мікалаеве знішчыў другі паводле памераў збожжавы тэрмінал ва Украіне. Гэта, піша ён, робіць унёсак у глабальны харчовы крызіс:

«На фоне такіх паведамленняў дэзынфармацыя, якая распаўсюджваецца Пуціным, каб адмахнуцца ад віны, робіцца ўсё больш цынічнай», – адзначае Бурэль.

Як тлумачыць УНІАН, Бурэль піша пра ўдар 4 чэрвеня: мэр Мікалаева пісаў, што тады пад удар трапілі не толькі жылыя кварталы, а і інфраструктурны аб’ект. Быў пажар на складах са шротам, агонь быў на тэрыторыі 10 тысяч км², яго ліквідавалі 50 пажарнікаў і 11 адзінак тэхнікі, пацярпелых людзей не было.

Уладзімір Пуцін 3 чэрвеня прапаноўваў экспартаваць украінскае збожжа праз Адэсу і акупаваныя Расеяй Бярдзянск і Марыупаль, «гарантаваў» мірны выхад караблёў з падкантрольных Украіне партоў. Таксама ён прапанаваў сухапутныя маршруты праз Польшчу, Вугоршчыну, Румынію і як «самае простае» – праз Беларусь (пры ўмове зняцця санкцыяў з рэжыму Лукашэнкі).

Hавiны
Украіна пастанавіла пакуль не экспартаваць збожжа праз Беларусь
2022.06.06 20:37

Мапа баявых дзеянняў ва Украіне на 6 чэрвеня ад Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі:

Паводле аператыўнай зводкі Генеральнага штабу ЗСУ на раніцу 7 чэрвеня Расея працягвае штурм Севераданецку, працягвае канцэнтраваць высілкі на севераданецкім і бахмутаўскім напрамках, працягвае наступу на Ізюм і Славянск.

Генштаб ЗСУ паведамляе пра расейскія ўдары па населеных пунктах у Сумскай і Харкаўскай вобласцях, а на данецкім кірунку мае месца дыстанцыйнае мініраванне ў бок Рубежнага. Украінскія сілы нанеслі авіяўдары па складах боепрыпасаў на Мікалаеўшчыне і па расейскіх сілах на Херсоншчыне.

На валынскім і палескім напрамках захоўваецца пагроза ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі, піша Генштаб ЗСУ. Чакаецца павелічэнне колькасці Узброеных сілаў Беларусі да 80 тысяч асобаў у межах стварэння Паўднёвага аператыўнага камандавання.

Брытанская выведка адзначае, што ўкраінскія войскі за выходныя адбілі часткі Севераданецку, але Расея, падобна, працягвае займаць усходнія раёны гораду і плануе атачыць горад з поўначы і поўдня. Пры тым прагрэс расейскіх войскаў у кірунку Папаснай з поўдня застопарыўся, а моцныя абстрэлы каля Ізюму даюць падставы меркаваць, што Расея плануе атаку з гэтага паўночнага боку.

Харкаўчане паведамлялі пра выбухі ў горадзе ўвечары 6 чэрвеня і ўначы на 7 чэрвеня ды ранкам. Вечарам 6 чэрвеня абстрэльвалі сяло ў Днепрапятроўскай вобласці.

Паводле «Associated Press», Расея пачала перадаваць Украіне целы загінулых абаронцаў «Азоўсталі». Дзясяткі целаў перавезлі з руінаў акупаванага Марыупалю ў Кіеў, дзе парэшткі маюць ідэнтыфікаваць праз аналіз ДНК.

Аналітыка
Новыя лічбы вайны: якія страты зазналі Украіна і Расея
2022.06.06 19:22

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў