У расейскім Орску прарвала другую дамбу і спынілі НПЗ. Эвакуацыя праходзіць і ў Арэнбургу


У расейскага Орску (Арэнбургская вобласць) прарвала другую дамбу. Вада дабралася і да абласнога цэнтру, дзе таксама пачалася эвакуацыя жыхароў. Пра гэта паведамляе «Meduza».

Наступствы паводкі ў Арэнбургскай вобласці РФ.
Фота: Урал56.Ру | Оренбург, Орск / Telegram

У Орску ўвечары 6 красавіка прарвала другую дамбу, улады абвясцілі эвакуацыю ў пасёлку Нікель, а таксама ў раёне Новага гораду. У Орску затапіла цэнтральную плошчу Гагарына. Раніцай 7 красавіка ўлады паведамілі, што пры «найгоршым сцэнары» ў раёне падтаплення апынуцца 6644 жылыя дамы. У горадзе ўжо эвакуявалі 1164 асобы.

Як піша РИА Новости, з прычыны паводкі прыпыніў працу Орскі нафтаперапрацоўчы завод. Робіцца гэта, каб пазбегнуць экалагічнай рызыкі і для захавання тэхнікі бяспекі.

Сітуацыя пачала пагаршацца і ў Арэнбургу, дзе мясцовыя ўлады закрылі некалькі вуліц і завулкаў, пачалі ўзводзіць штучныя насыпы і заклікалі жыхароў небяспечных зон пакінуць свае дамы, «не чакаючы пагаршэння сітуацыі». Кіраўнік гораду Сяргей Салмін раней папярэджваў, што жыхароў, якія не пакінулі дамы ў небяспечнай зоне добраахвотна, будуць эвакуяваць прымусова. На некалькіх вуліцах у мікрараёне Аўчыннае мястэчка адключылі электразабеспячэнне дамоў.

Да раніцы 7 красавіка ўзровень вады ў рацэ Урал ля гораду вырас яшчэ на 28 сантыметраў. Узровень вады дасягнуў 856 сантыметраў, небяспечным лічыцца 930 сантыметраў. Падтопленымі аказаліся больш за 1300 арэнбургскіх хатніх гаспадарак і 403 жылыя дамы. Улады эвакуявалі 889 асобаў.

Паводкавыя працэсы, як заявілі ў адміністрацыі, «пакуль не зніжаюць тэмп». Губернатар Дзяніс Паслер назваў паводку 2024 года самай шматводнай за ўсю гісторыю назіранняў у Арэнбургскай вобласці.

Небяспека пагражае і суседняй Курганскай вобласці. У Кургане ўжо чакаецца ўзровень вады вышэй за дзевяць метраў.

Hавiны
Амаль 4500 чалавек эвакуявалі пасля прарыву дамбы ў расейскім Орску. Вада працягвае наступаць
2024.04.06 23:01

У расейскім горадзе Орск (Арэнбургская вобласць) 5 красавіка прарвала дамбу на рацэ Урал. У горадзе праводзіцца эвакуацыя, паведамляецца пра трох загінулых асобаў у выніку паводкі. Следчы камітэт Расеі пачаў крымінальную справу паводле артыкулаў «парушэнне бяспекі» і «халатнасць».

Надзвычайнае становішча з прычыны рэкорднай за 80 гадоў паводкі абвешчанае і ў 10 з 17 вобласцяў суседняга Казахстану.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў