Як улады праслухоўваюць беларусаў? Пра ўласны досвед распавядае Павел Латушка


«У дамах, у машынах, у кабінетах размяшчаецца абсталяванне для праслухоўвання», – кажа ў размове з belsat.eu Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Павел Латушка на прэсавай канферэнцыі ў Варшаве, 5 жніўня 2021 г.
Фота: ВО / Белсат

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка распавядае, што заўважаў за сабой сачэнне не толькі пасля таго, як выказаўся супраць Лукашэнкі, але і тады, калі працаваў у дзяржапараце.

– Калі я працаваў міністрам, ажыццяўлялася праслухоўванне тэлефонных размоў. Гэтаму я меў некалькі пацверджанняў. Па-першае, як міністр я сустракаўся з прадстаўнікамі спецслужбаў. І мне сказалі, што ёсць шэсць спецслужбаў беларускіх дзяржаўных устаноў, якія маюць права ажыццяўляць праслухоўванне тэлефонных размоў. Памятаю, што тады размова была аб тым, што было закуплена даволі дарагое абсталяванне (20 мільёнаў долараў), якое давала магчымасць праслухоўваць вялікія тэрыторыі. Таксама выкарыстоўваліся мабільныя аператары. Я памятаю, што сам Лукашэнка казаў пра тое, што ён ажыццяўляў праслухоўванне ўсіх тэлефонных размоваў падчас Плошчы 2010 года. Яму ўдалося пакрыць практычна ўсю гэту тэрыторыю і праслухаць усе размовы. Гэта былі ягоныя словы.

– А як вы заўважылі праслухоўванне за сабой? Якія сітуацыі здараліся?

– Напрыклад, ехалі мы ў машыне разам з маёй дачкой і абмяркоўвалі беларускую мову. Пазней, праз дзень, быў даклад Лукашэнкі. І ён мяне пытаўся: «Вы часта размаўляеце са сваёй дачкой на беларускай мове?» Я адказаў, што даволі часта. Лукашэнка кажа: «Не, я думаю, што я з сваім Мікалаем часцей размаўляю». То бок гэта было зразумела па змесце размовы, што ён атрымліваў напярэдадні гэтых сустрэчаў інфармацыю, запісы таго, што я мог сказаць у машыне, калі побач са мной быў тэлефон. Фіксацыя адбывалася. Мне пра гэта казалі іншыя чыноўнікі.

Інтэрв’ю
Ці варта паразмаўляць з “хвастом”, калі ты яго заўважыў? Тлумачыць былы следчы Андрэй Астаповіч
2022.02.24 07:30

Нават мяне знаёмілі з размовай, якая была надрукаваная, праслуханая размова Макея, тады кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі і кіраўніка справамі Лукашэнкі Корбута. І мне далі пачытаць гэтую размову, запісаную ў адным з гатэляў каля Горадні.

– А што за сітуацыя была з Дарафеевай? Што за размова была?

– Я са сваёй будучай жонкай размаўляў, яна ў мяне запыталася: «А ці праўда, што Дарафеева – каханка Лукашэнкі?» Я адказаў ёй, што мяне не цікавяць такія справы, не ведаю. Праз дзень была справаздача, я быў у Лукашэнкі адзін на адзін, і ён мне кажа: «А вось тут некаторыя пытаюцца, ці Дарафеева мая каханка. Дык вось я адкажу. Не, не каханка!» Мне сапраўды гэта не цікава. Але пытанне ў тым, што фактычна гэтая размова была запісана і пададзеная перад нашай сустрэчай.

– Праслухоўванне было толькі праз тэлефон? Заўважалі сачэнне ў доме, на працы?

– Я памятаю, што менавіта напярэдадні сустрэчы, калі ты ідзеш на справаздачу або нейкае мерапрыемства, дзе будзе прысутнічаць Лукашэнка, было абсалютнае адчуванне таго, што ідзе спецыяльная фіксацыя ўсіх тваіх размоваў, усіх тваіх перамяшчэнняў, кантактаў. У маім доме былі проста закладкі, якія фіксавалі фактычна ўсе размовы. Таксама ў машыне, у службовай машыне. Кожны міністр павінен разумець: у іх хатах, дамах, у машынах, у кабінетах ёсць усё абсталяванне для праслухоўвання.

– Як вы заўважылі праслухоўванне на працы?

– Я памятаю нават, калі я пачаў працаваць у Польшчы, у старым будынку амбасады, і мы пазней пераязджалі, там было драўлянае аздабленне. Мы планавалі гэтае драўлянае аздабленне перанесці ў новую амбасаду, што мы зрабілі ў выніку. Але калі разбіралі гэтае драўлянае аздабленне, саветнік па бяспецы папрасіў усіх выйсці з гэтага пакою – з кабінету пасла. І я разумею, што ён там забраў менавіта абсталяванне для праслухоўвання размоваў пасла. Усе паслы за мяжой гэта разумеюць.

Інтэрв’ю
Як спецслужбы сочаць за людзьмі? Распавядае генерал-маёр СБУ
2022.02.18 10:30

АМ belsat.eu

Стужка навінаў