У Тбілісі пачаліся сутычкі з паліцыяй падчас мітынгу супраць закону аб замежных агентах


На вуліцы Тбілісі 7 сакавіка выйшлі тысячы людзей, якія выступаюць супраць закону аб замежных агентах. Паліцыя спрабуе разагнаць пратэстоўцаў слезацечным газам і вадамётамі, а ў бок сілавікоў ляцяць кактэйлі Молатава.

Пратэстоўцы выступаюць супраць прыняцця ўладамі Грузіі закону, паводле якога арганізацыі, што атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы, будуць мець статус «агентаў замежнага ўплыву». Раней закон такога кшталту быў прыняты ў Расеі.

Пратэст у Тбілісі супраць закону аб замежных агентах. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: Publika / Facebook
Пратэст у Тбілісі супраць закону аб замежных агентах. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: Publika / Facebook

З чаго пачаліся пратэсты?

Учора, 6 сакавіка, Камітэт юрыдычных пытанняў парламенту Грузіі падтрымаў у першым чытанні законапраекты «аб празрыстасці замежнага ўплыву» і «аб рэгістрацыі замежных агентаў», ініцыяваныя рухам «Сіла народу» з дэпутатамі, якія фармальна пакінулі кіроўную партыю, паведамляе тэлеграм-канал «Tbilisi life».

На наступны дзень, 7 сакавіка, нязгодныя з новым законам пачалі збірацца каля будынку парламенту Грузіі.

Днём стала вядома, што кіроўная партыя «Грузінская мара» прапанавала абмеркаваць законапраекты аб «замежных агентах», прапанаваныя рухам «Сіла народу», ужо сёння, 7 сакавіка, а не ў чацвер, 9 сакавіка. Гэта стала нечаканасцю для ўсіх, у тым ліку апазіцыі. У адказ на гэта апазіцыя заклікала грамадзян тэрмінова выйсці на мітынг да будынку парламенту.

Пратэст у Тбілісі супраць закону аб замежных агентах. 7 сакавіка 2023 года. Крыніца: Tbilisi_life / Telegram
Пратэст у Тбілісі супраць закону аб замежных агентах. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: Publika / Facebook

Парламент Грузіі, нягледзячы на сур’ёзныя пратэсты, прыняў у першым чытанні законапраект аб замежных агентах: 76 дэпутатаў прагаласавала «за», 13 – «супраць».

Пасля гэтага ля парламенту пачаліся сутыкненні паміж удзельнікамі акцыі і паліцыяй.

Вадамёты каля парламенту Грузіі

Да вечара пратэст перарос у масавыя сутыкненні з паліцыяй. Людзей адціснулі, каб дэпутаты, якія прынялі законапраект аб замежных агентах, змаглі пакінуць парламент.

Сілавікі выкарыстоўваюць супраць пратэстоўцаў пярцовы і слезацечны газ і вадамёты з ледзяной вадой, ёсць пацярпелыя. Некаторыя мясцовыя Telegram-каналы паведамляюць, што каля парламенту Грузіі пачалася страляніна.

Паліцыя ўжывае слезацечны газ падчас пратэсту супраць закону аб замежных агентах. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: Publika / Facebook
Пратэст у Тбілісі супраць закону аб замежных агентах. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: Publika / Facebook

Пратэстоўцы кідаюць у бок сілавікоў кактэйлі Молатава. Таксама людзі спрабуюць прарвацца ў парламент Грузіі.

Што кажуць улады Грузіі

СМІ паведамляюць, што прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі адмяняе ўсе афіцыйныя сустрэчы, запланаваныя на час цяперашняга ейнага візіту ў ЗША. Вядома, што яна падтрымала пратэстоўцаў і паведаміла, што накладзе вета на закон.

Раней Саламэ Зурабішвілі з трыбуны ААН раскрытыкавала законапраект аб замежных агентах:

«Законапраект, што абмяжуе свабоду няўрадавых арганізацыяў, будзе вельмі шкодны для дэмакратычнай трансфармацыі нашага грамадства, выкаранення гендарнай дыскрымінацыі і, рэальна, для нашага шляху еўраінтэграцыі – я ўжо выказала сваю рэзкую нязгоду з гэтым законапраектам».

Прэм’ер Грузіі Іраклі Гарыбашвілі, які доўгі час не выказваўся, да галасавання абвясціў сваё падтрыманне законапраекту аб замежных агентах:

«Будучыня нашай краіны не належыць ні агентам замежных дзяржаваў, ні прыслужнікам замежных дзяржаваў, будучыня нашай краіны і нашага народу належыць патрыётам. Адно хачу нагадаць усім, у тым ліку і гэтай дэструктыўнай радыкальнай апазіцыі, што адбылася поўная люстрацыя таго, каму служаць гэтыя людзі. Гэта трагедыя, што такія людзі дагэтуль у палітыцы».

Таксама «Эхо Кавказа» паведамляла, што прэмʼер папярэдзіў непрыхільнікаў закону аб замежных агентах, што дзяржава не даруе ім «ніводнага незаконнага дзеяння».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў