Беларус, якога затрымалі ў Арменіі па запыце беларускіх уладаў, папрасіў палітычны прытулак


Беларус Яраслаў Новікаў, якога затрымалі ў Арменіі 2 лютага, бо ён знаходзіўся ў крымінальным вышуку СНД, звярнуўся да армянскіх уладаў з просьбай аб палітычным прытулку, піша «Радыё Свабода».

Арменія. Від на гару Арарат. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: IRAKLI GEDENIDZE / Reuters / Forum

Армянскі суд 4 лютага прыняў рашэнне ўзяць Яраслава Новікава пад варту на 40 дзён.

Праўнік Хельсінкскай асацыяцыі ў Арменіі Араік Папік’ян, які прадстаўляе інтарэсы грамадзяніна Беларусі, паведаміў выданню, што ў Яраслава Новікава «усё нармальна, ніякіх праблемаў няма».

«Мы параіліся, і ён ужо падаў заяву аб наданні палітычнага прытулку, таму што ёсць сур’ёзныя асцярогі аб ягоным пераследзе ў выпадку перадачы Беларусі і новых абвінавачаннях», – паведаміў журналістам Араік Папік’ян.

З ягоных словаў, Новікаў выканаў усе неабходныя працэдурныя патрабаванні армянскага заканадаўства аб звароце па палітычны прытулак. Юрыст таксама паведаміў, што 8 лютага будзе падаваць апеляцыйную скаргу на рашэнне суду першай інстанцыі – арышце беларуса на 40 содняў.

Яраслаў Новікаў – грамадзянін Беларусі. Яго затрымалі, калі ён хацеў пераехаць у Арменію з Грузіі, каб паспрабаваць атрымаць там візу і дабрацца да Балгарыі. Прычынай затрымання было тое, што Новікаў знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку СНД як абвінавачаны ва ўхіленні ад вайсковай службы.

У Беларусі на Яраслава заведзеная крымінальная справа.

Беларусаў затрымлівалі ў Арменіі і раней – летась і пазалетась. Усякі раз такія затрыманні адбываліся на мяжы з Грузіяй, калі нашыя суайчыннікі спрабавалі трапіць у Арменію. У студзені 2023 года Генпракуратура РБ паведамляла, што Арменія перадала беларускім уладам аднаго затрыманага, якога таксама вінавацілі ва ўхіленні ад службы.

Разбор
Адкуль могуць дэпартаваць і экстрадаваць у Беларусь на палітычны запыт, а дзе бяспечна
2024.02.04 14:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў