«Адфільтраваны спіс адрасоў». Стрыжак адказаў на новыя прэтэнзіі на адрас «BYSOL»


7 красавіка шмат якія беларусы, што некалі рабілі ахвяраванні ў фонд «BYSOL», атрымалі на электронны адрас рассылку ад фонду з просьбаю падтрымаць яго каманду. Некаторым атрымальнікам гэта не спадабалася. У чым сутнасць прэтэнзіяў, і што адказаў Андрэй Стрыжак на чарговыя закіды, якія прагучалі на адрас фонду?

Змест гэтых прэтэнзіяў на старонцы ў «Фэйсбук» агучыла былая работніца «BYSOL» Аляксандра Зверава.

«Я рабіла ахвяраванні ў фонд, але забаўны факт – я не давала згоды на рассылку. Я не тыкала ні ў якія птушачкі, я проста рабіла ахвяраванне праз страйп [«Stripe» – міжнародная сістэма для абароненых інтэрнэт-плацяжоў. – Заўв. рэд.]. То бок мой email проста выгрузілі адтуль».

Ці не парушае гэта еўрапейскага заканадаўства, пытаецца Аляксандра?

Асноўнае пытанне да фонду і Андрэя Стрыжака ў прыватнасці Аляксандра сфармулявала гэтак: «Калі вы робіце гэтую сваю рассылку, як вы разумееце, што чалавек не на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь? Ёсць якія-небудзь прыкметы?»

Рассылку з такім тэкстам атрымалі беларусы, якія некалі рабілі ахвяраванні ў фонд «BYSOL». Скрыншот паведамлення

Акрамя таго, на думку Аляксандры, прыцягваць 100 тысячаў еўраў для таго, каб пасля выплочваць 300 еўраў палітзняволеным, – гэта неэфектыўная праца: «BYSOL» плаціць вызваленым 300 еўраў, і вы просіце 100 тысячаў на працу каманды?»

У рассылцы звяртаецца ўвага на тое, што рабіць ахвяраванні з Беларусі небяспечна. Скрыншот паведамлення

У каментарах пад допісам Аляксандры некаторыя карыстальнікі выказваюць згоду з ейнай пазіцыяй. Мы таксама атрымалі паведамленні ад іншых беларусаў, што такая рассылка сапраўды прыходзіць тым, хто некалі рабіў ахвяраванні.

Мы звязаліся з кіраўніком фонду «BYSOL» Андрэем Стрыжаком, каб атрымаць ягоныя тлумачэнні з нагоды гэтай сітуацыі. Прыводзім адказ цалкам:

«Добры дзень, мы ажыццяўляем рассылку паводле адфільтраванага спісу адрасоў, з якога выключаныя адрасы донараў, якія фізічна былі ў Беларусі на момант ахвяравання.

Рассылка ажыццяўляецца паводле спісу данатараў, якія рабілі данаты пасля прызнання нашай арганізацыі «экстрэмісцкай», гэта значыць, што людзі свядома працягвалі карыстацца магчымасцю аказваць дапамогу праз «BYSOL», нягледзячы на патэнцыйны пераслед з боку ўладаў.

Мы вырашылі рабіць рассылку пасля кансультацыяў з юрыстамі, якія пацвердзілі нам такую магчымасць, бо адрасы пошты мы атрымліваем праз плацежную сістэму «Stripe», калі чалавек ажыццяўляе плацеж. Мы ўлічваем тыя пытанні, якія атрымліваем ад людзей у сувязі з рассылкай, і вядзём кансультацыі з юрыстамі, каб удасканальваць нашую працу ў гэтым кірунку.

Вялікі дзякуй усім, хто падтрымлівае нашых падапечных праз «BYSOL» і ўдзельнічае ў фінансаванні каманды. Дзякуючы гэтаму мы можам працягваць нашую працу і працягваць дапамагаць людзям.

Ад нашай рассылкі можна адпісацца ў любы момант», – адказаў Андрэй Стрыжак.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў