Навошта беларусам чужыя гарады?

Не раз даводзілася чуць ад беларусаў, што Вільня нашая, што было б няблага вярнуць Беласток і абавязкова трэба забраць Смаленск. Чаму такія думкі шкодныя і не нясуць нічога акрамя сварак з суседзямі?

Крыніца: tv3.lt

І хаця ніхто рэальна не збіраўся і не збіраецца забіраць Вільню ў літоўцаў, неасцярожныя кінутыя словы пра «нашую Вільню» ўжо выклікалі напружанне паміж двума народамі, якія стагоддзямі жылі на гэтай зямлі. У Вільні кінуліся шукаць ліцвінізм, у бок беларусаў пасыпаліся пагрозы.

«Думаю, у ХХІ стагоддзі тэрытарыяльныя прэтэнзіі – гэта нейкая дзіч, сярэднявечча», – кажа гісторык з Магілёва і грамадскі дзеяч Андрэй Бодзілеў.

Сам Андрэй быў вымушаны пакінуць радзіму праз пераслед, цяпер жыве ў Вільні і стаўся сведкам таго, як развівалася гэта гісторыя:

«Давайце адразу паставім кропку ў гэтым пытанні, бо Вільня не беларуская. Гэта горад на тэрыторыі Літвы, і ён належыць літоўскай дзяржаве. А значыць, без усялякіх агаворак Вільня – літоўская».

Тое, што адбываецца сёння паміж беларусамі і літоўцамі ў Вільні, пачалося з падачы некаторых асобаў у тым ліку з беларускага боку, мяркуе суразмоўца.

«Адзін дзеяч, дзякуй богу, ён не пры ўладзе, заявіў, што Вільня нашая, і частка недальнабачных асобаў таксама паспрабавала зрабіць такія выказванні. Улічваючы сітуацыю, калі былі зробленыя гэтыя выказвання, а гэта пачатак вайны з Украінаю, не дзіўна, што літоўцы задаліся пытаннем: а што ўвогуле адбываецца? І ясна, што яны вынеслі гэтае пытанне за межы кухні, у медыі. На руку гэта толькі прапагандыстам Лукашэнкі. Яны паспрабавалі раздзьмуць гэтае пытанне як мага болей, і пачала дзеянні, скіраваныя на тое, каб яшчэ пагоршыць стасункі літоўцаў і беларусаў у Літве. Гэта і малюнкі на сценах, і відэа, якія дасылалі літоўскім дэпутатам. Але яшчэ раз падкрэслю, што гэтая сітуацыя ўзнікла пасля заяваў некаторых дэмакратычных беларускіх дзеячаў. Мяркую, тыя, хто кажа, што Вільня нашая, працуюць на баку прапаганды рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі», – упэўнены гісторык.

Паводле Бодзілева, у Вільні адбывалася шмат важных для гісторыі Беларусі падзеяў, але гэтым горадам ніколі цалкам беларусы не валодалі, ён увесь час быў літоўскі:

«Любую гістарычную гіпотэзу можна падвесці куды трэба, і калі хтосьці спрабуе сказаць, што Вільня беларуская, то ён забывае, што яна належала ВКЛ. Вільня была ў ВКЛ – вось гэта факт».

Балазе правакатары як у Вільні не дабраліся да Беластоку, які пэўны час уваходзіў у тэрыторыю Беларусі. Ніхто публічна не заклікае вярнуць горад Беларусі, бо ў адэкватных людзей няма сумневу, што Беласток – гэта Польшча. І тут увесь час мірна разам з палякамі жывуць беларусы, пасля 2020 года ў Беласток пераехалі прынамсі 10 тысяч беларусаў. І ўлады Беластоку ўсяляк стараюцца дапамагаць беларусам, падтрымліваць беларускую культуру. І робяць з гэтага адну з фішак рэгіёну. І застаецца толькі падзякаваць ім за гэта.

Як варта падзякаваць усім тым асобам і краінам, якія пасля 2020 года гасцінна прынялі беларусаў. Ніхто не замінае нам жыць у гэтых мясцінах, і мы не мусім быць нацыяй, якая думае, як забраць у суседзяў іхныя гарады. Нам бы вярнуць і адбудаваць сваю беларускую зямлю ад Берасця да Віцебску, ад Полацку да Мазыра.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў