Рэжысёр Андрэй Курэйчык паказаў бэкстэйдж серыялу пра Акрэсціна – сацсеткі абурыліся


Беларускі рэжысёр Андрэй Курэйчык апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook бэкстэйдж са здымак серыялу «Акрэсціна», у якім паказана сцэна расстрэлу зняволеных. Серыял здымаецца сумесна з медыйным праектам «Маланка».

У адказ на відэа карыстальнікі сацсетак раскрытыкавалі відэа, а рэжысёру прыйшлося тлумачыць, што гэта толькі кадры з серыялу, а не трэйлер.

У студзені 2022 года Курэйчык абʼявіў пра здымкі серыялу, які «будзе складацца з гісторый і ахопіць перыяд з мая 2020 года», а таксама пакажа гісторыі, заснаваныя на рэальных падзеях. Здымкі праходзяць у Літве ў Лукішскай турме. На мінулых выходных, 5 лютага, рэжысёр апублікаваў відэа, дзе паказаная сцэна расстрэлу людзей у турме, чаго ў рэальнасці не было. Гэта выклікала гнеўную рэакцыю ў людзей.

Так, Ганна Севярынец выказалася ў каментарах, што такое кіно «горш за Азаронка»:

«Тое, што я бачу ў кадрах гэтага рэкламнага відэа, амаральнае і антымастацкае відовішча. Здымаць такія коміксы ў час, калі людзі рэальна, а не па-кіношнаму, пакутуюць на Акрэсціна, гэта горш за Азаронка, бо той хаця б шчыра верыць у тое, што робіць, а тут голы хайп на крыві. За сцэну расстрэлаў стваральнікам фільма асобны прывет. Вы хаця б чыталі, як расстрэльваюць у турмах? Пачытайце. Можа, стане сорамна перад памяццю тых, каго стралялі».

Пасля гэтага Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала запіс, у якім падрабязней раскрытыкавала кадры з серыялу:

«Навошта здымаць пра тое, чаго не было (расстрэлы)? Каб пасля лукашэнкаўцы казалі, што наогул нічога не было і ўсё мастацкая выдумка», — напісаў эканаміст Леў Львоўскі.

Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская таксама выказала наконт серыялу: «Я ў шоку. Думала, што гэта застанецца на стадыі «ідэі», але не. Андрэй Курэйчык здымае мастацкі серыял «Акрэсціна». Каму вайна, каму маці родная».

Кінакрытык Ірэна Кацяловіч выказалася так: «Шкада, што інстытут рэпутацыі не працуе такім чынам, каб у Андрэя Курэйчыка не з’яўляліся грошы на чарговае нізкасортнае кіно, тым больш пра рваную рану Акрэсціна».

Праз пару дзён пасля паказу відэа ў адказ на крытыку да ягонага серыялу «Акрэсціна» рэжысёр напісаў: «Калі нават бэкстэйдж са здымак, калі здымаўся кашмар героя, выклікаў такую буру – уяўляю, што будзе, калі выйдзе фільм».

Аднак у адказ на гэты пост людзі таксама пачалі абурацца. Так, Вольга Быкоўская напісала: «Што не кажы, а тызер няўдалы. Можна было і па іншаму прыцягнуць увагу да фільма, не так прама і траўматычна для часткі аўдыторыі. Але вынік цікавы. Я чакаю мастацкага асэнсаваненя падзеяў».

Пасля такой крытыкі Андрэй Курэйчык распавёў некалькім беларускім СМІ, што гаворка ідзе не пра тызер, а пра бэкстэйдж, а кадраў самога фільму там няма. Таксама рэжысёр распавёў, што сцэна расстрэлу на Акрэсціна – гэта кашмарны сон аднаго з герояў.

Культурны рэпарцёр
Філосафы і фільммэйкеры пра жаночы супраціў
2022.02.05 15:53

АД belsat.eu

Стужка навінаў